У Беларусі распрацаваны праект Закону аб дзіцячым харчаваньні. Ён прадугледжвае вытворчасьць новых відаў якаснага дзіцячага харчаваньня, ільготнае фінансаваньне вырабу лінейкі прадуктаў для дзяцей, для цяжарных жанчын, для людзей з алергіяй на асобныя харчы. Закранае ён і дзіцячы рацыён у школах і дзіцячых садках. Але пакуль няма пэўнасьці, калі Закон будзе прыняты, бо ў пляны на разгляд у парлямэнце на 2016 год гэты праект не ўвайшоў.
Асноўны распрацоўшчык праекту Закону аб дзіцячым харчаваньні — Навукова-практычны цэнтар Нацыянальнай акадэміі навук па харчаваньні. У суседніх Расеі і Ўкраіне такія законы даўно ўжо прынятыя, кажа намесьніца генэральнага дырэктара па стандартызацыі і якасьці прадуктаў Цэнтру Алена Маргунова:
У пляны на разгляд у парлямэнце ў 2016 годзе гэты праект не ўвайшоў.
«У Беларусі ж мы сутыкнуліся з такім меркаваньнем: маўляў, „у нас ёсьць агульны Закон аб харчовай бясьпецы, дзе ёсьць невялікія разьдзелы па дзіцячым харчаваньні, і гэтага дастаткова“. Ня ведаю, наколькі мы пераканалі ўрад, але спрабуем прасунуць гэты законапраект.
Праца над ім пачалася яшчэ ў 2008 годзе. У 2015 годзе мы разаслалі канцэпцыю праекту ва ўсе міністэрствы і ведамствы, атрымалі водгукі. І вось цяпер мы распрацавалі адмысловы праект, але наколькі ён прасунецца далей — на ўзроўні ўраду, я не магу сказаць. Пры Савеце міністраў была створана працоўная група па дапрацоўцы і разглядзе ўсіх заўваг і прапаноў да гэтага праекту, але група яшчэ не зьбіралася. І ў пляны на разгляд у парлямэнце ў 2016 годзе гэты праект не ўвайшоў».
Усе без выключэньня бацькі занепакоеныя, чым іх дзетак кормяць у школе і дзіцячым садку. Не сакрэт, што многія школьнікі не ў захапленьні ад абедаў у школьных сталоўках. Кухар, блогерка, аўтарка кулінарных кніг для дзяцей і дарослых Арына Лісецкая перакананая: у школьным харчаваньні ўсё залежыць ад кухара, які гатуе дзеткам:
Кожны павінен пачаць зь сябе: пастаўшчык прадуктаў павінен разумець, што ён пастаўляе харчы дзецям. Кухар таксама павінен усьвядоміць, што калі ты якасна робіш сваю працу, ты паважаеш сябе.
«Я за сваё дзяцінства памяняла 5 школ, цяпер мае дзеці школьнікі, і магу параўнаць. У школе ў пасёлку Рудзенск і ў адной са школ Менску есьці было немагчыма. А ў каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка кухар так смачна гатаваў нават тэфтэлькі на пары, што мы зьядалі ўсё і нават былі расьпешчаныя смачнай ежай. Маёй старэйшай дачцэ вельмі пашанцавала ў дзіцячым садку — там гатавалі вельмі смачна! А ў школе дзіця ня хоча есьці, просіцца: „Мамачка, можна, я прыйду дадому паабедаць, бо ў школе нясмачна!“ Вымушаны былі адмовіцца ад абедаў у школе, даём з сабой перакус. Так што тут толькі асабістыя адносіны чалавека да сваёй працы. Кожны павінен пачаць зь сябе: пастаўшчык прадуктаў павінен разумець, што ён пастаўляе харчы дзецям. Кухар таксама павінен усьвядоміць, што калі ты якасна робіш сваю працу, ты паважаеш сябе.
Што тычыцца законапраекту аб дзіцячым харчаваньні — гучыць прыгожа. Як будзе на справе — пабачым», — кажа Арына Лісецкая.
Як бы смачна ні гатавалі кухары ў школе ці маці дома, многія дзеці, нават калі бацькі ім не дазваляюць купляць шкодныя чыпсы ці напоі, усё адно на кішэнныя купляюць нізкаякасны фастфуд ці газаваныя салодкія напоі. І забаронай тут нічога не даможасься, лічыць намесьніца генэральнага дырэктара НПЦ Акадэміі навук па харчаваньні Алена Маргунова:
Па-першае, усё ідзе ад сям’і — якая культура харчаваньня ў сям’і. Па-другое, гэта асьветніцкая праца.
«Па-першае, усё ідзе ад сям’і — якая культура харчаваньня ў сям’і. Па-другое, гэта асьветніцкая праца. Як гэта ні банальна гучыць, трэба, каб бацькі, выхавацелі ў садках, настаўнікі тлумачылі дзеткам змалку, што карысна, што шкодна. У нашым цэнтры створана адукацыйная праграма для выхавацеляў дзіцячых садкоў і школьных настаўнікаў, як у папулярнай форме патлумачыць. Трэба вучыць культуры харчаваньня».
Прадпрыемствы, якія займаюцца вырабам прадукцыі дзіцячага харчаваньня, павінны мець на дзяржаўным узроўні льготныя прэфэрэнцыі, а таксама ўлічваць магчымасьці бацькоў аплачваць абеды ў школах і садках, каб харчаваньне было збалянсаванае, разнастайнае і ня біла па кішэні бацькоў, кажа Алена Маргунова.
Натуральна, кухару ў садку ці школе прасьцей адварыць сасіскі, чым згатаваць больш карысныя сырнікі. І, вядома, лепш замяніць сасіскі кавалкам натуральнага мяса. Зрэшты, нічога страшнага, калі раз на месяц яны будуць у мэню школьніка, лічыць суразмоўца:
Назвы сасісак кшталту „Тыграняты“, „Татошкі“, „Калабкі“ зусім не азначаюць, што гэтыя сасіскі прызначаныя для дзіцячага харчаваньня. Уважліва чытайце этыкетку, складнікі.
«Але яны павінны цалкам адпавядаць жорсткім патрабаваньням да дзіцячага харчаваньня. Тыя ж сасіскі „Алфавіткі“, да прыкладу, цалкам адпавядаюць. Але трэба навучыцца чытаць інфармацыю пра прадукты на этыкетках.
Назвы сасісак кшталту „Тыграняты“, „Татошкі“, „Калабкі“ зусім не азначаюць, што гэтыя сасіскі прызначаныя для дзіцячага харчаваньня. Уважліва чытайце этыкетку, складнікі. На этыкетцы павінна быць напісана, зь якога мяса яны зробленыя, якой катэгорыі, што яшчэ ўваходзіць. І калі ёсьць адмысловая пазнака, што прадукцыя прызначаная „для дзіцячага харчаваньня“, можаце сьмела даваць гэтыя сасіскі дзеткам».
На пытаньне, чаму ж дзеці так любяць газаваныя салодкія напоі, чыпсы, ролтан ды іншыя далёка не карысныя прадукты, Алена Маргунова адказала так:
«Ідзе прывыканьне. Да прыкладу, у пэпсі-коле, кока-коле ўтрымліваюцца цукразамяняльнікі, у чыпсах — пэўныя кансэрванты, якія выклікаюць своеасаблівы смак, чым больш п’еш ці ясі — больш хочацца. Маці павінна ўважліва чытаць на этыкетцы і тлумачыць.
Але справа ў тым, што мала хто ўмее разьбірацца ў гэтых складніках. Амаль ніхто ня ведае, што азначаюць гэтыя складнікі „Е“. Усе іх баяцца, асабліва калі гэтых „Е“ шмат. Насамрэч мала хто ведае, што частка „Е“ — гэта штучныя араматызатары і фарбавальнікі, а частка — гэта натуральныя тэхналягічныя дадаткі, безь якіх немагчыма абысьціся. Лімонная кіслата — Е330, сода харчовая — Е500, альбо кухарская соль — гэта ж таксама „Е“ з пэўным міжнародным індэксам. А ў бальшыні недасьведчаных сама гэтая літара „Е“ выклікае асьцярогі. Так што трэба ўмець чытаць маркіроўку».
Дзеткам змалку трэба прышчапляць культуру ежы. Усё залежыць ад сям’і, ад матулі, перакананая Арына Лісецкая:
«Не лянуйцеся, гатуйце! Вучыцеся смачна гатаваць. Ня трэба змагацца зь дзецьмі, ваяваць з-за ежы, забараняць чыпсы ці колу. Можна прыгатаваць неверагодна смачныя рэчы з тварагу ці брокалі. Калі вы паважаеце сябе і сваіх дзетак, проста гатуйце смачна!»