Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салдат з роты Коржыча ў Печах застаўся бяз вока


Вайсковая частка ў Печах, ілюстрацыйнае фота
Вайсковая частка ў Печах, ілюстрацыйнае фота

У той жа частцы і ў той жа роце, дзе служыў загінулы Аляксандар Коржыч, 22-гадовы хлопец са Слоніма страціў вока ў час танкавых стрэльбаў. Пра здарэньне незалежна распавялі «Эўрарадыё» і «Мэдыя-Палесьсье».

Ігар Тропец 2 верасьня 2016 году страціў вока ў выніку здарэньня, калі ён быў наводчыкам у час танкавых стрэльбаў пад кіраўніцтвам лейтэнанта Віктара Санюка, сьцьвярджае пацярпелы. Калі ён узводзіў гармату з укладным ствалом, мэханік пачаў выяжджаць з акопу — і гармата стукнула яго ў правае вока, «усё было зламана».

Тропца перабінтавалі і адвезьлі ў мэдычную роту ў Печах, але доктар, як сьцьвярджае пацярпелы, сказаў, што нічога ня зможа зрабіць, а камандзір роты Павал Сукавенка параіў пацярпеламу «сказаць, што сам падлез». Пасьля Тропца адвезьлі ў Ваенны шпіталь у Менску, дзе ён правёў тры дні ў рэанімацыі і агулам два месяцы ў лякарні. Падчас гэтага, сьцьвярджае пацярпелы, Санюк і намесьнік начальніка роты Вадзім Даніленка прасілі яго напісаць тлумачальную аб здарэньні, вэрсіі Тропца і Санюка разышліся.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Маці пацярпелага напісала ліст міністру абароны, атрымала адказ: справа закрытая, віна за здарэньне ўскладзеная на ейнага сына. Тропец атрымаў інваліднасьць, але ад войска ніякіх выплатаў не прызначылі. Цяпер ён ня можа знайсьці працу ці перакваліфікавацца на наяўныя ў рэгіёне вакансіі, жыве на пэнсію па інваліднасьці.

Як кажа Тропец, ніхто ня быў пакараны сур’ёзна: Санюка перавялі ў іншую роту, Сукавенка працягнуў служыць і атрымаў падвышэньне (але пазьней быў затрыманы пасьля сьмерці Коржыча), начальнік школы Аляксандар Чарноў і прапаршчык роты Артур Вірбал працягнулі служыць (апошні цяпер затрыманы, падазнаецца ў махлярстве — сябры Коржыча сцьвярджаюць, што ён здымаў грошы з карткі загінулага). Пацярпелы заяўляе, што ў частцы былі розныя праявы дзедаўшчыны (Вірбал нібы напазычаў у салдат грошы і не вярнуў, сяржант забіраў у салдатаў часткі перадач ад бацькоў), на якія начальства «заплюшчвала вочы».

Цяпер Тропец зьбіраецца зьвярнуцца ў Сьледчы камітэт, каб абставіны здарэньня былі вывучаныя наноў — і каб былі пакараныя тыя, каго ён лічыць вінаватымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG