Кутковіч — сьведка раскулачваньня і зьнішчэньня роднага хутару. Падлеткам ён зьведаў нішчымніцу арганізаваных бальшавікамі калгасаў. Перажыў арышт родных. Пажыў у акупацыі. Каб уратаваць каханую ад вывазу ў Нямеччыну, запісаўся ў паліцыю. Адбыў 11 гадоў савецкай катаргі ў лягерах Нарыльску. Быў сьведкам паўстаньня нявольнікаў Нарыльсклагу.
Арыштавалі шасьцёх дзядзькаў. Сіротамі засталіся 19 дзяцей
Аляксандар Кутковіч — апошні жыхар зьнішчанага ў 1938 годзе хутару Ходзевічы. На хутарышчы цяпер калгаснае поле. На ўскрайку сасоньніку могілкі, над імі ўзвышаецца трохмэтровы крыж. На шыльдзе пазначаныя імёны шасьцёх братоў Салаўёвых. Гэта родныя дзядзькі Кутковіча. Іх НКВД забраў у 1930-31 гадах. У родныя мясьціны яны не вярнуліся.
«Першымі забралі Антона, Міхаіла і Мікалая за тое, што былі заможнымі сялянамі — кулакамі, значыць, — нетаропка кажа стары. — Іх выслалі ў Башкірыю, на станцыю Губаха. Затым прыехалі па Пятра ды Сяргея. Разам зь імі забралі і Аляксандра, які займаў службовую пасаду ў Шклове. Пятра і Сяргея прымусілі ўступіць у калгас, маёмасьць абагулілі. А асудзілі іх за шкодніцтва. Яны нібыта былі вінаватыя, што не ўзышлі азімыя. Трымалі ў шклоўскай турме месяцы з тры, а потым вывезьлі ў Магілёў і расстралялі. Месца забойства невядомае. Сіротамі засталіся 19 дзяцей. Зь іх пяцёра ваявалі. З вайны прыйшлі скалечанымі. Рэабілітавалі Салаўёвых у 1962 годзе».
Сасланага ў Башкірыю Мікалая ў 1937 годзе зноў арыштавалі і адправілі на дзесяць год на Салаўкі. Празь пяць гадоў перакінулі на Калыму, дзе ён і памёр. Адна з дачок Мікалая — Ліда — выйшла замуж за дзядзьку савецкай сьпявачкі Алы Пугачовай Валянціна Адзегава.
Давалі па 12 капеек за працадзень, 18 грамаў зерня
Аляксандру Кутковічу, калі забралі дзядзькаў, ішоў шосты год. Ягоныя бацькі рабілі ў калгасе, але жылі ў Ходзевічах. Пасьля першай хвалі рэпрэсіяў, казаў ён, надышло зацішша. Хутаранцы згадвалі бальшавіцкі НЭП. Пакуль трывала новая эканамічная палітыка, сяляне дыхалі вальней пасьля першых гадоў бальшавіцкай сваволі.
У 1938 годзе узяліся сьсяляць хутары. Іх на Шклоўшчыне было безьліч.
«Да нас прыехаў матрос Паўчанка, — згадвае зьнішчэньне роднага котлішча Кутковіч. — Ён верхаводзіў у калгасе, што арганізавалі ў суседніх Папоўцах. Брыгада падчапіла тросам дах нашага дому і сарвала яго. Так забралі наш хутар».
«Мой бацька доўга думаў, куды перабірацца, — апавядае ён далей. — Калгасы наўкола былі такія, што выжыць у іх было няпроста. Давалі па 12 капеек за працадзень, 18 грамаў зерня. Людзі галадалі і, каб ня лапікі зямлі пры сядзібах, дык паўміралі б усе».
Знайсьці новае жытло Кутковічам, у якіх было трое дзяцей, дапамаглі родзічы ў Рыжкавічах. Бацька ўладкаваўся ў мясцовы калгас, а маці займалася хатняй гаспадаркай.
У 1939 годзе ў абязьлюджаных Ходзевічах вымерз сад, які пасадзілі ранейшыя ўладальнікі тутэйшага фальварку Чыркоўскія, шляхцічы. Аляксандар Кутковіч успамінае, што дрэвы ня здолелі ачуняць і ўлетку. Чорныя, з патрэсканымі камлямі стаялі яны, палохаючы мінакоў.
«Старыя тады казалі, што гэта знак бяды», — адзначыў суразмоўца.
Спачатку забіралі харч немцы, потым партызаны. Жылі з таго, што прыхоўвалі У ліпені 1941 году ў Рыжкавічы прыйшлі нацысты. Акупацыйныя ўлада падзяліла мясцовы калгас і ўзялася арганізоўваць цывільнае жыцьцё. Кутковіча-старэйшага ў савецкае войска ня ўзялі, бо той у царскай арміі нажыў кілу. Кутковіч-меншы пасьпеў у Шклове скончыць дзевяць клясаў.
«Мой бацька да прыходу немцаў быў брыгадзірам у калгасе, і яго прымусілі ўдзельнічаць у дзяльбе гаспадаркі. Напачатку немцы ставіліся да цывільнага насельніцтва ляяльна. Людзі, як і да вайны, сеялі хлеб ды бульбу. Трэба ж было неяк жыць. Па першым часе нават адчувалася, што нас нібыта вызвалілі, але такі настрой быў нядоўгім», — згадваў 1941 год і пачатак жыцьця пад акупацыяй Аляксандар Кутковіч.
«Калі пачалася партызаншчына, — казаў ён далей, — і сталі забіваць салдат, то немцы азьвярэлі. А калі на фронце пачаліся ў іх правалы, то сытуацыя стала яшчэ горшай. Ім не хапала ежы, і яны забіралі харч у сялян. У вёсках не засталося ні курэй, ні сьвіней, ні кароў. Жылі сяляне з таго, што ўдавалася схаваць. Калі ж вёска была ў партызанскай зоне, то немцы забіралі ўсё адразу. Стаўленьне людзей да сытуацыі было неадназначнае. Частка вінаваціла немцаў, а частка бачыла карані праблемаў у партызанах, якія таксама мала што пакідалі сялянам».
Праз каханьне запісаўся ў паліцыю
Бацьку Кутковіча ў Рыжкавічах фашысты прызначылі старастам. У канцы 1943 году Кутковіча-старэйшага паставілі на валаснога начальніка.
У 1943-м беларускую моладзь сталі актыўна вывозіць ў Нямеччыну. Пад пагрозай аказалася і ўпадабаная Аляксандрам дзяўчына Надзя Грызан. Адзін з паліцыянтаў забраў у яе дакумэнты.
«Былі ў Рыжкавічах трое паліцыянтаў. Двое хлопцаў пайшлі туды, бо ім выкруціцца не было як. Трэці, Шабанаў, быў вырадкам, які нажываўся і выслужваўся, — згадваў Кутковіч. — Ён і забраў дакумэнты ў Надзі. Калі я даведаўся, дык хацеў яго застрэліць, але ўспомніў, што ў Arbeitsamt працаваў хлопец, які вучыўся са мною ў адной школе. Ён дапамог ёй аднавіць „аўсвайс“, аднак сказаў, каб Надзя не высоўвалася з хаты. Каб засьцерагчы яе канчаткова ад вывазу ў Нямеччыну, параіў мне пайсьці ў паліцыю. У верасьні 1943 году я запісаўся туды. Неўзабаве мы зарэгістравалі з Надзяй шлюб. Тады фронт ужо стаяў на ўсходзе Магілёўшчыны. Савецкая авіяцыя бамбіла Шклоў, Воршу, Магілёў».
Аляксандар з Надзеяй пражылі разам 60 гадоў. Выгадавалі дваіх дзяцей. У 2002 годзе ягоная абраньніца памерла.
20 гадоў катаржных працаў, 5 гадоў пазбаўленьня правоў
Паліцыянт Шабанаў хаваўся да 1975 году. Судзілі яго ў Шклове. Жанчыны з шклоўскіх вёсак, дзе ён шмат чаго нарабіў, патрабавалі ад суду, каб абвінавачанага аддалі ім. Самасуду не дазволілі, а Шабанава асудзілі на расстрэл. Сьведкам на працэсе выступаў Аляксандар Кутковіч.
Калі ў 1944 годзе вярнулася савецкая ўлада, Кутковічаў арыштавалі за супрацоўніцтва зь немцамі. Старэйшага расстралялі. Сына забралі ў войска, але, крыху даўшы паваяваць, арыштавалі па даносе. У ім гаварылася, што Аляксандар Кутковіч, калі служыў у паліцыі, забіраў у сялян маёмасьць і харч.
«Сьледчага не цікавіла, праўда гэта ці не, — кажа Кутковіч. — Мяне зьбівалі і патрабавалі падпісаць прызнаньне. Я ж адмаўляўся».
«Дапытвалі ў сялянскай хаце, — успамінае стары. — Гаспадыня пякла хлеб, а нас не кармілі. Я дужа быў галодны, а тут пах хлеба. Сьледчы мне і кажа: «Што, хлеба хочаш? Тады падпісвай...»
У сьнежні 1944 году Аляксандра, а таксама ягонага стрыечнага брата Міхаіла і яшчэ аднаго шклоўца Станіслава Сікацкага, якія служылі ў паліцыі, прывезьлі ў Берасьце на суд. Справу разглядала судовая «тройка».
«Яна прысудзіла Сікацкаму расстрэл. Мяне, 18-гадовага хлопца, прыгаварыла да 20 гадоў цяжкіх катаржных працаў і на пяць гадоў пазбавіла палітычных правоў. Міхаілу Кутковічу далі 15 гадоў катаргі і на пяць гадоў пазбавілі палітычных правоў», — згадаў прысуд суразмоўца.
33 вагоны «ворагаў народу» ў Нарыльскі ГУЛАГ
Кутковіч прасядзеў у берасьцейскай турме да верасьня 1945 году. Вязьніца была поўная арыштантаў, якіх асудзілі за супрацу з акупацыйнымі ўладамі. Сярод іх багата людзей сталага веку, якія былі солтысамі ў сваіх вёсках. Нямала сядзела былых салдат, што пабылі ў нямецкім палоне альбо ўчынілі ў войску злачынства. Адтуль зьняволеных адпраўлялі адбываць пакараньне. Этапам у Варкуту патрапіў брат Міхаіл, які пасьля загінуў там у шахце. Аляксандар трапіў у вагон зьняволеных, які ішоў да Архангельску.
«Гэта быў цягнік з 33 вагонаў, у кожным — болей за 30 чалавек. З Архангельску акіянскі цеплаход „Камсамольск“ завёз нас у Дудзінку. Плылі шэсьць дзён. З Дудзінкі вагонамі, якімі перавозілі руду, нас больш як содні везьлі ў Нарыльск. Стаяў мароз, а арыштанты былі напаўразьдзетыя. Дарогай шмат народу памёрла», — апавядаў Аляксандар Кутковіч.
Першы год няволі быў найцяжэйшым. Арганізму было няпроста прыстасавацца да новых умоваў выжываньня. Прафэсіі ніякай. На радзіме засталася цяжарная жонка.
«Я ня ведаў, што рабіць. Нікому не пісаў. Думаў, маё жыцьцё скончанае», — прызнаўся суразмоўца.
У ГУЛАГУ беларус беларуса пазнаваў па гаворцы
«Ачуняць мне дапамаглі людзі. Брыгадзірам быў памежнік зь Беларусі Барыс Міхайлавіч Дудко. Ён па гаворцы вызначыў, што я ягоны зямляк. Калі дазнаўся, што ў мяне засталася цяжарная жонка, дык сілком прымусіў напісаць ёй ліст. Пазьней з матчынага і жончынага лістоў я даведаўся, што ў мяне нарадзіўся сын», — пры гэтых словах суразмоўца гатовы быў заплакаць, але стрымаўся. За тры гадзіны гутаркі гэта быў адзіны выпадак, калі Аляксандар Рыгоравіч ледзь апанаваў свае эмоцыі.
На катарзе нявольнікі драбнілі адколатыя кавалкі падарваных скалаў і гэты друз звозілі да месца заладаваньня. Лягернікаў выкарыстоўвалі і ў будаўніцтве. Яны самі ўзводзілі для сябе баракі. Намёты засыпалі сьнегам, які аблівалі вадой. У такіх зьледзянелых хатах і жылі.
Паводле Кутковіча, у Нарыльску было шмат беларусаў, украінцаў, літоўцаў, латышоў ды эстонцаў. У 1948-50 гадах у тамтэйшых лягерах былі 75 тысяч асуджаных.
«Дужа дапамагала зямляцтва, якое ў няволі вялікая сіла, — кажа спадар. — Нашу беларускасьць не магла схаваць расейская мова. Беларус беларуса пазнаваў па гаворцы. Нас адзін да аднаго цягнула, і я не прыгадаю, каб між беларусамі былі сваркі. Калі выпадала, то, напрыклад, украінца пасылалі на тры літары, а вось беларуса ніколі. Я дужа ўдзячны хлопцам з Магілёўшчыны Андрэю Дамрату і Толіку Траяну, якія мне вельмі дапамаглі. Яны наразалі для нявольнікаў хлеб і мяне ўзялі да сябе. У лягеры працавалі беларусы Касьценіч і Шыўко. Яны таксама гарнуліся да нашай суполкі. Гаварылі мы адзін аднаму пра тое, што пішуць родныя, абмяркоўвалі лягерныя навіны. Пра палітыку асьцерагаліся — ні-ні».
Калі на тытунь мяняеш пайку хлеба, то пэўна здохнеш
Ахоўнікі, працягвае Кутковіч, не дазвалялі лягернікам гуртавацца. Сярод асуджаных было нямала тых, хто супрацоўнічаў з адміністрацыяй. Яны дакладалі пра тое, што адбывалася ў зонах, і катаржане мусілі паводзіцца абачліва.
«Сэксотаў вылічвалі даволі хутка, — адзначаў ён, — Тады нявольнікі пераказвалі адзін аднаму, каб былі пільнымі з выкрытым. Бывала, тыя, хто падпісаў паперу пра супрацоўніцтва, самі прызнаваліся арыштанцкай грамадзе».
Аляксандар Кутковіч у няволі шмат чытаў. Быў заўсёднікам лягернай бібліятэкі. Чытаньне ўпадабаў, як вучыўся яшчэ ў школе. Юнаком пасьпеў пачытаць творы Тэадора Драйзэра, Гі Дэ Мапасана, Густава Гуга.
«Згаданы мною зямляк Дудко параіў захапіцца нечым. Падказаў, што ёсьць бібліятэка, і я перачытаў там усё, што было. Чытаў нават, калі ў бараку адключалі сьвятло. Тады сядаў ля печкі і пад водбліскі полымя глытаў чытво, пакуль ахоўнік высьпяткам ня гнаў спаць. Чытаньне дапамагала перамагаць нуду», — згадвае Кутковіч.
«Ратаваў у лягеры і аптымізм, — працягваў ён. — Калі дазваляеш дэпрэсіі апанаваць сябе, нічога цябе ўжо не ўратуе. Калі на тытунь мяняеш пайку хлеба, то пэўна здохнеш».
На месцы могілак зьняволеных — аўтапарк
У 1953 годзе, неўзабаве пасьля сьмерці Сталіна, у Нарыльскіх лягерах узьнялося паўстаньне. Катаржане, асуджаныя за антысавецкую дзейнасьць, адмовіліся падпарадкоўвацца адміністрацыі лягераў, выправадзілі яе за калючы дрот. Паўстанцы патрабавалі скараціць працоўны дзень да 8 гадзінаў, выплаціць заробленыя грошы, а таксама палепшыць бытавыя ўмовы, мэдычнае абслугоўваньне. Але галоўнае — перагледзець справы, зьмякчыць рэжым, зьняць абмежаваньні ў ліставаньні.
Паводле Кутковіча, шахтарская зона, у якой ён сядзеў, у паўстаньні ня ўдзельнічала, але патрабаваньні паўстанцаў падтрымлівала. Узьняліся, казаў ён, перадусім будаўнічыя зоны, дзе працавала шмат прафэсійных спэцыялістаў. На вежавых кранах гэтых зонаў былі ўзьнятыя чорныя сьцягі.
«Пасьля таго як паўстаньне было задушанае, рэжым у лягерах сапраўды стаў мякчэйшым. Задушылі ж паўстаньне перакінутыя ў Нарыльск войскі НКВД. Яны ўрываліся ў зоны на амэрыканскіх франтавых машынах і стралялі ўсіх, хто не пасьпяваў схавацца. Экскаватарамі выкопвалі ямы, у іх скідвалі целы забітых і закопвалі».
Паўстаньне ў Нарыльсклагу было ня першым у ГУЛАГу, але самым працяглым. Яно трывала ад траўня па жнівень 1953 году. Паводле архіўных зьвестак, у ім удзельнічалі больш за 16 тысяч чалавек. Зьвесткі пра забітых і параненых падаюцца розныя. Большасьць дасьледнікаў налічвае да 200 чалавек забітых і да 400 параненых.
Паводле Кутковіча, пра лягеры ў Нарыльскім краі цяпер мала што нагадвае. На месцы, дзе закопвалі памерлых катаржан, збудавалі аўтапарк.
«У касе выдалі 1025 рублёў»
Па сьмерці Сталіна ў зьняволеных зьявілася надзея на лепшыя часы. «На становішча ў лягеры людзі пачалі глядзець іншымі вачыма. Я адчуваў, што нешта і ў мяне зьменіцца», — кажа Аляксандар Кутковіч. Стаўленьне да савецкага правадыра ён сфармаваў пад уплывам украінцаў. Іх там называлі «бандэраўцамі».
«Пад іхным уплывам і я адчуў, што да Сталіна стаўлюся нэгатыўна. Зь лістоў маці і жонкі даведаўся, што па ягонай сьмерці жыцьцё на волі стала лягчэйшым. З аднаго ліста я дазнаўся, што маці пайшла жыць да сваёй сястры, бо яе, як скончылася вайна і мяне вывезьлі, выгналі з роднай хаты. Як я мог ставіцца добра да Сталіна?» — кажа Аляксандар Кутковіч.
Пачалі пераглядаць справы і выпускаць асуджаных. Першымі вызвалілі гэтак званых «бытавікоў». Палітычныя яшчэ даволі доўга чакалі сваёй чаргі.
«Дачакаўся і я сваёй, — кажа Кутковіч. — Неяк выклікалі мяне, пачалі распытваць. Я заявіў, што ў справе ўсё хлусьня. Выслухалі, а неўзабаве паведамілі, што я вызвалены. Далі пасьведчаньне, што судзімасьць зьнятая і палітычныя правы адноўленыя. Аддалі пашпарт і вайсковы білет. У касе выдалі 1025 рублёў».
У пажаўцелай даведцы аб вызваленьні пазначана, што Кутковіч адбываў зьняволеньне ад 25 верасьня 1944 да 30 лістапада 1955 году. У характарыстыцы, выдадзенай 1 сьнежня 1955 году, напісана: «Зарэкамэндаваў сябе ў падразьдзяленьні станоўча. Нормы выпрацоўкі выконваў на 155-170 працэнтаў з добрай і выдатнай якасьцю».
Застаўся ў Нарыльску, бо не было куды вяртацца
Пасьля вызваленьня Аляксандар Кутковіч вырашыў застацца ў Нарыльску. Уладкаваўся на горнаўзбагачальную фабрыку. Працаваў старшым драбільнікам дваццаць гадоў.
«Мне не было куды вяртацца, — тлумачыць ён. — Адзінае, што я ўмеў, гэта працаваць у той спэцыяльнасьці, якую атрымаў у няволі».
«Мяне ж забралі 18-гадовым юнаком, можна сказаць, вырвалі з жыцьця, — працягваў суразмоўца. — Ня буду хаваць — у мяне было нямала варыянтаў, куды ехаць. Звалі жанчыны, каб я зь імі паехаў. Але як бы я сказаў сваёй Надзі, якая адна гадавала сына, што я абраў іншую. Для мяне гэта было недапушчальна. Таму застаўся ў Нарыльску, а неўзабаве Надзя прыехала сама да мяне з сынам».
Кутковічы не забывалі Беларусі. Штогод прыяжджалі на радзіму ў водпуск. У 1975-м, выйшаўшы на пэнсію, набылі ў Магілёве дом. У ім з даччынай сям’ёй і жыве Аляксандар Кутковіч па сёньня.
«Мне не было чаго баяцца ці саромецца, бо я не зрабіў нічога кепскага людзям. Ім не было за што мне выколваць вочы. Ніхто зь землякоў мне не сказаў кепскага слова, калі я прыяжджаў у Шклоў. Ставіліся людзі да мяне заўжды зычліва і прыязна», — казаў суразмоўца пра вяртаньне на радзіму.
У 1990 годзе на могілках ля зьнішчанага роднага хутару Кутковіч з родзічамі і шклоўскімі грамадзкімі актывістамі паставіў крыж у памяць пра рэпрэсаваных братоў Салаўёвых. Пакуль было здароўе, езьдзіў да яго. Наведваў мясьціны сваёй маладосьці. Кажа, што ад Ходзевіч засталося ня толькі поле, але і ставок, зроблены ўладальнікамі фальварку шляхцічамі Чыркоўскімі.
Усё, што я цяпер маю, зароблена маімі рукамі
Перажытае Аляксандар Кутковіч не ацэньвае ў катэгорыях справядлівасьці. Лічыць, што ўва ўсім вінаваты час, у якім давялося жыць.
«Тое, што я маю цяпер, заробленае маімі рукамі ў найцяжэйшых для чалавека ўмовах, — кажа ён. — У мяне добрая пэнсія. Жыву ў дастатку. Удзячны Госпаду Богу за тое, што ён мяне ратаваў і дазволіў дажыць да 93 гадоў. Бо тыя, хто са мною працавалі ў адным цэху, не дацягвалі да сямідзесяці».
«А баюся я, — працягвае Аляксандар Рыгоравіч, — каб з Расеяй не адбылося таго, што зь ёю ўжо было ў 1917 годзе. Гэтага баюся, бо там жывуць мае ўнукі. Яны мяне зьвязваюць з Расеяй. А як гэтага не дапусьціць, ня ведаю. Баюся, каб у Беларусі не было „майдану“, як ва Ўкраіне. Мяне даймае пытаньне, ці не засядзеўся нехта там у нас наверсе».
Аляксандар Кутковіч захоўвае ў памяці тое, што пасьпела яму апавесьці пра гісторыю Ходзевічаў і радавод ягоная бабуля Арына Салаўёва. Яе дзявочае прозьвішча Чыркоўская напамінае пра былых гаспадароў фальварку, які і стаў Ходзевічамі. Чыркоўскія валодалі вялікім абшарам шклоўскай зямлі ды лесу. У часы сталінскага тэрору згадка пра іх магла стаць нагодаю для арышту. У сямейным архіве Кутковічаў захаваўся фатаздымак 1915 году. На ім шляхотна апранутая маці Аляксандра Рыгоравіча Кацярына з сваімі сёстрамі ды братамі. Кацярыне Чыркоўскай-Кутковіч наканавана было пражыць да глыбокай старасьці.
«Доўгі век мне і маёй маці дадзены, відаць, каб мы пажылі за сваіх родных, якім не ўдалося пажыць і пабачыць, як вырасьлі іхныя дзеці», — кажа Аляксандар Рыгоравіч Кутковіч, разглядаючы старое фота.