Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кар’ера Міхэіла Саакашвілі: ад прэзыдэнта ў Грузіі да лавы падсудных ва Ўкраіне?


Міхэіл Саакашвілі
Міхэіл Саакашвілі

Сёньня сьледчыя Генэральнай пракуратуры Ўкраіны а 9.00 плянуюць дапытаць Міхэіла Саакашвілі ў справе аб спрыяньні ўдзельнікам злачыннай арганізацыі і іх фінансаваньні. Гэтыя дзеяньні, згодна з Крымінальным кодэксам Украіны, караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў.

Паводле Генпракуратуры, грузінскі палітык, які за агрэсіўную крытыку атачэньня Пятра Парашэнкі пазбавіўся ня толькі пасады кіраўніка Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі (у 2016 годзе), а і ўкраінскага грамадзянства (у 2017-м), браў грошы ў беглага алігарха з атачэньня Януковіча Сяргея Курчанкі, каб паваліць цяперашнюю ўладу ва Ўкраіне.

Грузінскі міт ва Ўкраіне: адстаўка Саакашвілі — пачатак ці канец ягонай кар’еры

«Помста ўлады», «палітычны тэрор», «расправа», «крамлёўскі рэванш», «расейская зіма». Такія эпітэты выкарыстоўвалі ўкраінскія палітыкі, характарызуючы сытуацыю зь Міхэілам Саакашвілі, якога два гады таму запрасілі ва Ўкраіну для ажыцьцяўленьня рэформаў пасьля Рэвалюцыі годнасьці, а цяпер пачалі перасьлед за супрацу нібыта з прадстаўнікамі так званай «сям’і» Віктара Януковіча.

Хто такі Курчанка?

Сяргея Курчанку, ад якога Міхэіл Саакашвілі нібыта атрымаў паўмільёна даляраў і плянаваў штурм парлямэнту, называюць ва Ўкраіне адным з галоўных фінансістаў былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча.

Сяргей Курчанка
Сяргей Курчанка

У кастрычніку 2014 году супраць яго было адкрыта 11 крымінальных спраў, а паводле адной зь іх яму выстаўлена абвінавачаньне ў стварэньні і непасрэдным кіраўніцтве «злачыннай арганізацыяй, дзейнасьць якой нанесла ўрон дзяржаве ў нафтагазавай і банкаўскай сфэры» на агульную суму каля 5 мільярдаў грыўняў (цяпер гэта прыкладна 200 мільёнаў даляраў у эквіваленце).

Паводле сьледзтва, Сяргей Курчанка распрацаваў схему продажу нафтапрадуктаў на падставе фіктыўнага рээкспарту і такім чынам узбагачаўся сам і ўзбагачаў «сям’ю Януковіча». Але справа пакуль не даведзеная да суду, а сам бізнэсмэн уцёк у Расею, дзе атрымаў расейскае грамадзянства і куды перавёз увесь свой бізнэс.

Пракуратура новая — мэтады старыя

Напярэдадні Генэральная пракуратура Ўкраіны абнародавала запісы тэлефонных размоў, падчас якіх Саакашвілі ды Курчанка нібыта абмяркоўвалі магчымую схему супрацы.

«Калі ўсе запісы Курчанкі — Саакашвілі акажуцца сапраўднымі, можна казаць, што апэрацыю СБУ правяла бліскучую. Размах апэрацыі „руская зіма“, пра якую гаворыць Юры Луцэнка, выглядае занадта маштабна, каб яе мог арганізаваць такі дробны махляр, як Сяргей Курчанка. Такога ўзроўню апэрацыі пад сілу толькі нешматлікім спэцслужбам у сьвеце. І зразумела, што гаворка аб расейскіх. У любым выпадку факты, якія прывёў Луцэнка, проста жахлівыя. І на гэтым скончыцца не адна палітычная кар’ера ў краіне», — мяркуе палітоляг Тарас Беразавец.

Народны дэпутат Мустафа Наем, які падтрымліваў Міхэіла Саакашвілі пасьля пазбаўленьня яго ўкраінскага грамадзянства, цяпер патрабуе ад палітыка і ягонай каманды вычарпальных адказаў, асабліва ва ўмовах, калі фактычна ідзе вайна з Расеяю.

«Адмоўчвацца на абвінавачваньні, выстаўленыя сёньня пракурорам, ня выйсьце. Цалкам магчыма, што матэрыялы, апублікаваныя Юрыем Луцэнкам, сфабрыкаваныя. Але „фінансаваньне Курчанкам“ — гэта той выпадак, калі ня хочацца строіць здагадкі», — кажа дэпутат.

Міхэіл Саакашвілі адрэагаваў прагназавана:

«Я ўвогуле ня ведаю, хто такі Курчанка. Я зь ім ня меў дачыненьняў, я ня ведаю, як ён выглядае, і ў мяне няма нічога агульнага [зь ім]. Я ведаю Пуціна, маглі б зрабіць маё аўдыё з Пуціным».

Пасьля крывавага Майдану ўкраінскае грамадзтва ўжо мала што можа прабачыць палітыкам, і тым больш калі размова ідзе пра супрацу з адыёзнымі прадстаўнікамі мінулай улады. Але і сьледзтва таксама вымушанае будзе давесьці, што доказы не сфальсыфікаваныя і перасьлед Міхэіла Саакашвілі ня ёсьць палітычным.

Канкурэнт з 2 адсоткамі падтрымкі

За тыдзень да гэтых падзеяў чатыры ўплывовыя ўкраінскія сацыялягічныя кампаніі абнародавалі вынікі супольнага апытаньня. Паводле вынікаў, толькі каля 2 адсоткаў грамадзян гатовыя прагаласаваць за «Рух новых сіл» Міхэіла Саакашвілі на парлямэнцкіх выбарах, што недастаткова для праходжаньня ў Вярхоўную Раду. У той жа час праўладны «Народны фронт» Арсенія Яцанюка мае яшчэ менш шансаў з 0,8 % падтрымкі.

Адначасова сацыялёгі вымяралі і ўзровень пратэставых настрояў, а таксама падтрымкі акцыі, што трывае пад парлямэнтам з 17 кастрычніка пад ідэйным кіраўніцтвам Міхэіла Саакашвілі. За правядзеньне новага Майдану выказаліся 31,7 адсотка рэспандэнтаў, супраць — 59,9 адсотка. Пры гэтым толькі 21,2 адсотка рэспандэнтаў паведамілі пра падтрымку акцыі пратэсту каля Вярхоўнай Рады, і 57,5 яе не падтрымліваюць.

Міхэіл Саакашвілі падчас аднаго з пратэстаў каля Вярхоўнай Рады. Кіеў, 7 лістапада 2017 году
Міхэіл Саакашвілі падчас аднаго з пратэстаў каля Вярхоўнай Рады. Кіеў, 7 лістапада 2017 году

У прэзыдэнцкім рэйтынгу прозьвішча Міхэіла Саакашвілі не фігуруе — згодна з нацыянальным заканадаўствам, у выбарах кіраўніка дзяржавы могуць браць удзел толькі грамадзяне Ўкраіны. Тым больш што цяпер былы кіраўнік Адэскай вобласьці стаў апартыдам — асобай без грамадзянства ў статусе, як сказаў генэральны пракурор Юры Луцэнка, «уцекача з-пад варты».

Пэрспэктывы лёсу Міхэіла

Генэральная пракуратура будзе хадайнічаць пра арышт Міхэіла Саакашвілі. Праўда, пакуль канчатковага рашэньня няма — прасіць суд пра ягоны кругласутачны хатні арышт, як плянавалася да ўцёкаў ад сьледчых, ці пра варту ў сьледчым ізалятары. Але ўжо сёньня адпаведнае рашэньне мае ўхваліць кіеўскі суд.

Адвакаты Міхэіла Саакашвілі зьвярнулі ўвагу на супадзеньне ягонага затрыманьня ва Ўкраіне і актывізацыі спраў супраць яго ў Грузіі. Бека Басілія, які абараняе інтарэсы Саакашвілі ў грузінскім судзе, паведаміў, што цяпер у паскораным тэмпе суды разглядаюць справы аб перавышэньні службовых паўнамоцтваў, а пракуратура заявіла, што да канца сьнежня будзе вынесены прысуд.

Міхэіл Саакашвілі
Міхэіл Саакашвілі

У той жа час генпракурор Украіны Юры Луцэнка пакуль выключае магчымасьць дэпартацыі Саакашвілі ў Грузію:

«Цяпер размова ня йдзе аб дэпартацыі, цяпер размова ня йдзе аб экстрадыцыі, цяпер гаворка ідзе пра допыт, падазрэньне ва ўчыненьні асабліва цяжкага злачынства».

Украінская справа Міхэіла Саакашвілі можа стаць пэўным маркерам і ў дачыненьнях краіны зь міжнароднымі партнэрамі. У прадстаўніцтве Эўрапейскага Зьвязу ў Кіеве ўжо заявілі, што пільна сочаць за падзеямі:

«Мы спадзяёмся, што сьледзтва адбудзецца згодна з усімі патрабаваньнямі закону, і таксама заклікаем органы ўлады, каб не дайшло да парушэньня асноўных правоў спадара Саакашвілі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG