Прэмʼер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў на адкрыцьці беларуска-эўрапейскага інвэстыцыйнага форуму Belarus. Invest in tomorrow у Люксэмбургу заявіў, што ў Беларусі лёгка весьці бізнэс. Паводле БЕЛТА, ён спасылаўся на рэйтынг Doing Business, што вядзе Ўсясьветны банк.
«Беларусь вылучае лёгкасьць вядзеньня бізнэсу, — казаў Андрэй Кабякоў. — Са 115-га месца ў рэйтынгу 180 краінаў мы выйшлі на 37-е. Усе гэтыя гады Беларусь — у ліку найбольш актыўных рэфарматараў. Няма ніводнай пазыцыі, дзе б мы не прасунуліся. Нашая стратэгія амбіцыйная: увайсьці ў трыццатку краінаў-лідэраў са спрыяльным інвэстыцыйным кліматам».
Сапраўды, у леташнім рэйтынгу Doing Business (сёлетні мае быць апублікаваны праз 4 дні) Беларусь займае даволі высокую 37-ю пазыцыю: мець бізнэс у Беларусі сумарна прасьцей, чым у Расеі, Бэльгіі, Італіі, Ізраілі і ўласна Люксэмбургу, дзе Кабякоў рабіў згаданую заяву. Але рэйтынг улічвае шэраг парамэтраў, і ў Беларусі даволі нераўнаважныя ацэнкі ў розных аспэктах бізнэсу.
Абноўлена: Беларусь апусьцілася ў рэйтынгу Ўсясьветнага банку Doing Business на 38-е месца
Адкрыць бізнэс проста, плаціць падаткі цяжка, закрыць бізнэс праблемна, а страціць можна хутка
Паводле парамэтру «адкрыцьцё бізнэсу» Беларусь займае ў леташнім рэйтынгу 31-е месца ў сьвеце, пачаць бізнэс можна за 5 дзён. Таксама ў Беларусі няцяжка атрымаць дазвол на будаўніцтва — паводле гэтага парамэтру Беларусь на 28-м месцы. І з замежным гандлем ня горшы варыянт — 30-е месца. І «выбіць» запазычанасьць па кантракце ня так цяжка — 27-е месца. Зарэгістраваць маёмасьць дык зусім проста — 5-е месца ў сьвеце!
Але са сплатай падаткаў у Беларусі ня вельмі добра: толькі 99-е месца ў сьвеце, на падаткі і выплаты пойдзе амаль 55% прыбытку, ды й на працу з падаткамі трэба 176 гадзінаў на год. У Нямеччыне ж (17-е месца ў агульным рэйтынгу і толькі 48-е па падатках) трэба аддаць толькі 21,3% прыбытку, затое займацца падаткамі давядзецца 218 гадзінаў. А ў Бахрэйне падаткі плаціць лёгка (4-е месца), трэба аддаць толькі 13,5% прыбытку за 27 гадзінаў, але ж па іншых парамэтрах краіна горшая (63-е месца ў агульным рэйтынгу).
Яшчэ цяжэй у Беларусі атрымаць крэдыт: толькі 101-е месца. Крэдыты можна лёгка атрымаць у Руандзе (2-е месца), якую наўрад ці можна назваць багатай, але складана ў Швэцыі (75-е месца) ці Партугаліі і Італіі (абедзьве таксама 101-е месца, як Беларусь), якія лічацца фінансава пасьпяховымі.
Таксама ў Беларусі горшыя за агульную пазыцыю месцы ў рэйтынгах абароны мінарытарных інвэстараў (42-е месца) і закрыцьці прадпрыемства (69-е месца).
Doing Business не ўключае парамэтар карупцыі (магчыма, адным яна перашкаджае, іншым робіць бізнэс прасьцейшым), а ў Беларусі з карупцыяй усё даволі кепска, 79-е месца ў сьвеце, і змагаюцца зь ёй слаба. Трапіць жа за краты за эканамічныя злачынствы (нават замежнаму інвэстару) настолькі лёгка, што прапаноўвалі нават увесьці «страхоўку ад турмы».