Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прыйдзе пасьля Лукашэнкі новы дыктатар?


Помнік кіраўніку Туркмэністану Сапармурату Ніязаву
Помнік кіраўніку Туркмэністану Сапармурату Ніязаву

Цікавыя аргумэнты і гістарычныя аналёгіі на гэты конт можна знайсьці ў працы дзьвюх дасьледчыц Андрэа Кендал-Тэйлар і Эрыкі Франц «Калі дыктатары паміраюць», апублікаванай у кастрычніку летась у Journal of Democracy.

Яны вывучылі наступствы 495 выпадкаў сыходу аўтарытарных лідэраў, якія адбыліся за больш чым паўстагодзьдзя — з 1946-га па 2012-ы год. Зь іх 79 аўтарытарных лідэраў сышлі ў выніку натуральнай сьмерці на сваёй кіроўнай пасадзе.

Які сыход часьцей прыводзіць да дэмакратыі? І як будуць разьвівацца падзеі ў Беларусі на падставе статыстыкі дысьледчыц? Пра гэта з палітолягам, заснавальнікам Цэнтру новых ідэяў Рыгорам Астапенем гутарыў Юры Дракахруст.

— Рыгор, вы ўжо пісалі пра гэта. Давайце пагаворым больш падрабязна. Наколькі вялікія, паводле дасьледаваньня, шанцы на тое, што дыктатар ціха сканае ў сваім ложку і на сваёй пасадзе, а пасьля яго забуяе дэмакратыя? Мы бачылі адваротныя прыклады — Туркмэністан, Паўночная Карэя, Азэрбайджан, Узбэкістан. Ці часта бывае ня так?

Рыгор Астапеня
Рыгор Астапеня

​—​ Насамрэч пасьля сьмерці дыктатара дэмакратыя наступае вельмі рэдка, толькі ў 4% выпадкаў. Адзін з самых яскравых прыкладаў — гэта Гішпанія пасьля сэходу генэрала Франка, і тое трэба прызнаць, што ён сам заклаў некаторыя падмуркі гэтай дэмакратыі, калі заявіў, што пасьля яго сьмерці будзе кароль, які фактычна і прывёў краіну да дэмакратыі. Пасьля сьмерці дыктатара, як правіла, застаецца аўтарытарызм. Гэта можа быць аўтарытарызм старых элітаў (87%), якія проста абіраюць новага аўтарытарнага лідэра, альбо гэта можа быць новы аўтарытарызм (9%), калі новы чалавек захоплівае ўладу і кіруе аўтарытарным чынам.

—​ А якія іншыя шляхі сыходу часьцей за ўсё вядуць да дэмакратычнага транзыту?

—​ Фактычны любы іншы шлях сыходу дыктатара часьцей вядзе да дэмакратыі, да зьмены сыстэмы, чым яго фізычная сьмерць на пасадзе. Сьмерць ня ёсьць наступствам палітычнага рашэньня, палітычнага дзеяньня. Палітычныя дзеяньні, такія як выбары, перавароты, ваенная інтэрвэнцыя, вядуць да зьменаў куды часьцей, чым сьмерць.

—​ А чаму сьмерць так рэдка прыводзіць да дэмакратычнага транзыту? Шмат у якіх аўтарытарных краінах, і ў Беларусі ў тым ліку, кажуць, што на першай асобе ўся сыстэма замыкаецца, што ён такі харызматычны, і ўся сыстэма нясе адбітак яго асобы. І раптам гэтай асобы, гэтага стрыжня сыстэмы раптам няма. Чаму так часта гэты «шынэль» дыктатара пасуе яго пераемнікам, нярэдка не такім харызматычным і аўтарытэтным?

—​ Мы ня ведаем, калі Аляксандар Лукашэнка пакіне гэты сьвет, ня ведаем, ці адбудуцца зьмены пасьля яго сыходу, ці раней. Але базавы сцэнар, які шмат хто ў Беларусі прызнае — гэта тое, што нас зь ім разлучыць толькі сьмерць.

Я мяркую, што пасьля менавіта такога «разьвітаньня» шанцы на ўсталяваньне дэмакратыі вельмі нізкія. Сыстэма ўжо збудаваная. Гэты «шынэль» трэба проста некаму апрануць. Калі ёсьць пэўнае кола людзей, якія зацікаўленыя ў захаваньні гэтай сыстэмы, калі ёсьць кланы, групы інтарэсаў, якія хочуць і надалей мець рэнту з гэтай сыстэмы — навошта нешта мяняць?

Нават там, дзе існаваў і існуе фанатычны культ, як у Туркмэністане ці Паўночнай Карэі, нават там мы бачым, як сыход уладара прыводзіць да новага аўтарытарызму. А да тамтэйшага ўзроўню культу Лукашэнка і блізка не стаіць.

—​ А варыянт спадкаемцы, якому фактычна ці нават юрыдычна перадаецца ўлада — ён трапляе ў выбарку дасьледчыц? Аўтарытарны патрыярх перадае ўладу сыну ці нейкаму іншаму ўхваленаму, адабранаму ім пераемніку — гэта таксама разглядаецца як сыход?

—​ Не, у дасьледаваньні такі варыянт не разглядаецца, там разглядаюцца альбо натуральны, фізычны сыход ці рознага кшталту спробы адхіленьня ад улады.

У прынцыпе са спадкаемцамі такая дзіўная рэч — яны насмрэч аказваюцца вельмі рэдкімі. Усе пра гэта думаюць, аўтарытарныя лідэры разважаюць пра тое, як яны перададуць сваю ўладу, перадусім сынам. Але гэта ня так часта адбываецца пры іх жыцьці.

Таму што яны маюць праблему з уласнымі элітамі. Нават калі б нават сёньня Аляксандар Лукашэнка сказаў беларускай кіроўнай эліце, што пасьля яго будзе кіраваць Коля, гэта б засмуціла многіх у гэтай эліце. Там людзі могуць мець уласныя спадзевы і амбіцыі.

Таму сёньня беларускі аўтарытарны кіраўнік ня можа проста абвясьціць гэта. І так адбывалася шмат у якіх краінах. Там правадыры часам шмат гадоў хварэлі, але ўсё ж не абвяшчалі, хто будзе пасьля іх.

​ Ці ёсьць нейкая залежнасьць ад прыроды рэжымаў? Пры сыходзе правадыроў якіх рэжымаў часьцей адбываецца дэмакратычны транзыт?

—​ Там альтэрнатыва захаваньню сыстэмы — ня толькі дэмакратычны транзыт, але і паўстаньне новага аўтарытарызму. Калі глядзець так, то транзыт да дэмакратыі ці да новага аўтарытарызму адбываецца ў патэрналісцкіх рэжымах і вайсковых дыктатурах. Бо ў гэтых рэжымах няма інстытуцыйнага мэханізму перадачы ўлады.

У манархіях усё проста — кароль памёр, хай жыве кароль. І ў аднапартыйнай сыстэме ёсьць пэўны легітымізаваны мэханізм перадачы ўлады, як, скажам, у сучасным Кітаі.

У выпадку сучаснай Беларусі сыстэма ня ведае, якія правілы перадачы ўлады. Скажам, у Туркмэністане пры Ніязаве фармальна правілы існавалі — пасьля сьмерці лідэра кіраўніком дзяржавы павінен стаць сьпікер парлямэнту. Але пасьля сьмерці Ніязава сьпікера парлямэнту проста арыштавалі, а прэзыдэнтам стаў намесьнік старшыні ўраду Бэрдымухамэдаў.

Пэрсаналісцкія рэжымы — найбольш нестабільныя ў момант пераходу ўлады.

—​ У працы Андрэа Кендал-Тэйлар і Эрыкі Франц разглядаецца лёс самых розных аўтарытарных рэжымаў на розных кантынэнтах. Але далёка ня ўсе зь іх мелі такога «старэйшага брата», як цяперашняя Рэспубліка Беларусь у выглядзе РФ. Фактар Расеі, яе ўплыву — якую ролю ён будзе адыгрываць падчас пераходу ўлады?

—​ Пытаньне ў тым, у якім стане будзе Расеі ў момант сьмерці Аляксандра Лукашэнкі. Калі гэта сёньняшняя Расея, якая паказала сябе досыць агрэсіўнай, то я думаю, што яна будзе моцна прасоўваць свайго пратэжэ. І для іх ня будзе вялікага значэньня прырода новага рэжыму, ім самае галоўнае будзе паставіць свайго чалавека. А ці будзе гэта захаваньне старога рэжыму, ці новы аўтарытарызм, ці дэмакратыя — гэта для іх будзе другасна.

—​ А як вы ўяўляеце сабе прыход свайго для Расеі ў дэмакратычным рэжыме?

—​ Я сабе слаба гэта ўяўляю. Але мы ня ведаем, калі адбудзецца гэты транзыт. Гэта можа адбыцца празь шмат гадоў і мы ня ведаем, як будзе Расея выглядаць у той час.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG