Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд: справа «наглядчыка за Беларусьсю» і ягоных падзельнікаў ня будзе перагледжаная


17 лістапада калегія Вярхоўнага суду разгледзела касацыйную скаргу на прысуд 29 фігурантам гэтак званай «справы баксэраў» — бандыцкай групоўкі на чале зь Сяргеем Молнарам з Бабруйску, якая займалася рэкетам і спрабавала кантраляваць крымінальнікаў усёй краіны. Судзьдзі Вярхоўнага суду скаргу на ранейшы прысуд не задаволілі і справу вырашылі не пераглядаць.

Справу 29 удзельнікаў крымінальнай групоўкі «баксэраў» разглядаў амаль год Магілёўскі абласны суд у закрытым рэжыме. Падсудных абвінавачвалі ў рэкеце, зьбіцьці людзей ды іншых злачынствах. Найбольшы тэрмін — 18 гадоў зьняволеньня — атрымаў лідэр групоўкі Сяргей Молнар, саўдзельнікі пакараныя на тэрміны ад 15 да 7 гадоў калёніі. Па 7 гадоў атрымалі і Дзяніс Макс, меркаваны «наглядчык» за Беларусьсю, і Руслан Алейнікаў, які, паводле сьледзтва, кантраляваў «абшчак» — таемную касу для фінансавага падтрыманьня асуджаных крымінальнікаў.

Паводле сьледзтва, злачынны прыбытак групоўкі Молнара сягаў некалькіх мільёнаў даляраў.

«Нерухомасьць, вельмі шмат залатых вырабаў, дыямэнтаў, сапфіраў, сумы калясальныя», — апавядаў пра знойдзеныя ў рэкеціраў каштоўнасьці сьледчы, які вёў справу.

Між тым, паводле зьвестак мэдыяў, надзвычай вялікіх грошай у некаторых фігурантаў справы знойдзена не было. Калі ў лідэра групоўкі Сяргея Молнара сканфіскавалі 12,5 тысяч даляраў, 25 брыльянтаў, два дарагія аўтамабілі ды іншыя сродкі, дык у некаторых асуджаных — толькі мабільныя тэлефоны. Паводле тых жа зьвестак, фігуранты справы Молнара скардзіліся ў Генэральную пракуратуру на парушэньні іхных правоў падчас сьледзтва.

Ячшэ ў канцы 1990-х гадоў Аляксандар Лукашэнка казаў, што з арганізаванай злачыннасьцю ў Беларусі скончана, і прыводзіў як прыклад лёс крымінальнага «аўтарытэта» Шчаўліка, якога крымінальнікі Расеі нібыта прызначылі «наглядчыкам» за Беларусьсю, а тут ён бясьсьледна зьнік. «І дзе цяпер той Шчаўлік?» — пытаўся Аляксандар Лукашэнка пра чалавека, якога сапраўды так і не знайшлі.

Паводле адной з вэрсіяў, ліквідацыяй крымінальных «аўтарытэтаў» у Беларусі займаўся той самы «эскадрон сьмерці» зь ліку сілавікоў, якому прыпісваюць і выкраданьні апазыцыйных палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG