Белы дом рассакрэціў справаздачу (PDF) пра выкарыстаньне хімічнай зброі ў Сырыі. Паводле справаздачы, армія сырыйскіх уладаў пад кіраўніцтвам Башара Асада скінула бомбы з атрутным газам зарынам на сваіх суайчыньнікаў. Атака забрала жыцьці да 100 чалавек, у тым ліку дзяцей.
Пры гэтым мяркуецца, што Расея і Сырыя спрабавалі ўвесьці ў зман сусьветную супольнасьць праз кампанію дэзынфармацыі. Масква, гаворыцца ў справаздачы, распаўсюджвала шматлікія паведамленьні, што супярэчылі адно аднаму, каб заблытаць сусьветную супольнасьць.
Частка справаздачы — абвяржэньне агучаных сырыйскімі і расейскімі ўладамі зьвестак пра тое, што бамбілі ня мірных жыхароў на кантраляванай апазыцыяй тэрыторыі, а «склады боепрыпасаў тэрарыстаў». У прыватнасьці, гаворыцца пра разьмешчанае ў адкрытым доступе відэа, на якім відаць, што бамбілі не будынкі, запоўненыя зброяй, а звычайныя вуліцы (гэта пацьвярджаюць і спадарожнікавыя здымкі да і пасьля атакі).
Разам з тым ЗША не плянуюць пашыраць свайго ўдзелу ў ваенным канфлікце ў Сырыі пасьля ўдару па авіябазе Асада, зь якой, меркавана, выляталі самалёты з хімічнай зброяй. Пра гэта заявіў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у інтэрвію тэлеканалу Fox Business. Трамп лічыць, што пакуль яшчэ ёсьць магчымасьць пераканаць Расею адмовіцца ад сувязяў з рэжымам Башара Асада ў Сырыі.