Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ведаюць украінскія школьнікі пра Беларусь. У школе пад Кіевам прайшло сьвята беларускай мовы


У Ірпенскай спэцыялізаванай агульнаадукацыйнай школе з вывучэньнем замежных моваў беларускую вывучаюць ужо 12 гадоў. Пакуль — факультатыўна, але з часам плянуюць вывучаць зь першае клясы.

І штогод украінскія школьнікі разам з настаўнікамі ладзяць сьвята беларускай мовы. Сёлета яно супала з Днём украінскай мовы і пісьменства, што адзначаецца ва Ўкраіне 9 лістапада, калі праваслаўная царква ўспамінае легендарнага аўтара «Аповесьці мінулых гадоў» Нестара-летапісца.

На сьвята беларускай мовы прыйшлі бацькі, прадстаўнікі мясцовай улады і беларускага пасольства ў Кіеве. Паводле дырэктара школы Валянціны Антоненкі, менавіта яно дапамагло школе з падручнікамі і сшыткамі для практыкаваньняў. Сёньня кожны вучань трэцяй клясы, у якой выкладаецца беларуская мова, атрымаў яшчэ адзін падарунак ад дыпляматаў — шакалядку «Алёнка» і значок сяброўства Беларусі з Украінаю.

Дапамог зладзіць сьвята мясцовы творчы калектыў «Коларытмы». Акторы гнутка пераходзілі з украінскай на беларускую мову, а дзеці актыўна адказвалі на пытаньні, што яны ведаюць пра Беларусь:

  • вялікія гарады,
  • рэкі,
  • традыцыі дажынак і кірмашоў,
  • дзяржаўны сьцяг.
У цэнтры стаіць прэсавы сакратар пасольства Беларусі ва Ўкраіне Герман Пузырны
У цэнтры стаіць прэсавы сакратар пасольства Беларусі ва Ўкраіне Герман Пузырны

«Насамрэч нашыя акторы ня ведаюць беларускае мовы, — прызналася кіраўніца творчага калектыву „Коларытмы“ Сьвятлана Юрчанка. — Мы тыдзень рыхтавалі гэтае сьвята, зьбіралі матэрыял з даступных крыніц, найперш з інтэрнэту. Знаўцаў беларускай мовы мы, на жаль, не маглі далучыць. Мы як украінцы спрабавалі максымальна наблізіцца да беларускае мовы й культуры».

Сьвятлана Юрчанка
Сьвятлана Юрчанка

У кастрычніку Радыё Свабода наведвала ўрок беларускай мовы ў гэтай школе. Тады ўжо кожны з 12 вучняў, якія наведваюць факультатыў, назваў свае любімыя беларускія словы: «аблокі», «сонейка», «чаўнок».

Як ва Ўкраіне вывучаюць беларускую мову
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:59 0:00

Беларускую мову выкладае Ганна Ткачэнка, якая і сама яшчэ вучыцца ў Кіеўскім нацыянальным унівэрсытэце імя Шаўчэнкі. Ёй падабаецца выкладаць беларускую мову малым дзеткам, хаця гэта яе першы самастойны досьвед.

Сёлета ў ліпені падчас сустрэчы ў Кіеве прэзыдэнты Пятро Парашэнка і Аляксандар Лукашэнка дамовіліся пра вывучэньне на парытэтнай аснове беларускай мовы ва Ўкраіне і ўкраінскай у Беларусі.

Як ва Ўкраіне вучаць беларускую мову

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG