Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Арыентаваўся на мову дзеда». Навошта навуковец пераклаў Новы Запавет на заходнепалескі дыялект


Фёдар Клімчук
Фёдар Клімчук

Больш за 13 гадоў Фёдар Клімчук працаваў над перакладам Новага Запавету на заходнепалескі дыялект. Выдаў яго накладам 200 асобнікаў, распаўсюджвае сярод знаёмых. Цяпер Фёдару Клімчуку 82 гады.

У інтэрвію Свабодзе ён расказвае, на якой мове размаўлялі ў Менску 1950-х гадоў і як на ягоны пераклад адрэагавалі вернікі РПЦ.​

«У дзяцінстве здавалася, што ва ўсім сьвеце гавораць так, як мы»

«Я ў вёсцы Сіманавічы нарадзіўся, у 1935 годзе. Драгічынскі раён, Брэсцкая вобласьць. У дзяцінстве мне здавалася, што ва ўсім сьвеце гавораць так, як мы. Там у нас у вёсках па-рознаму. У адных гаворка амаль не адрозьніваецца, у іншых ёсьць свае асаблівасьці. Вядома, што ведалі, хто дзе як гаворыць. Свае асаблівасьці былі, але каб мы гэта лічылі дыялектам, то не. Ніхто ня ведаў тады, што гэта такое — дыялект.

На чатырох мовах мяне навучылі чытаць бацькі. Не гаварыць, а чытаць

На чатырох мовах мяне навучылі чытаць бацькі. Не гаварыць, а чытаць. Яшчэ да таго, як я пайшоў у школу. Гэта былі руская, беларуская, украінская і польская. Гаварыць на ўсіх гэтых мовах я, вядома, ня мог. А вось чытаць — так. Бацькі думалі, што яны мне могуць спатрэбіцца. У нас жа тут усе гэтыя мовы сутыкаюцца. Таму вось так. Па-польску ў мяне была кніга „Прырода“, яе сястра стрыечная падаравала. Школьны падручнік. Руская кніга — „Буквар“ у мяне быў. Беларуская — „Чырвоныя зорачкі“. Таксама падручнік. Для другой клясы, відаць. Украінская была такая кніжачка „Пятрусь-шкода“. Пра паход запароскіх казакоў, такая тоненькая кніжачка.

У школу я пайшоў яшчэ пры немцах, нас па-ўкраінску вучылі. Потым быў год бяз школы. А потым, ну што — я ўжо ведаў мовы, адрозьніваў іх. Бацька мне задачнік купіў па-беларуску. Але цяжэй за іншыя мне польская давалася. Я яе прызабыўся, а ў шостай клясе, каб лепш ведаць, зноў пачаў чытаць па-польску. Дагэтуль памятаю, што гаварыў: «Зьвёнзэк соцыялістычных рэспублік рад». А трэба было — «радзецкіх». Бацька папраўляў мяне.

Навошта навуковец пераклаў Новы Запавет на заходнепалескі дыялект
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:29 0:00

Зь пятай па адзінаццатую клясу я вучыўся ў Драгічыне. Там ужо мы па-руску маглі размаўляць. Ну як па-руску... Брэсцкі варыянт рускай мовы. Памятаю, неяк быў на канфэрэнцыі ў Зьвянігарадзе, дык там адмыслова выходзіў паслухаць, як мясцовыя па-руску гавораць. А на Берасьцейшчыне якая руская... Яна тут бедная.

Раней дыялекты забіваліся. Па радыё, па тэлебачаньні казалі, што дыялекты — гэта брыдка

Раней дыялекты забіваліся. Па радыё, па тэлебачаньні казалі, што дыялекты — гэта брыдка. Убівалася такое ў галаву. У школе таксама. Сваю гаворку толькі старэйшыя людзі цанілі. Яны былі ў захапленьні. А мяне падштурхнуў да свайго дыялекту выпадак у дзявятай клясе. Нам расказвалі пра рускія быліны. І мяне тады стукнула — а чым горшыя нашы вясельныя песьні? Само па сабе яно неяк прыйшло. Настаўнікам я нічога не сказаў, але ў сваёй галаве засталося. Такую выснову я зрабіў, што нашы песьні ня горшыя. І з таго пачалася цікавасьць да гаворкі».

«У 50-я гады дыялекты можна было пачуць у кожным райцэнтры»

«Я нешта пачаў запісваць патроху. Але на што я здатны адзін? А потым паехаў вучыцца ў Пінскі настаўніцкі інстытут на гістарычны факультэт. 1952–1954 гады, такая няпоўная вышэйшая адукацыя. Там я зь філёлягамі пазнаёміўся, літаратуру па дыялекталёгіі перачытваў. Па рускай — па беларускай тады яшчэ не было.

Тады, у 50-я гады, на дыялектах паўсюль размаўлялі. Ва ўсіх райцэнтрах можна было пачуць. А ў Берасьці ўжо ня так. Трэцяя частка людзей прыкладна толькі гаварыла на дыялектах. Ідзеш па Берасьці і чуеш, як людзі гавораць, адкуль яны. Цяпер такога няма ўжо. Хіба дома хто гаворыць толькі. Дый у раённых цэнтрах ужо прайшло.

У Менск я першы раз прыехаў у 1958 годзе. Ужо меў 33 гады. Напісаў ліст у Акадэмію навук, пытаўся ў іх, якія ў нас ёсьць гаворкі, наколькі яны вывучаныя. І мне адказ прыйшоў. Нешта адказалі, расказалі. А яшчэ параілі самому заняцца. Мяне гэта акрыліла — я ўжо навуковец. Мне праграму далі для вывучэньня. У экспэдыцыю запрасілі мяне, у Гомельскую вобласьць. Мы былі ў Мазырскім і Калінкавіцкім раёнах. Там ужо моцна адрозьніваліся гаворкі ад нашых.

А Менск мяне тады ўразіў беларускасьцю

А Менск мяне тады ўразіў беларускасьцю. Людзі па-беларуску гаварылі. У канцылярыях, у дзіцячых садках па-руску было ўсё. Дзяцей па-руску вучылі. А на вуліцах вясковая мясцовая мова панавала. Мяне ўразіла гэта. У Берасьці такога не было. 75% людзей у Менску гаварылі па-беларуску.

Я цяпер рэдка бываю на малой радзіме. Але тыя, хто там застаўся, яны па-ранейшаму на сваёй гаворцы размаўляюць. Як у маім дзяцінстве, нічога не зьмянілася. Калі ў Менску сустрэну земляка, то па-свойму гаворым. Назвы для дыялекту нашага няма. «Нашы люды» — кажам. І размаўляем па-свойму. Вы калі да нас туды прыедзеце, то ўсе адразу зразумеюць, што не мясцовы. Зразумеюць, што вы ім скажаце, але будзе відаць, што чужы... А вось ці вы зразумееце ўсё, што вам скажуць, то я ня ведаю. Адзін менскі філёляг, калі першы раз трапіў у Драгічынскі раён у экспэдыцыю, расказваў, што тры дні нічога не разумеў. Потым толькі пачаў, як прывык.

Я з Талстым пазнаёміўся. Мікіта Ільіч. Гэта праўнук таго Талстога, ён узначальваў палескія экспэдыцыі. І ён мне сёе-тое пачаў расказваць. Пра тое, што існуюць творы на гаворках, літаратуры нават на гаворках. Называецца гэта літаратурная мікрамова. Вось так я даведаўся, што і на дыялекты можна перакладаць.

Калі пачаў перакладаць на нашу гаворку тэксты, то не расказваў асабліва нікому аб гэтым. Робіш нешта і робіш, навошта расказваць? Пачынаў з «Казакоў» Талстога. Пераклаў сем частак, на больш моцы не хапіла. Гамэра пераклаў, першую песьню. З грэчаскай, бо я тады грэчаскай больш-менш займаўся. «Слова пра паход Ігаравы». Іларыёна, але гэта ня поўнасьцю. «Страшная помста» Гогаля, дробныя нейкія пераклады рабіў.

Пераклады — гэта каб захаваць гаворку. Яна ж разбураецца

Усе гэтыя пераклады — не для тых людзей, якія працягваюць размаўляць на дыялекце. Яны што, не зразумеюць па-руску? Зразумеюць. Пераклады — гэта каб захаваць гаворку. Яна ж разбураецца. А калі будзе пераклад, то яна захаваецца. Хай сабе будзе 200 асобнікаў, хоць і гэта шмат лічыцца. Каб захаваць».

«Прачытаў пераклад бацькам. Яны паслухалі і кажуць — «Гэта не па-нашаму».

«Чаму Эвангельле выбраў? Ну так, бо лічыцца, што гэта падвышае статус мовы. Спачатку на грэчаскай былі, затым на царкоўнаславянскай. Пазьней ужо на іншыя пераклалі. Гэта прэстыж для гаворкі.

Перакладаючы, я час ад часу кансультаваўся з бацькамі. Напачатку асабліва, калі толькі пачынаў перакладаць. Памятаю, як «Казакоў» бацькам чытаў. Сабраліся, паслухалі і сказалі — гэта не па-нашаму. Хоць я даслоўна перакладаў усё. Але яны ўсё адно — не па-нашаму. Мы так не гаворым. Тады я зразумеў, што можна перастаўляць нешта, замяняць, выкідаць словы. Каб гучала натуральна. Цяжка было гэта рабіць.

Калі пачынаў пераклад Эвангельля, то думаў, што будзе дастаткова рускага тэксту. А аказалася, што не

Калі пачынаў пераклад Эвангельля, то думаў, што будзе дастаткова рускага тэксту. А аказалася, што не. Руская мова вельмі адрозьніваецца ад нашай. Прыйшлося ўзяць яшчэ беларускі і ўкраінскі тэксты. Гэтымі трыма ў асноўным кіраваўся, нават ня ведаю, на які больш глядзеў. Рускі больш традыцыі мае, іншыя бліжэйшыя да мовы. Але ў выніку я яшчэ і польскі ўзяў, і царкоўнаславянскі. Праглядаў іх усе і выбіраў больш адпаведны варыянт.

Людзі думаюць, што пераклад — гэта сесьці, і пакуль галава працуе, не расколецца. Нічога такога. Я перакладаў невялічкімі часткамі. Кавалачкамі. Гэта як адпачынак быў. З Іаана, па-мойму, я пачаў. Пераклаў, пачытаў, кінуў. Не спадабалася мне. Доўгі час прайшоў, пакуль я вярнуўся да гэтай справы. Узяўся за іншы кавалак, потым вярнуўся да Іаана.

Ведаеце, тут нельга так узяць і перакласьці адразу. Трэба перакінуцца ў той час, на тую тэрыторыю, у Палестыну, у пачатак новай эры. Потым — у пачатак ХХ стагодзьдзя, да свайго дзядулі. Я ўяўляў, што гэта ня я перакладаю, а ён. Тэкст павінен быў быць падобны на яго мову, бо нават у бацькоў яна ўжо была сапсаваная. Я арыентаваўся на мову свайго дзеда.

Я арыентаваўся на мову свайго дзеда

Пераклад мне параілі занесьці ў адзін царкоўны кіёск. Я калі яго паказаў прадавачцы, то яна скрывілася так, што як быццам яе па твары лязом брытвы рэзнулі. «Мы толькі маскоўскі прымаем. Толькі маскоўскі», — кажа. Не захацелі ўзяць. Але людзі бралі сабе, калі нехта нейкім чынам даведваўся. Людзі цікавіліся. Гаварылі, што лягчэй разумець, чым літаратурную. Маса ёсьць людзей, якія дыялектамі цікавяцца. З канфэсій найбольш баптысты цікавяцца. Адзін навуковец-баск зацікавіўся, экзэмпляраў 10 узяў. Ён працуе над тэмай заходнепалескіх гаворак ва ўнівэрсытэце ў Лёндане. Адзін бацюшка зацікавіўся з Драгічына, уніяты таксама".

Украінскія гэта дыялекты альбо беларускія? Тут больш палітыкі, чым навукі

Украінскія гэта дыялекты альбо беларускія? Тут больш палітыкі, чым навукі. Мяжу правялі, і што на Валыні гавораць — гэта па-ўкраінску, што на Гомельшчыне — гэта па-беларуску, што на Браншчыне — па-руску. Палітыка гэта ўсё. Яно ж па-рознаму зусім бывае. Заходнябранскія гаворкі могуць больш па-беларуску гучаць, чым тыя, на якіх гавораць ля Мсьціслава.

Дыялекты памруць. Я думаю, іх не застанецца. Толькі ў маіх перакладах".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG