Сваю ідэю ў звароце да мясцовых уладаў яны абгрунтоўваюць наступным: праца Матыяса Цюнта «Сапраўдная выява Горадні ў Літве», надрукаваная ў 1568 годзе ў Нюрнбэргу, зрабіла горад вядомым на агульнаэўрапэйскім узроўні.
Знакамітая гравюра адной зь першых расказала пра малавядомы рэгіён Усходняй Эўропы. У прыватнасьці, на ёй адлюстраваныя падзеі ліпеня 1567 году, калі Горадня стала месцам сустрэчы замежных паслоў.
З гэтай прычыны журналісты прапануюць папулярызаваць гравюру як гарадзкі брэнд і замацаваць яе ў культурнай прасторы гораду.
Рэдактар сайту Аляксей Шота нагадвае: у 2018-м твору споўніцца 450 гадоў, менавіта тады быў упершыню намаляваны і аддрукаваны на гравюры беларускі горад.
Шота і ягоныя калегі перакананыя, што рэалізацыя ідэі паспрыяе росту турыстычнага іміджу Горадні і палепшыць яе прывабнасьць сярод наведнікаў.
Для ажыцьцяўленьня ідэі гарадзкім уладам прапануецца зрабіць шэраг рэальных крокаў.
- Устанавіць на агляднай пляцоўцы на вуліцы Дарвіна інфармацыйныя стэнды з выявамі гістарычных панарамаў Горадні, у тым ліку і гравюры 1567 году.
- Стварыць буйнафарматную выяву-копію гравюры на сьцяне будынка ў гістарычным цэнтры. Правесьці вулічнае анімаванае шэсьце ці гістарычную рэканструкцыю «Сустрэча пасольстваў» паводле сюжэту гравюры.
- Арганізаваць выставу, прысьвечаную адлюстраваньню Горадні на эўрапейскіх гравюрах, у тым ліку экспанаваньне арыгіналу працы 1567 году.
Сёньня вядома некалькі экзэмпляраў гравюры, адзін зь іх захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве, пяць гадоў таму асобнік набыла Нацыянальнай бібліятэка Беларусі.
Гарадзкія ўлады на ініцыятыву Hrodna.life пакуль не адрэагавалі. Тым ня менш журналісты спрабуюць знайсьці фундатараў для рэалізацыі сваёй ідэі сярод прыватнага бізнэсу.
Імпрэзу прапануецца правесьці падчас Фэстывалю нацыянальных культур у 2018 годзе.