Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першыя ва Ўсходняй Эўропе. Гарадзенскі дзіцячы госьпіс будзе шыць адзеньне для людзей з інваліднасьцю


Вольга Вялічка і Валянціна Апановіч паказваюць мадэлі адзеньня, якія яны пашылі для людзей з інваліднасьцю
Вольга Вялічка і Валянціна Апановіч паказваюць мадэлі адзеньня, якія яны пашылі для людзей з інваліднасьцю

Праект Гарадзенскага дзіцячага госьпіса па стварэньні адаптыўнага адзеньня выйграў конкурс сацыяльных стартапаў SAP UP у Менску, дзе за галоўны прыз у 10 тысяч рублёў змагаліся 140 канкурэнтаў. Такога ня робяць у ніводнай з краін-суседзяў, кажуць пераможцы.

Гарадзенскі дзіцячы госьпіс, паводле дырэктаркі Вольгі Вялічкі, прапанаваў наладзіць шыцьцё адзеньня для інвалідаў — дзяцей і дарослых, якія падоўгу знаходзяцца ў ложку. Адзеньне павінна быць такое, каб і самім інвалідам, і тым, хто імі апякуецца, было як найзручней рабіць мэдыцынскія і гігіенічныя маніпуляцыі.

«Да прыкладу, калі чалавек пасьля інфаркту, яму трэба рабіць кропельніцы. І мы прапануем, каб у кашулі, да прыкладу, на тым месцы, дзе згінаецца рука, уставіць маланку, каб тут можна было расшпіліць і зашпіліць. Бо ўявіце, як складана чалавеку з анямелай рукой здымаць адзеньне або закасваць рукаў. Гэта самы просты прыклад», — кажа Вялічка.

Прыз пойдзе на стварэньне сацпрадпрыемства

Вольга Вялічка
Вольга Вялічка

Менавіта на стварэньне сацыяльнага прадпрыемства, каб шыць такое адзеньне, і пойдуць 10 тысяч рублёў, якія госьпіс выйграў са сваім праектам на конкурсе. Другая мэта, якую ставяць перад сабой аўтары праекту, — навучыцца зарабляць грошы на патрэбы госьпіса. І трэцяя задача, як кажа спадарыня Вольга, — каб на такім сацыяльным прадпрыемстве працавалі людзі з інваліднасьцю.

«Вельмі хочацца ўвесьці ў галовы нашых людзей, што чалавек з інваліднасьцю павінен мець роўныя правы і роўныя магчымасьці працаўладкаваньня», — кажа дырэктарка госьпіса.

Супрацоўніца госьпіса Валянціна Апановіч кажа Свабодзе, што цяпер іхнай камандзе нестае ведаў, каб наладзіць такую вытворчасьць. Патрэбныя памяшканьне і абсталяваньне, а таксама — парады адмыслоўцаў.

«І асабліва важна нам зараз знайсьці прафэсійнага канструктара адзеньня. Мы сабралі пэўны досьвед з матулямі дзяцей з інваліднасьцю, а таксама зь людзьмі, якія апякуюцца дарослымі інвалідамі. Цяпер нам важна з адмыслоўцам распрацаваць лякалы, па якіх і будзе шыцца адзеньне для людзей з інваліднасьцю», — кажа яна.

У суседзяў не падгледзіш — ніхто падобнага ня робіць

Вольга Вялічка зьвяртае ўвагу, што рэалізаваць праект будзе даволі няпроста, бо, зь яе слоў, няма дзе падгледзець, як гэта робіцца. Ні ў Польшчы, ні ва Ўкраіне, ні ў Літве, ні ў Расеі, нават у Швэцыі нічога падобнага ня робяць.

Вольга Вялічка заклікае гарадзенскія і беларускія прадпрыемствы, неабыякавых людзей зьвярнуць увагу на іхні праект і дапамагчы ў яго рэалізацыі.

«Гэты праект вельмі складаны, але і цікавы, бо калі ты робіш тое, чаго не рабіў яшчэ ніхто, гэта дадае табе энэргіі, моцы. Ты разумееш, што людзі будуць гэтым карыстацца і ім будзе значная палёгка ў іхнім няпростым жыцьці», — кажа Вольга Вялічка.

Раней Свабода пісала пра тое, як арганізатары гарадзенскага фэстывалю моды і прыгажосьці Grodno Fashion Show адмовіліся дэманстраваць калекцыю для людзей з інваліднасьцю, спаслаўшыся на яе невысокую якасьць і на тэхнічныя прычыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG