Афіцыйны прадстаўнік КДБ Дзьмітры Пабяржын паведаміў, што 25 кастрычніка «пры правядзеньні агентурнай акцыі з доказамі злачынства быў затрыманы кадравы супрацоўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Паўло Шаройка».
Пасада Шаройкі як карэспандэнта «Ўкраінскага радыё» была «для прыкрыцьця», сьцьвярджае КДБ. Паводле КДБ, атрыманыя «пераканаўчыя доказы» яго незаконнай дзейнасьці, а сам Шаройка прызнаў, што працаваў выведнікам:
…стварыў агентурную сетку зь ліку грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія за грашовую ўзнагароду выконвалі ягонае заданьне збору зьвестак выведнага характару ў вайскова-палітычнай сфэры.
«У Беларусі Паўло Шаройка стварыў агентурную сетку зь ліку грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія за грашовую ўзнагароду выконвалі ягонае заданьне збору зьвестак выведнага характару ў вайскова-палітычнай сфэры».
Падчас ператрусу ў Шаройкі, паводле КДБ, знайшлі копіі выведніцкіх данясеньняў, а каардынаваў ягоную працу супрацоўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ігар Скварцоў, які дзейнічаў як супрацоўнік амбасады. Скварцова абвясьцілі «пэрсонай нон-грата».
Супраць Шаройкі завялі крымінальную справу за шпіянаж (арт. 358 КК), ён узяты пад варту. За гэта пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
Гісторыі 10 «шпіёнаў», раскрытых беларускімі спэцслужбамі
Шаройку затрымалі 25 кастрычніка, трымаюць у адзіночнай камэры СІЗА КДБ, у яго ёсьць выдзелены дзяржавай адвакат, для яго прымаюць перадачы, а сам ён дасылае лісты з «амэрыканкі». Жонка Шаройкі Алена вярнулася ў Менск, каб арганізаваць юрыдычную абарону журналіста.
Таксама затрыманы грамадзянін Беларусі — «дзяржаўная здрада»
Паводле КДБ, пры зборы сакрэтных матэрыялаў быў затрыманы таксама грамадзянін Беларусі, які «ажыцьцяўляў шпіёнскую дзейнасьць у інтарэсах Украіны», ён сваю віну прызнаў і паведаміў, што на заданьне ўкраінскай выведкі за грошы зьбіраў і перадаваў зьвесткі пра абароназдольнасьць Беларусі.
Супраць беларуса распачалі крымінальную справу за «дзяржаўную здраду» (арт. 356 КК). За гэта таксама пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
Мінабароны Ўкраіны: інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці
У Міністэрстве абароны Ўкраіны абвяргаюць інфармацыю КДБ аб тым, што затрыманы карэспандэнт пад прыкрыцьцём журналісцкай дзейнасьці працаваў на нацыянальныя органы выведкі:
«Сапраўды, Паўло Шаройка раней быў вайсковаслужбоўцам, але апошнім часам ён працаваў журналістам і да органаў выведкі не мае ніякага дачыненьня», — сказаў Свабодзе прадстаўнік Міністэрства абароны Ўкраіны.
Народны дэпутат Украіны, каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітры Тымчук раней заяўляў, што ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку абвінавачваюць у Беларусі ў шпіянажы на падставе фальшывага дакумэнту.
Паводле яго, «дакумэнт вырабілі або ў ФСБ Расеі, або агентура ФСБ у КДБ Беларусі з мэтай арганізацыі апэрацыі для арышту ўкраінскага журналіста з абвінавачаньнямі ў шпіянажы, а ў далейшым — дыскрэдытацыі Беларусі ў дачыненьнях з ЭЗ і Ўкраінай і раскрутцы канфлікту паміж Беларусьсю і Ўкраінай».