Польшча летась была дзясятым паводле аб’ёму замежным інвэстарам Беларусі, а па выніках 9 месяцаў 2017 году перамясьцілася на чацьвёртае месца. Дынаміка пазытыўная, адзначыў амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік на канфэрэнцыі «Смакі Эўропы — якасьць і традыцыя».
Амбасадар Паўлік: «Польская вёска перажыла сур’ёзныя зьмены, чаго мы хочам пажадаць і Беларусі»
Амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік паведаміў, што задаволены ростам таваразвароту паміж Польшчай і Беларусьсю:
«Польшча па выніках дзевяці месяцаў 2017 году зьяўляецца трэцім замежным партнэрам Беларусі і чацьвёртым замежным інвэстарам. Але па-ранейшаму мы лічым, што патэнцыял нашага супрацоўніцтва нашмат большы.
Польская вёска перажыла сур’ёзныя зьмены за апошнія 25 гадоў, чаго мы хочам пажадаць і Беларусі. Дзякуючы сяброўству ў Эўрапейскім Зьвязе, мы атрымалі доступ да найбольш эфэктыўных і сучасных тэхналёгій, магчымасьці дадатковага фінансаваньня, а таксама навучыліся прасоўваць сваю прадукцыю на самыя патрабавальныя рынкі, такія як Японія, Кітай, ЗША, Канада. Мы гатовыя падзяліцца досьведам зь беларускімі партнэрамі, паглыбіць супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі».
Што да пашырэньня інвэстыцый, «трэба даць больш свабоды мясцовым прадпрымальнікам, таму што менавіта яны рэалізуюць праекты, пішуць бізнэс-пляны зь мясцовымі і цэнтральнымі ўладамі, са сваімі бізнэс-партнэрамі», — лічыць амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік.
На першым месцы экспарту з Польшы ў Беларусі — садавіна і гародніна
Першы намесьнік міністра сельскай гаспадаркі Польшчы і разьвіцьця сяла Яцэк Багуцкі паведаміў, што ў 2016 годзе агульная сума польскага экспарту ў Беларусь перавысіла 300 мільёнаў эўра, прыкладна палова з гэтага — садавіна і гародніна, на другім месцы — збожжа, на трэцім — малочная прадукцыя.
Яцэк Багуцкі выказаў спадзяваньні, што супрацоўніцтва зь Беларусьсю дасьць магчымасьць пашырыць таваразварот ня толькі паміж Польшчай і Эўразьвязам, але і паміж Эўразьвязам і ЭАЭС.
Налета польскі экспарт дасягне, паводле прагнозаў ураду Польшчы, 25 мільярдаў эўра. Польшча пастаўляе харчы ў 70 краінаў сьвету. Асноўныя спажыўцы ў Эўразьвязе — Нямеччына, Чэхія, Вялікая Брытанія, Італія.
«Такі посьпех заснаваны на высокай якасьці прадуктаў, гнуткай цэнавай палітыцы, мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі, перапрацоўкі, а таксама на арыгінальнай старажытнай рэцэптуры вытворчасьці мясных і малочных вырабаў», — выказаў меркаваньне міністар.
Польшча зацікаўленая ў любым рээкспарце сваёй прадукцыі
Што да страты расейскага рынку праз эмбарга на пастаўкі харчаваньня з краінаў Эўразьвязу, першы намесьнік міністар сельскай гаспадаркі і разьвіцьця вёскі Польшчы Яцэк Багуцкі адзначыў:
«Безумоўна, эмбарга вельмі сур’ёзна адбілася на сельскай гаспадарцы Польшчы, для нас былі істотныя страты. Але мы пераарыентаваліся на іншыя рынкі і часткова кампэнсавалі страты. Усходнія рынкі для нас вельмі былі вельмі важныя, і сярод усходніх краінаў Беларусь — на першым месцы».
На пытаньне Радыё Свабода, як Польшча ставіцца да таго, што Беларусь нібыта займаецца рээкспартам польскай сельскагаспадарчай прадукцыі ў Расею, Багуцкі адказаў так:
«Што тычыцца Польшчы, любы польскі прадукт свабодна можа рээкспартавацца на тэрыторыі ўсіх краінаў Эўразьвязу, і тут няма абмежаваньняў.
Што да ўсходняга рынку, то таксама мы зацікаўленыя, каб любы польскі прадукт, што трапляе ў Беларусь, так сама свабодна трапляў на рынкі ўсіх краінаў ЭАЗС».
Польшча гатова ствараць зь Беларусьсю сумесныя мясаперапрацоўчыя вытворчасьці
Польскія бізнэсоўцы неўзабаве наведаюць беларускія мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы, каб вывучыць магчымасьці інвэставаньня ў сумесныя прадпрыемствы, паведаміў прэзыдэнт асацыяцыі мясьнікоў і вытворцаў каўбасных вырабаў Польшчы Пётар Зэман.
Паводле Зэмана, за апошнія 12 гадоў Польшча стала адным з эўрапейскіх лідэраў у вытворчасьці і экспарце сельгаспрадукцыі. Польшча прапануе ствараць сумесныя прадпрыемствы, разам зь беларусамі вырабляць прадукцыю і рээкспартаваць у трэція краіны. Для гэтага ў палякаў ёсьць перадавыя тэхналёгіі, капітал і досьвед, якімі яны гатовы падзяліцца зь беларусамі
За першае паўгодзьдзе 2017-га дазвол на працу ў Польшчы атрымалі 25 тысяч беларусаў
Намесьнік галоўнага дырэктара Дзяржаўнага цэнтру падтрымкі сельскай гаспадаркі Польшчы Лукаш Галубоўскі паведаміў, што ў першай палове 2017 году афіцыйны дазвол на працу ў Польшчы атрымалі 25 тысяч беларусаў. За ўвесь 2016 год было выдадзена 23 тысячы дазволаў. У асноўным працоўная сіла зь Беларусі наймаецца менавіта для працы ў сельскай гаспадарцы, у перапрацоўчых галінах.
«Польскім бізнэсоўцам значна лягчэй прымаць рашэньні аб інвэстыцыях, калі ў іх ёсьць навучаныя, дасьведчаныя, спрактыкаваныя работнікі, зь якімі можна разам працаваць».
Паводле спадара Галубоўскага, у аўторак прадстаўнікі польскага бізнэсу абмяркоўвалі з чыноўнікамі зь Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня магчымасьці выдаваньня стыпэндый беларускім спэцыялістам для навучаньня і працоўнай практыкі ў Польшчы.