Спэцыялісты санэпідэмслужбы ацанілі выкананьне санітарна-эпідэміялягічных нормаў у 388 школьных харчовых блёках. У выніку выяўленых парушэньняў прынятыя адміністрацыйныя меры ў дачыненьні да 309 службовых асобаў, у тым ліку да 140 кіраўнікоў, падрыхтавана 316 прадпісаньняў аб ліквідацыі парушэньняў.
Сярод тыповых недахопаў па выніках праверкі названыя:
- невыкананьне санітарна-супрацьэпідэмічнага рэжыму, абумоўленае чалавечым фактарам (напрыклад, невыкананьне рэжыму ўборкі памяшканьняў харчовага блёку, невыкананьне правілаў асабістай гігіены работнікамі, адсутнасьць умоваў для яе выкананьня);
- не выконваюцца нормы харчаваньня, не праводзяцца пробы прыгатаваных страваў для вызначэньня якасьці прадукцыі;
- выяўленыя парушэньні ў частцы бясьпекі харчовай сыравіны і прадуктаў (гаворка пра адсутнасьць дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць іх якасьць і бясьпеку, парушэньні ўмоваў захоўваньня прадуктаў).
Інфармацыйныя лісты аб выніках праверак накіраваныя ў раённыя аддзелы адукацыі, а таксама рай- і гарвыканкамы.
Раней Аляксандар Лукашэнка, выступаючы са штогадовым пасланьнем да беларускага народу і Нацыянальнага сходу 21 красавіка, калі казаў пра затрыманьне службовых асобаў на чале з начальнікам галоўнага ўпраўленьня спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Сяргеем Барысевічам, абурыўся карупцыйнай схемай, арганізаванай, паводле дадзеных КДБ, з удзелам Барысевіча, і выказаўся пра харчаваньне ў школах:
«Што атрымліваецца: у горадзе-героі Менску адкідамі дзяцей у школах корміце! У дзевяці раёнах дзевяць злачынных груп зьбіраюць падачкі з кухараў школьных і тых, хто забясьпечвае школьным харчаваньнем. У канвэртах грошы нягодніку зьбіраюць! (...) Вашыя ж дзеці і ўнукі ў школах гэтых сядзяць! Тое, што ўчора не выкарыстоўвалі, — перамалолі і дзецям назаўтра далі... », — сказаў тады кіраўнік дзяржавы.