Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэрыял «Картачны домік» закрылі пасьля абвінавачаньня галоўнай зоркі Кевіна Спэйсі ў дамаганьнях да непаўналетняга

абноўлена

Кевін Спэйсі, архіўнае фота
Кевін Спэйсі, архіўнае фота

Амэрыканскі інтэрнэт-канал Netflix вырашыў спыніць сэрыял «Картачны домік» (House of Cards) пасьля здымак шостага сэзону — выканаўцу галоўнай ролі Кевіна Спэйсі абвінавацілі ў сэксуальных дамаганьнях у дачыненьні непаўналетняга, на што ён папрасіў прабачэньня і заявіў пра сваю бісэксуальнасьць.

Крыніцы CNN і Hollywoor Reporter паведамлялі, што падзеі не зьвязаныя і што рашэньне аб закрыцьці сэрыялу прынялі за два месяцы да скандалу з Кевінам Спэйсі. Але Netflix і студыя Media Rights Capital у заяве, якую перадае Gizmodo, гавораць аб здарэньні іначай:

«Media Rights Capital і Netflix глыбока занепакоеныя ўчорашняй навіной наконт Кевіна Спэйсі. У адказ на ўчорашнія заявы кіраўнікі нашых кампаніяў сёньня прыехалі ў Балтымар, каб сустрэцца з нашымі акторамі і камандай і пераканацца, што яны па-ранейшаму адчуваць сябе ў бясьпецы і маюць падтрымку. Як і было заплянавана раней, Кевін Спэйсі не працуе на здымачнай пляцоўцы ў гэты час».

Прадстаўнік Netflix пацьвердзіў Gizmodo, што шосты сэзон сэрыялу будзе апошнім, але не адказаў, калі было прынятае рашэньне — да ці пасьля скандалу са Спэйсі.

Абноўлена: Netflix і MRC пазьней заявілі Deadline, што прыпынілі здымкі шостага сэзону сэрыялу ў сувязі зь «цяперашняй сытуацыяй»

Спэйсі абвінавацілі ў пэдафіліі, ён адказаў, што ня памятае такога і што ён бісэксуал

Актор Энтані Рэп, вядомы па сэрыяле «Зорны шлях: Дыскавэры» (Star Trek: Discovery), заявіў у інтэрвію Buzzfeed, што ў 1986 годзе, калі яму было 14 гадоў, 26-гадовы Спэйсі запрасіў яго да сябе ў кватэру, глядзеў зь ім ТВ, праз пэўны час схапіў яго, паклаў на ложак і забраўся на яго, спрабаваў зрабіць нейкія дзеяньні сэксуальнага характару. Рэп кажа, што вырваўся і ўцёк, больш за 30 гадоў не размаўляў са Спэйсі пра тую ноч і не расказваў пра гэта нікому.

Спэйсі апублікаваў у Twitter заяву пра тое, што «ня памятае пра здарэньне»:

«Але калі я паводзіў сябе так, як ён апісвае, я шчыра перад ім прашу прабачэньня за тое, што магло быць вельмі няправільнымі п’янымі паводзінамі, і мне шкада, што пачуцьці, якія ён апісвае, былі зь ім усе гэтыя гады».

У сувязі са здарэньнем Спэйсі вырашыў расказаць, што меў рамантычныя стасункі з мужчынамі і жанчынамі, але цяпер вырашыў жыць выключна гомасэксуальным жыцьцём.

Карыстальнікі інтэрнэту неадназначна ўспрынялі адказ Спэйсі: маўляў, быць бісэксуалам ці геем — гэта адна справа, а дамагацца непаўналетняга — зусім іншая.

Абноўлена: Кевіна Спэйсі пазбавілі ганаровай прэміі «Эмі» праз абвінавачваньні ў дамаганьнях

Сэрыял пра фантастычнага прэзыдэнта ЗША, які глядзеў рэальны прэзыдэнт ЗША

«Картачны домік» — адзін з самых пасьпяховых сэрыялаў сучаснасьці і, у прыватнасьці, адзін з найважнейшых у гісторыі Netflix. Запушчаны ў 2013 годзе, «Картачны домік» зьявіўся пасьля аналізу густаў карыстальнікаў: яны хацелі палітычную драму, любілі актора Кевіна Спэйсі і рэжысэра Дэвіда Фінчэра.

Сэрыял атрымаў тры дзясяткі ўзнагародаў і высокія ацэнкі крытыкаў, а таксама папулярызаваў мадэль Netflix, калі сэрыялы выпускаюцца адразу цэлымі сэзонамі, а не выдаюцца па адной сэрыі на тыдзень. На адзін сэзон «Картачнага доміка» трацілі дзясяткі мільёнаў даляраў. Посьпех сэрыялу падштурхнуў Netflix здымаць іншыя арыгінальныя тэлешоў.

Хоць «Картачны домік» паказваў амэрыканскую палітыку жорсткай, карумпаванай і бесчалавечнай, яго ўпадабалі ў тым ліку палітыкі. У 2014 годзе перад пачаткам чарговага сэзону тагачасны прэзыдэнт ЗША Барак Абама прасіў у Twitter «не рабіць спойлераў» — не пераказваць яму, што было ў сэрыяле, каб ён мог сам усё даведацца ў час прагляду.

Герой Спэйсі ў сэрыяле быў бісэксуалам

У другім сэзоне «Картачнага доміка» прэзыдэнт Фрэнк Андэрвуд, ролю якога выконвае Спэйсі, меў групавы сэкс з жонкай і мужчынам-целаахоўнікам, у тым ліку цалаваўся з мужчынам.

На пытаньні, ці быў Андэрвуд бісэксуальным пэрсанажам, сцэнарыст Бо Уілімон тлумачыў, што герой Спэйсі — «чалавек зь вялікім апэтытам», які не дазволіць абмяжоўваць сябе нейкімі рамкамі. У незалежнасьці ад полу партнэра, Андэрвуд ставіць на першае месца давер чалавеку. У сэрыяле Андэрвуд казаў, што «калі яго хтосьці прывабліве, то яго хтосьці прывабліве — і кропка».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG