Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьведка боем: нарвэскі нумар «ПрайдзіСьвету»


Сэрыя 10 раманаў Ю Нэсбё пра сьледчага Хары Холе
Сэрыя 10 раманаў Ю Нэсбё пра сьледчага Хары Холе

Прызнаюся бяз розгаў — апошні, нарвэскі нумар «ПрайдзіСьвету» (№ 19) моцна мяне зьбянтэжыў. І моцна парадаваў.

Пра зьбянтэжанасьць і пацеху

Спачатку пра зьбянтэжанасьць. У нумары прадстаўлены пераклады з 11 сучасных нарвэскіх аўтараў. Раней мне даводзілася чытаць рэчы толькі двух з гэтых пісьменьнікаў: Карла Увэ Кнаўсгара (Karl Ove Knausgård, нар. 1968) і Карла Фрудэ Тылера (Carl Frode Tiller, нар. 1970). І я яшчэ чуў пра трэцяга прысутнага ў нумары аўтара — Ары Бэна (Ari Behn, нар. 1972) — але хутчэй як пра мужа нарвэскай прынцэсы Марты Луізы, чым як пра пісьменьніка. А ўсе астатнія для мяне — белыя плямы: Ян Руар Лейквал (Jan Roar Leikvoll, 1974–2014), Томас Эспэдал (Tomas Espedal, нар. 1961), Арнэ Лігрэ (Arne Lygre, нар. 1968), Амаліе Касін Лерстанг (Amalie Kasin Lerstang, нар. 1988), Іда Хегазі Хёер (Ida Hegazi Høyer, нар. 1981), Гюнхільд Эехаўг (Gunnhild Øyehaug, нар. 1975), Аўдун Мортэнсэн (Audun Mortensen, нар. 1985), Лінда Клакен (Linda Klakken, нар. 1975).

Вось табе і на! А я ж лічыў сябе знаўцам нарвэскай літаратуры, на той падставе, што гадоў 15 таму пачаў вывучаць нарвэскую мову і даволі рэгулярна закупляць нарвэскія кнігі на сваю хатнюю паліцу…

З другога боку, нарвэскі нумар «ПрайдзіСьвету» (з паэтычнай назвай «Нарвэскі вецер») надзвычай мяне ўсьцешыў. Нарэшце пераклалі на беларускую нешта, чаго я ня тое што не чытаў раней, але і ня чуў пра яго!

Кнігі Ларса Собю Крыстэнсэна
Кнігі Ларса Собю Крыстэнсэна

Раней нечуванае

Магчыма, я памыляюся, але гэта ці ня першы яскравы выпадак у беларускім перакладчыцкім працэсе, калі робіцца такая «маштабная» прэзэнтацыя сучаснай літаратуры з Захаду паводле ўсіх цывілізаваных правілаў: дазвол на публікацыю ад аўтараў і выдавецтваў атрыманы; падборка зробленая высокакваліфікаваным літаратурным спэцыялістам (нарвэскім крытыкам Крыстыянам Хельструпам (Christian Kjelstrup) з выдавецтва «Aschenhoug», рэдактарам прэстыжнага літаратурнага і грамадзка-палітычнага часопісу «Samtiden»); пераклады зробленыя з мовы арыгіналу перакладчыцай, якая свабодна валодае гэтай мовай (Лідыя Ёхансэн з Осла). Вось калі так працаваць і надалей, то праз 100–120 гадоў мы незваротна пераможам «руский мир»…

Асобна трэба пахваліць перакладчыцу-спадзьвіжніцу, Лідыю Ёхансэн, безь якой гэтага нумару проста не было б — яна пераклала больш за 90% нарвэскіх тэкстаў.

Сэрыя раманаў «Марскі герой» Юна Мішлета
Сэрыя раманаў «Марскі герой» Юна Мішлета

Чаму няма Ю Нэсбё і Ларса Собю Крыстэнсэна?

Аўтары, паводле творчасьці якіх я склаў сваё ўяўленьне аб сучаснай нарвэскай літаратуры, належаць, так сказаць, да нарвэскага літаратурнага мэйнстрыму. Такія пісьменьнікі як Ю Нэсбё (Jo Nesbø) і Ларс Собю Крыстэнсэн (Lars Saabye Christensen) дастаткова раскручаныя як сярод айчынных чытачоў, так і замежных. Відавочна, што Крыстыян Хельструп выбраў для прэзэнтацыі ў Беларусі тых менш раскручаных і вядомых, пакуль што з-па-за мэйнстрыму. Гэты нумар «ПрайдзіСьвету» — своеасаблівая разьведка боем, якая прапануецца беларускаму чытачу ў адносінах да нарвэскай літаратуры. Нешта на гэтым участку баявых дзеяньняў, на які свой бінокль скіраваў Крыстыян Хельструп, мы ўбачым, але «стратэгічная» сытуацыя на літаратурным фронце выглядае аднак інакш. Гэта я кажу не ў дакор Хельструпу ці рэдактарцы «ПрайдзіСьвету» Юлі Цімафеевай — яны, безумоўна, малайчыны! — а ў апраўданьне сваёй чытацкай зьбянтэжанасьці.

Літаратурны мэйнстрым: многа букаф

Сучасныя нарвэскія празаікі пішуць наогул тоўстыя кнігі. І любяць пісаць кніжныя цыклы. Пра Карла Увэ Кнаўсгара і ягоныя цыклы «Мая барацьба» і «Энцыкляпэдыя пораў году» я пісаў раней, так што тут ня буду паўтарацца.

Ю Нэсбю (Jo Nesbø, нар. 1960) зь ягонай сэрыяй дэтэктываў пра сьледчага Хары Холе таксама ўсім вядомы, так што і пра яго ня буду. Сёлета выйшаў ужо адзінаццаты раман у сэрыі: Tørst (Смага).

Раман Ларса Собю Крыстэнсэна «Сьлед гораду»
Раман Ларса Собю Крыстэнсэна «Сьлед гораду»

Ня менш за Кнаўсгара і Нэсбё вядомы ў сьвеце нарвэскі пісьменьнік Ларс Собю Крыстэнсэн (нар. 1953) месяцы два таму выдаў першую частку трылёгіі «Byens spor» (Сьлед гораду). Ён да гэтага часу апублікаваў два дзясяткі раманаў, дзясятак зборнікаў апавяданьняў і іншай прозы ды два дзясяткі зборнікаў паэзіі. Першую частку згаданай трылёгіі пра Осла, родны горад пісьменьніка, рэцэнзэнты ўспрынялі з энтузіязмам ня меншым, чым ягоны раман «Паўбрат» з 2001 году, за які яму далі прэмію Паўночнай рады.

Іншы мэйнстрымавец — Юн Мішлет (Jon Michelet, нар. 1944), які раней пісаў дэтэктывы і кнігі-справаздачы зь некалькіх кубкаў сьвету па футболе (!) — у 2012 годзе пачаў раманны цыкл «Марскі герой» (En sjøens helt) пра эпапэю нарвэскага хлопца на гандлёвым караблі, уцягнутым у ваенныя дзеяньні Другой сусьветнай на ўсіх акіянах. Першы раман, «Лясны матрос» (Skogsmatrosen), аказаўся настолькі папулярным у Нарвэгіі, што Мішле ўжо пасьпеў напісаць чатыры далейшыя кнігі ў працяг (таміны па 700–800 старонак, надрукаваныя такім шрыфтам, што без акуляраў ня ўсё можна расчытаць). І цяпер піша шостую частку цыклу, магчыма, заключную.

Кнігі Хетыля Б’ёрнстада
Кнігі Хетыля Б’ёрнстада

Я думаў, нарвэскі музыка і пісьменьнік Хетыль Б’ёрнстад (Ketil Bjørnstad, нар. 1952) ужо дасягнуў у жыцьці ўсяго, чаго яму хацелася, і цяпер будзе толькі адпачываць. Б’ёрнстад да 60 гадоў запісаў больш за 50 альбомаў з клясычнай і джазавай музыкай ды апублікаваў 40 раманаў. Але гэтага яму аказалася малавата. У 2015 годзе ён пачаў аўтабіяграфічны цыкл «Verden som var min» (Сьвет, які быў маім). Выйшлі ўжо тры таўшчэзныя тамы: «Шасьцідзясятыя», «Сямідзясятыя», «Васьмідзясятыя». Аўтар заплянаваў яшчэ тры кнігі пра тры наступныя дзесяцігодзьдзі свайго жыцьця. Будзе ня менш старонак, чым у шасьцітомным «Min kamp» Кнаўсгара.

Раманы Х’яртана Флогстада
Раманы Х’яртана Флогстада

Працягвае пісаць раманы Х’яртан Флогстад (Kjartan Fløgstad, нар 1944). Апошні зь іх — «Magdalenafjorden» (2014) — «сучасны раман зь недалёкага мінулага»: 1930-я, 1940-я, 1950-я ў Нарвэгіі і Гішпаніі, убачаныя празь лёсы трох жанчын, якія плацяць высокую цану за сваё выжываньне. «Адна справа — выжыць, крыху іншая — жыць далей» — кажа пісьменьнік, творчасьць якога нарвэскія крытыкі акрэсьліваюць тэрмінам «магічны рэалізм».

Раманы Інгвара Амб’ёрнсэна
Раманы Інгвара Амб’ёрнсэна

Я мог бы працягваць яшчэ гадзіны дзьве, балазе нарвэскіх кнігаў у мяне некалькі сотняў, але на заканчэньне згадаю яшчэ толькі аднаго папулярнага і мэйнстрымавага пісьменьніка, Інгвара Амб’ёрнсэна (Ingvar Ambjørnsen, нар. 1956). Ягоны дэбютны раман — «23-я палата» — нейкі час таму зьявіўся ў беларускім перакладзе (зробленым неацэннай Лідыяй Ёхансэн). Апошні раман пісьменьніка — «Ut av ilden» (З агню, 2014) — пра пасьпяховага аўтара дэтэктываў у прыватнасьці і выдавецкую індустрыю ў агульнасьці.

Сьлед матылька

Аказваецца, адзін з аўтараў нарвэскага нумару «ПрайдзіСьвету» — Ян Руар Лейквал, які пасьпеў выдаць чатыры раманы да свае заўчаснае сьмерці ў 2014 годзе — быў жанаты зь беларускай, жыў нейкі час у Гомлі і там напісаў адзін з раманаў. Выдавец і крытык Крыстыян Хельструп адшукаў гэты беларускі сьлед у біяграфіі пісьменьніка і задумаў разам з «прайдзісьветаўцамі» ажыцьцявіць нарвэска-беларускае выданьне. Каб такім чынам зрабіць «сьлед матылька» (калі скарыстаць мэтафару-загаловак кнігі Аляксандра Лукашука пра Освальда ў Менску) Яна Руара Лейквала ў беларускай культурнай прасторы бачным для нас усіх, якія раней нічога пра яго ня ведалі. Mange takk!

Спампаваць нарвэскі нумар «ПрайдзіСьвету» можна тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG