Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея ў ААН заблякавала працяг сьледзтва аб хімічнай зброі ў Сырыі


Пастаянны прадстаўнік Расеі ў ААН Васіль Нябензя
Пастаянны прадстаўнік Расеі ў ААН Васіль Нябензя

Расея заблякавала ў Радзе Бясьпекі ААН прыняцьце рэзалюцыі, якая мела на мэце працягнуць яшчэ на год расьсьледаваньне ўжываньня хімічнай зброі ў Сырыі.

Расея скарыстала сваё права вэта 24 кастрычніка адразу пасьля таго, як ёй не ўдалося адкласьці гэтае галасаваньне на месяц, каб атрымаць магчымасьць разгледзець справаздачу міжнародных інспэктараў, якую павінны абнародаваць 26 кастрычніка, — з расейскай прапановай не пагадзілася большасьць чальцоў Рады Бясьпекі.

Як заявіў пастаянны прадстаўнік Расеі ў ААН Васіль Нябензя, ЗША, ініцыятар праекта рэзалюцыі, сьвядома выставілі непрымальную для Масквы прапанову, каб «шальмаваць Расею» і «паставіць да ганебнага слупа адну краіну» (маючы на ўвазе саму Расею).

Акрамя Расеі, якая мае права вэта, супраць рэзалюцыі галасавала ў Радзе Бясьпекі толькі Балівія; устрымаліся Кітай і Казахстан, астатнія 11 чальцоў былі за падаўжэньне яшчэ на год мандата агульнага мэханізму расьсьледаваньня ААН і Арганізацыі за забарону хімічнай зброі ў дачыненьні да хімічных нападаў у Сырыі. Зараз паўнамоцтвы гэтага мэханізму заканчваюцца 17 лістапада.

У справаздачы гэтага сумеснага расьсьледаваньня 26 кастрычніка павінна весьціся пра хімічную атаку ў сырыйскім горадзе Хан-Шэйхуне 4 красавіка з выкарыстаньнем атрутнага газу зарыну, у выніку якой загінулі амаль 90 мірных жыхароў, у асноўным жанчын і дзяцей, і пацярпелі яшчэ сотні. Паводле ўсіх наяўных сёньня дадзеных, напад з хімічнай зброяй на горад, які ў той час знаходзіўся пад кантролем апазыцыі, ажыцьцявіла авіяцыя ўрадавых сіл рэжыму прэзыдэнта Сырыі Башара аль-Асада. І афіцыйны Дамаск, і Масква аспрэчвалі гэтыя высновы і сьцьвярджалі, што ўрадавая авіяцыя толькі разбурыла склад або завод хімічнай зброі саміх паўстанцаў, што і прывяло да атручэньня. Спэцыялісты па хімічнай зброі адкінулі такую вэрсію як неверагодную праз высокую якасьць атрутнага хімічнага рэчыва, якой можна дасягнуць толькі ў прамысловых умовах вытворчасьці, а не ў паўпадпольных.

Архіўнае фота. Мужчына і дзяўчынка пакідаюць месца атакі, падчас якой, як мяркуецца, выкарыстоўваліся атрутныя рэчывы, 4 красавіка 2017 году
Архіўнае фота. Мужчына і дзяўчынка пакідаюць месца атакі, падчас якой, як мяркуецца, выкарыстоўваліся атрутныя рэчывы, 4 красавіка 2017 году

У папярэдніх расьсьледаваньнях гэтага сумеснага мэханізму ўжо было даказана прынамсі тры выпадкі прымяненьня зарыну сырыйскімі ўрадавымі войскамі ў 2014-2015 гадах, а таксама прымяненьне гарчычнага газу экстрэмісцкай групоўкай «Ісламская дзяржава».

Расея, якая падтрымлівае кіроўны рэжым Сырыі, ужо ня раз крытыкавала гэтыя расьсьледаваньні; сырыйская ўлада таксама адмаўляла, што зьвярталася да хімічнай зброі.

Цяперашні выпадак стаў ужо дзявятым, калі Расея выкарыстала права вэта ў Радзе Бясьпекі ААН у абарону сырыйскага рэжыму.

Пасьля галасаваньня пастаянны прадстаўнік ЗША ў ААН Нікі Гэйлі заявіла, што Расея такім чынам стала на бок «дыктатараў» і «тэрарыстаў» і паказала, што гатовая пайсьці на ўсё, каб абараніць «варварскі рэжым Асада» ад наступстваў пастаяннага выкарыстаньня ім хімічнай зброі.

А ў Вашынгтоне прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Гэзэр Наўрэт выказала расчараваньне тым, што Расея «паставіла свае палітычныя меркаваньні вышэй за сырыйскі народ, які забіваюць так жорстка».

Архіўнае фота. Сырыйскае дзіця, якое пацярпела пры хімічным нападзе ў Сырыі. 4 красавіка 2017 году
Архіўнае фота. Сырыйскае дзіця, якое пацярпела пры хімічным нападзе ў Сырыі. 4 красавіка 2017 году

Агульны мэханізм расьсьледаваньня быў створаны Радай Бясьпекі ААН у 2015 годзе, у 2016-м ягоную дзейнасьць працягнулі яшчэ на год.

Між тым яшчэ з 2011 году дзейнічае яшчэ адзін падобны мэханізм — Камісія ААН для расьсьледаваньняў у дачыненьні Сырыі. Як гаварылася ў справаздачы гэтай камiсii ў пачатку верасьня, ужо 14-й з пачатку яе працы, інцыдэнт у Хан-Шэйхуне зьяўляецца адным з самых пераканаўчых доказаў выкарыстаньня хімічнай зброі войскамі сырыйскага рэжыму.

Усяго ў гэтай справаздачы налічаны 33 выпадкі прымяненьня ў Сырыі хімічнай зброі, пачынаючы з 2011 году, і 27 з гэтых нападаў, паводле расьсьледаваньня, учынілі менавіта сырыйскія ўрадавыя войскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG