Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская мова загучала ў Гомельскім цэнтры беларускай культуры


Курсы ўкраінскай мовы адкрыліся 28 кастрычніка ў Гомельскім цэнтры беларускай мовы і культуры на вуліцы Кірава.

На першыя заняткі прыйшлі тры дзясяткі гараджанаў пераважна маладога ўзросту. Але ня толькі. Вывучаць украінскую мову пажадалі й старэйшыя гамельчукі.

Багдан Дземкіў
Багдан Дземкіў

Нязьменны кіраўнік украінскай дыяспары ў Гомлі Багдан Дземкіў кажа, што такія курсы запачаткаваныя ўжо ў Менску, і гораду над Сожам, які аддзяляюць ад Украіны нейкія сорак кілямэтраў, адставаць не з рукі.

Родная мова ліецца песьняй

Адкрываючы курсы, старшыня гарадзкой арганізацыі таварыства Беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алеся Аўласевіч павітала ўсіх, хто прыйшоў сёньня ў Цэнтар беларускай культуры:

«Спадзяюся, што гэта ёсьць пачатак дужа добрай справы. Украінская мова мае зь беларускай 80 адсоткаў падобнай лексыкі. Для мяне родная беларуская мова ліецца, як песьня. Жадаю, каб вывучэньне ўкраінскай для вас таксама стала цудоўнай песьняй».

Багдан Дземкіў дадае, што падабенства моваў нават большае — ажно 84 адсоткі. Паводле апошняга перапісу, у Гомлі жыве каля 20 тысяч украінцаў. Багата зь іх працавалі й працуюць на гомельскіх прадпрыемствах. Дый гістарычна ў Беларусі і Ўкраіны цесныя повязі. Жылі раней, па сутнасьці, у адной дзяржаве, мелі Статут ВКЛ. Полацкая княжна Рагнеда — маці вялікага князя кіеўскага Яраслава Мудрага, а той, у сваю чаргу, бацька, дзед, дзядзька шэрагу правіцеляў Эўропы.

Мова дапаможа прафэсіі

Бальшыня прысутных, хто прыйшоў на першыя заняткі курсаў, маюць украінскія карані.

Надзея Васевіч з дачкою Тацянай
Надзея Васевіч з дачкою Тацянай

«Я нарадзілася ў Гомлі, — кажа Надзея Васевіч, — але бацькі мае з Украіны. Мама — з Ноўгараду-Северскага, а тата — зь Мены. Прыйшла на курсы, бо хачу на слых успрымаць украінскую мову і, канечне, размаўляць на гэтай мове, калі бываю ва Ўкраіне. З дачкою Тацянай прыйшлі».

Спадарыня Тацяна, як і маці, эканаміст па прафэсіі:

«Бывае, даводзіцца па працы стасавацца з украінскімі арганізацыямі. Яны там гавораць па-ўкраінску, а я ня ўсё разумею. Размаўляю пераважна на расейскай мове, ведаю ангельскую. Хачу вывучыць і ўкраінскую. Па бацькавай лініі я беларуска, па матчынай — украінка».

У невялікім памяшканьні Цэнтру беларускай мовы і культуры, дзе ладзяцца заняткі, на крэслах завязаныя ўзорчатыя паяскі ды палоскі паперы з прозьвішчамі тых, хто загадзя запісаўся на курсы. Але ахвочых займацца прыйшло больш, і Віталь Бурдзілаў саступае сваё месца жанчыне, а сам садзіцца наўпрост на падлогу. Тое ж робяць і некаторыя беларусы, якія таксама пажадалі «падцягнуць» украінскую мову.

Родная мова ў сэрцы — годны чалавек

Выкладаць украінскую мову пагадзілася Надзея Дрозд. Яна нарадзілася ва Ўкраіне, але стала жыве ў Гомлі. Замужам за беларусам. Прыйшла на заняткі ў нацыянальнай вышыванцы. У свой час скончыла інстытут у Кіеве. У працоўнай біяграфіі Надзеі Ігараўны ёсьць і пэдагагічная праца — выкладала этыку ў цэнтры моды й прыгажосьці «Крыштальная німфа».

Выкладчыца Надзея Дрозд
Выкладчыца Надзея Дрозд

Спадарыня Дрозд патлумачыла, што не зьбіраецца весьці заняткі як для філёлягаў. На курсах найперш будуць навучацца камунікацыі, стасункам, размоўнай мове.

«Я пераканалася, — кажа Надзея Дрозд, — што ўкраінцам ня трэба перакладаць беларускую мову, а беларусам — украінскую. Яны разумеюць адны адных. Хачу, каб галоўнай ідэяй нашага навучаньня, нашай суполкі сталі словы вялікага аварца Расула Гамзатава: „Калі заўтра мая родная мова зьнікне, то я гатовы сёньня памерці“. Ведаю, чалавек, які пусьціў у сваё сэрца ўкраінскую мову, будзе годным чалавекам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG