Галоўнае пытаньне, якое ўзьнікла паміж першым і другім чытаньнямі — ці патрэбна сьведку афіцыйна даваць права на адваката?
Дэпутат Адам Кавалька, які выступаў перад калегамі, абгрунтаваў, чаму такая норма павінная быць унесеная ў заканадаўства. Ён сказаў, што працоўная група тройчы абмяркоўвала гэта. Прыводзілася шмат прыкладаў, калі сьведка праз хваляваньне ці зь нейкіх іншых прычын блытаўся, скажаў сытуацыю і пераходзіў з катэгорыі сьведкі ў статус абвінавачанага. А калі б чалавек кансультаваўся з адвакатам, то падобных калізіяў не ўзьнікала б. Дэпутаты падтрымалі гэтую думку і прагаласавалі за ўвядзеньне права на адваката ў заканадаўства.
Што можа зрабіць адвакат сьведкі?
У адпаведнасьці са зьменамі ў заканадаўстве, адвакат можа:
- Задаваць пытаньні сьведку, якому ён дапамагае.
- Заяўляць адвод перакладчыку, які ўдзельнічае ў допыце сьведкі.
- Знаёміцца з пратаколамі працэсуальных дзеяньняў, пры правядзеньні якіх ён дапамагаў сьведку, і ўносіць пісьмовыя заўвагі наконт правільнасьці і паўнаты запісаў у судовых пратаколах.
- Знаёміцца з запісам у пратаколе судовага паседжаньня, паказаньнямі сьведкі.
Разам з тым для сьведак і адваката вызначаюцца «абавязкі і адказнасьць за выдаваньне зьвестак папярэдняга расьсьледаваньня альбо закрытага судовага паседжаньня без дазволу органа, які вядзе крымінальны працэс».
«Я думаю, што мы такім чынам ліквідавалі прававы прабел», — сказаў журналістам Адам Кавалька.