Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэстоўцы вызвалілі Саакашвілі з машыны праваахоўнікаў ў Кіеве


Міхэіл Саакашвілі сярод пратэстоўцаў. Кіеў, 5 сьнежня 2017 году
Міхэіл Саакашвілі сярод пратэстоўцаў. Кіеў, 5 сьнежня 2017 году

Пакуль генпракурор Украіны тлумачыў, у чым палягала «злачынная дзейнасьць Міхэіла Саакашвілі», прыхільнікі Саакашвілі пашкодзілі машыну, у якой везьлі затрыманага палітыка.

Генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка заяўляе, што атрымаў доказы фінансаваньня дзейнасьці Міхэіла Саакашвілі з боку перасьледаванага ва Ўкраіне бізнэсмэна Сяргея Курчанкі, прадстаўніка так званай «сям’і» былога прэзыдэнта Віктара Януковіча.

«Абнародую першую частку апэрацыі Генэральнай пракуратуры і Службы бясьпекі па зрыве пляну рэваншу пракрамлёўскіх сілаў ва Ўкраіне. Гэта тычыцца супрацоўніцтва шэрагу палітыкаў, у першую чаргу Саакашвілі, з чальцамі злачыннай групоўкі Януковіча, у першую чаргу зь Сяргеем Курчанкам, за грошы якога Саакашвілі і набліжаныя да яго асобы праводзілі фінансаваньне ініцыяваных імі акцый пратэсту, мэтай якіх быў захоп дзяржаўнай улады ва Ўкраіне», — заявіў Юры Луцэнка.

У Кіеве затрымалі Міхэіла Саакашвілі

Паводле Луцэнкі, у часе спэцыяльнай апэрацыі Генэральнай пракуратуры ды Службы бясьпекі Ўкраіны ўстаноўлена, што асоба, набліжаная да Міхэіла Сакаашвілі, са згоды апошняга зьвярнулася празь пасярэдніка да Сяргея Курчанкі з прапановай фінансаваць дзейнасьць Саакашвілі ў ягоных — Курчанкі — інтарэсах.

«Мы зафіксавалі атрыманьне з расейскага боку атачэньнем Саакашвілі каля паўмільёна даляраў», — сказаў Юры Луцэнка. Ён нагадаў, што Сяргей Курчанка хаваецца ў Маскве ад праваахоўных органаў Украіны.

Юры Луцэнка дадаў, што сьледчыя накіруюць у суд хадайніцтва аб арышце Міхэіла Саакашвілі. Паводле яго, адпаведнае паседжаньне суду адбудзецца заўтра.

Падчас брыфінгу Генэральная пракуратура прадэманстравала запісы тэлефонных размоў Міхэіла Саакашвілі, якія нібыта даводзяць ягоную ролю ў спробах «сям’і Януковіча» аднавіць кантроль над сваімі актывамі і вярнуцца да ўлады.

Праз пэўны час актывісты «Руху новых сіл» разьбілі вокны аўтамабіля, пракалолі шыны і вызвалілі Міхэіла Саакашвілі. Калёна на чале зь ім накіравалася спачатку на Майдан Незалежнасьці, а потым да будынку Вярхоўнай Рады. У парлямэнце ў другой палове дня са справаздачамі маюць выступіць кіраўнікі Генэральнай пракуратуры і сілавых органаў.

Ва Ўкраіне ў справе галоўнага фінансіста Януковіча затрыманы беларус

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG