За паўгоду да сьмерці Аляксандра Коржыча ў той жа вайсковай частцы ў Печах памёр яшчэ адзін салдат тэрміновай службы, паведамляе «Эўрарадыё».
Паводле афіцыйных зьвестак, Аляксандар Статуеў страціў прытомнасьць падчас шыхтаваньня на вачах саслужыўца — у салдата спынілася сэрца.
Крымінальную справу не заводзілі
Маёр Сьледчага камітэту Г. Матусевіч месяц праводзіў праверку, але не знайшоў падставаў распачаць крымінальную справу. Судова-мэдычны экспэрт Сяргей Золін да гэтага часу завяршыў экспэртызу:
«Сьмерць Статуева А. А. наступіла ад вострай сардэчнай недастатковасьці з прычыны ішэмічнай хваробы сэрца ў спалучэньні з дробнаагмянёвым сэрозным міякардытам. Падчас дасьледаваньня на целе Статуева А. А. якіх-небудзь цялесных пашкоджаньняў ня выяўлена».
Хваробу выклікалі зьмены ўмоваў жыцьця?
Упраўленьне аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкаму сьцьвярджае, што Аляксандар Статуеў на момант прызыву ў войска быў прыдатным для службы ў войску зь нязначнымі абмежаваньнямі. Пры гэтым абмежаваньні былі абумоўленыя міжхрыбеткавым астэахандрозам.
Крыніца, блізкая да Статуева, распавяла, што загінулага салдата запрашалі на службу ў міліцыю і перад войскам ён праходзіў абсьледаваньне ў паліклініцы МУС:
«Ён цягам содняў насіў адмысловую прыладу, якая аўтаматычна вядзе бесьперапынную рэгістрацыю электракардыяграмы. Ён быў прыдатны для службы ў МУС, але перадумаў».
Мэдыкі сьцьвярджаюць, што падставай для ішэмічнай хваробы маглі стаць зьмены ўмоваў жыцьця:
«Захворваньне (ішэмічная хвароба сэрца) у Статуева А. А. разьвілася востра, бяз скаргаў кардыялягічнага характару, падчас службы ў шэрагах Узброеных сілаў і праявілася ў выглядзе ўстойлівых спазмаў каранарных артэрыяў, імаверна, абумоўленае зьменамі ўмоваў жыцьця, рэжыму працы і адпачынку, значным павелічэньнем фізычных нагрузак».
У моргу падчас агляду цела сваякі не заўважылі сьлядоў зьбіцьця.
«Але гэта быў візуальны агляд, перакананьня, што ён ня быў загрымаваны, няма», — кажа крыніца.
Казаў маці пра нестатутныя ўзаемаадносіны
Маці загінулага вайскоўца Лілія Статуева кажа, што сын казаў ёй пра нестатутныя адносіны, але на «дзедаўшчыну» ня скардзіўся:
«Сын ніколі мне ні на што не скардзіўся, бо ён мяне шкадаваў. Заўсёды казаў: усё, мама, добра! Наконт грошай — таксама, няшмат я яму давала. 200 рублёў, калі езьдзіла на прысягу, і ў Печы да яго езьдзіла таксама, 200 рублёў дала. На картцы яшчэ былі грошы, але ён іх ня ўсе патраціў. Ён у мяне ніколі нічога не прасіў! Таму ня буду браць грэх на душу і казаць пра „дзедаўшчыну“. Адзінае —ён казаў, што нестатутныя адносіны, а больш нічога не казаў. Я ня ведаю, што і думаць».
Пасьля сьмерці Коржыча пачалі дадатковую праверку, якую пасьля прыпынілі
Пасьля гібелі ў Печах Аляксандра Коржыча старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч запатрабаваў для дадатковай праверкі матэрыялы па фактах сьмерці і нанясеньні цялесных пашкоджаньняў вайскоўцам за апошнія шэсьць гадоў. Праверку па факце сьмерці Аляксандра Статуева аднавілі 10 кастрычніка. Правяраць даручылі маёру Матусевічу, які ў сакавіку не знайшоў прычынаў распачаць крымінальную справу.
На наступны дзень, 11 кастрычніка, сьледчы даручае Цэнтральнай вайскова-лекарскай камісіі Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусі правесьці пасьмяротную вайскова-лекарскую экспэртызу. Яе мэта — даведацца, ці цярпеў Аляксандр Статуеў на нейкія захворваньні падчас прызыву ў войска, ці быў насамрэч прыдатны для службы і ці не памыліліся дактары падчас абсьледаваньня хлопца.
Праз 2 дні пасьля аднаўленьня праверкі маёр Матусевіч прыпыніў яе, пакуль ня будуць гатовыя вынікі экспэртызы. Ані слова пра «дзедаўшчыну» ці паўторную судова-мэдычную экспэртызу.