Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторык Зьміцер Дрозд стварыў агульны пошук рэпрэсаваных — у ім 50 базаў зьвестак


Ілюстрацыйнае фота. «Віртуальны музэй савецкіх рэпрэсій у Беларусі», дзе былі сабраныя фота растраляных, дакумэнты рэабілітаваных і сьведчаньні тых, хто выжыў у Гулагу). Менск, 3 сьнежня 2015 году
Ілюстрацыйнае фота. «Віртуальны музэй савецкіх рэпрэсій у Беларусі», дзе былі сабраныя фота растраляных, дакумэнты рэабілітаваных і сьведчаньні тых, хто выжыў у Гулагу). Менск, 3 сьнежня 2015 году

На сайце Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру запрацаваў пошук рэпрэсаваных, што ахоплівае больш як 50 спэцыялізаваных сайтаў, на якіх знаходзяцца сьпісы, базы зьвестак, кнігі памяці або ёсьць любая іншая інфармацыя пра пацярпелых ад камуністычнага рэжыму.

Праграма створаная так, што шукаць можна па прозьвішчы, населеным пункце, лягеры, нацыянальнасьці і артыкуле, паводле якога чалавека рэпрэсавалі.

Электронны пошук стварыў гісторык Зьміцер Дрозд. Кажа, што зрабіў гэта, бо сутыкнуўся зь нязручнасьцямі падчас пошуку зьвестак пра рэпрэсаваных сваякоў:

Зьміцер Дрозд
Зьміцер Дрозд

«Я стварыў гэтую базу зьвестак, бо толькі ў маёй сям’і вельмі шмат рэпрэсаваных. А шукаць па розных базах і сьпісах нязручна. Таму нарадзілася ідэя зьвесьці ўсе базы ў адну і стварыць просты пошук. Калі будуць новыя крыніцы інфармацыі пра рэпрэсаваных, іх можна будзе дадаваць у пошук. Пакуль база ахоплівае каля 50 крыніц, сярод якіх, напрыклад, „Картатэка Сталіна“, падрыхтаваная Радыё Свабода, база зьвестак на сайце Леаніда Маракова, сьпіс рэпрэсаваных праекту „Мэмарыял“ і шэраг іншых. На сёньня гэта самы ўсёахопны пошук рэпрэсаваных», — сказаў Свабодзе аўтар праекту гісторык Зьміцер Дрозд.

Зьміцер Дрозд кажа, што ўсе базы, якія ёсьць у інтэрнэце, вельмі няпоўныя, таму зьвесткі пра некаторых рэпрэсаваных захоўваюцца толькі ў сем’ях:

«У іх ня трапіла вялізная колькасьць асобаў, якія не былі рэабілітаваныя. Таму што за савецкім часам рэабілітавалі ў асноўным тых, хто праходзіў па артыкуле „контррэвалюцыйная дзейнасьць“. А вялізная колькасьць тых, хто быў проста раскулачаны ў адміністрацыйным парадку і высланы ў Сыбір, ня трапіла ні ў якія сьпісы. Толькі ў Беларусі такіх асобаў было каля 300 тысяч. Атрымліваецца, што толькі ў сем’ях людзі маглі ведаць, што іх сваякоў рэпрэсавалі. Гэта адказ на пытаньне, чаму ня ўсіх можна знайсьці ў базах рэпрэсаваных. А таксама сьведчаньне таго, што сотні тысяч людзей, што былі рэпрэсаваныя, не рэабілітаваныя да гэтага часу».

Гісторык раіць не спыняць пошуку ў выпадку, калі вы знайшлі прозьвішча свайго сваяка ў базе. Далей можна даслаць запыт у КДБ і атрымаць усе зьвесткі ў ягонай справе:

«Заняцца пошукам рэпрэсаваных сваякоў — абавязак кожнага чалавека. І ні ў якім разе нельга спыняцца, калі імя знойдзенае ў базе зьвестак, таму што там толькі маленькая вытрымка са справы. А калі прыходзіш у архіў КДБ і знаёмісься са справай цалкам, калі бачыш, як гэтыя справы ствараліся, за што быў рэпрэсаваны твой сваяк, — гэта выклікае вельмі шмат эмоцыяў. Чалавек мог сказаць толькі адно слова — і праз два-тры месяцы яго магло ня стаць. Суды адбываліся вельмі хутка. Таму, калі знайшлі імя, гэта толькі старт. Спасылаючыся на інфармацыю з базы зьвестак, можна напісаць запыт у архіў КДБ і запатрабаваць дакумэнты справы. Калі рэпрэсаваны чалавек — ваш сваяк, то такія зьвесткі КДБ мусіць прадаставіць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG