Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як дзядзька ў Вільні


Як дзядзька ў Вільні — выключна беларускі фразэалягізм.

  • Азначае 'зьбянтэжана, ніякавата, разгублена (пачувацца, паводзіцца ў нязвыклых абставінах)':

...Што за дзівак урываецца да іх у час работы ды яшчэ паводзіць сябе як дзядзька ў Вільні? (Я. Радкевіч)

Карані выразу — у нацыянальным эпасе „Новая зямля“ Якуба Коласа. Там ёсьць і Баранавічы, і Случчына, і Стоўбцы. І Менск згаданы, але ня надта станоўча: — Я вас люблю! — казаў Хадыка. І сам я менскі гарамыка.

Але толькі Вільня ўганараваная асобным разьдзелам — як урбаністычны, сталічны сымбаль для тагачаснага беларуса. XXVІІІ разьдзел так і называецца—„Дзядзька ў Вільні“. Ён пра тое, як дзядзька Антось ў Зямельны банк езьдзіў. Вільня адначасова і пазытыўная:

Дзівіўся дзядзька тут нямала,
Йдучы тунэлем да вакзала.
Як хітра, мудра збудавана!
Як чыста, хораша прыбрана!

і прычына стрэсу для чалавека, ня звыклага да гарадзкога ладу:

Ідзе так дзядзька і па бруку
Адзін за дзесяць робіць груку.
А дзе ж той банк? — карціць пытаньне,
Так правандруеш да зьмярканьня,
А сам туды не пападзеш
І толькі дзень дарма зьвядзеш.
Ды дзядзьку страшна прыступіцца,
Спытаць людзей ён тут баіцца,
Бо ўсе такія надзіманы,
І хоць бы твар адзін рахманы…

Параўнаньне Як дзядзька ў Вільні ня крыўднае, а хутчэй іранічна-добразычлівае.

Маем беларускія ідыяматычныя выразы з назвамі іншых гарадоў. Напрыклад, Масква відаць: так кажам, калі ў роце надта кісла ці горка (расейскі адпаведнік скулы сводит). Думаю, тут адбіліся пэўныя гістарычныя ўспаміны. Цікава, што ў татарскай мове аналягічны выраз Мәскәү күренә — пра надта сьветлую гарбату (прыкмету беднасьці), а ў самой расейскай Москва видна пра дзіравае, зношанае адзеньне.

Чытайма пра фразэмы:
Іван Лепешаў. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. У 2-х т. — Менск, 1993.
Зьміцер Санько. Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем. — Менск, 1991.
Е. Боярина, В. Сивчиков. 2000 русских и 2000 белорусских идиом, фразеологизмов и устойчивых словосочетаний. — Минск, 2006.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG