Інваліднасьць часта ўспрымаецца ў Беларусі як прысуд — нешта кшталту хатняга арышту. Далёка не заўсёды інвалід па зроку зможа перайсьці дарогу, а вазочнік — нават выбрацца з дому. Бывае, што чалавека з інваліднасьцю могуць не заўважыць і «замураваць» у ягоным доме.
Пра людзей з інваліднасьцю кажуць «людзі з абмежаванымі магчымасьцямі». Але ёсьць нямала людзей з інваліднасьцю, якія, нягледзячы на абмежаваньні, робяць тое, на што, бывае, не знаходзяць сілаў цалкам здаровыя.
Вандроўнік
Аляксандар Аўдзевіч — хіба ня самы пазнавальны вазочнік у Беларусі. Ён прымушае чыноўнікаў рабіць пандусы і асфальтаваць дарогі, езьдзіць у падарожжы на тысячы кілямэтраў на «хэндбайку», у яго тысячы падпісчыкаў у сацыяльных сетках. Дзякуючы Аўдзевічу ў Беларусі зьявіліся першая «трэнажорка» для інвалідаў і першы інклюзіўны пляж.
Міс сусьвет
Аляксандра Чычыкава перамагла ў конкурсе «Міс сусьвет-2017 на інвалідным вазку» і марыць правесьці такі нацыянальны конкурс.
Гаспадар у хаце
Анатоль Ганько восем год таму страціў зрок і спадзяецца на апэрацыю, што магла б вярнуць яму магчымасьць бачыць. А тым часам жыве ў звычайнай вёсцы, вядзе гаспадарку, выхоўвае дзяцей.
Фотамадэль
Ангеліна Уэльская, нягледзячы на дзіцячы цэрэбральны параліч, мае кар’еру фотамадэлі, пазіруе для білбордаў і выходзіць на подыюмы модных паказаў.
Літаратар
Арамаіс Міракян — менскі літаратар, жыве з дыягназам ДЦП, піша мастацкую прозу, вершы і эсэ, навучаецца на вэб-журналіста ў БДУ і займаецца ў Школе маладога пісьменьніка, гаворыць шасьцю мовамі, перакладае з украінскай на беларускую, гадуе маленькую дачку.
Журналістка на вазку
Дар’і Ліс мае дыягназ «сьпінальна-мышачная атрафія», яна больш за 20 гадоў вымушаная перамяшчацца на інвалідным вазку. Але яна складае вершы і апавяданьні, піша зацемкі і эсэ для «Радыё Рацыя» і «Свободных новостей плюс», асвойвае новыя кампутарныя праграмы і сьветла ўсьміхаецца кожнаму дню. Летам беларусы сабралі для яе 15 тысяч рублёў на новы вазок з «гарызанталізатарам».
Паэт
Андрэй Гурбановіч з Кажан-Гарадку Лунінецкага раёну — інвалід зроку, які напісаў больш за 700 песень для самадзейных калектываў. Некаторыя яго творы, напісаныя «шрыфтам Брайля», нават называюць народнымі.
Праваабаронца
Сяргей Драздоўскі, праваабаронца і грамадзкі актывіст, у канцы чэрвеня пабраўся шлюбам. Маладая сям’я асаблівая тым, што Сяргей — інвалід-вазочнік, а яго жонка — звычайная дзяўчына безь фізычных абмежаваньняў. Нядаўна ён ледзь не застаўся без жытла, але адстаяў ва ўладаў права на пакой у інтэрнаце.
Рокер
Павал Канавальчык проста любіць наведваць канцэрты, хоць даводзіцца часьцей выбіраць бясплатныя, бо ён жыве на 220 рублёў на месяц. На адным з канцэртаў ён выпадкова трапіў у слэм, а натоўп падняў яго на руках разам з вазком. Панк-гурт «Дай дарогу!», які выступаў у той момант, заўважыў яго і падарыў бясплатны пажыцьцёвы праход на свае канцэрты на дзьве пэрсоны.
Бягун
Дзьмітры Цімашкоў дзесяць гадоў змагаецца за жыцьцё сваёй дачкі Лілі, якая пакутуе на цяжкую інваліднасьць. Ён кінуў бізнэс, заснаваў каманду «Крылы анёла», што дапамагае дзецям калі ня поўнасьцю інтэгравацца ў грамадзтва, дык максымальна разьвіць у іх фізычныя здольнасьці. З «Крыламі» дзеці бяруць удзелы ў масавых забегах на адмысловых вазках, для іх ладзяць і ўласныя старты.