ЗША прыйшлі да высновы, што Расея загадзя ведала пра хімічную атаку, якая мае адбыцца ў Сырыі і якая адбылася на мінулым тыдні, заявіў амэрыканскі чыноўнік, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Па словах чыноўніка, расейскі бесьпілётнік пралятаў над бальніцай, куды сьпяшаліся пацярпелыя, каб атрымаць мэдыцынскую дапамогу.
Празь некалькі гадзінаў зьнішчальнік расейскай вытворчасьці нанёс па бальніцы бомбавы ўдар. Паводле меркаваньня амэрыканскіх афіцыйных асобаў, гэта было зроблена для таго, каб схаваць ўжываньне хімічнай зброі.
Чыноўнік паведаміў, што ў ЗША няма доказаў расейскага ўдзелу ў самой атацы на поўначы Сырыі. Аднак прысутнасьць выведнага бесьпілётніка над бальніцай не магла быць супадзеньнем, і Расея, пэўна, ведала пра хімічную атаку, якая мае адбыцца, і пра тое, што ахвяры мелі патрэбу ў мэдыцынскай дапамозе, дадаў чыноўнік.
Чыноўнік прасіў захаваць ананімнасьць, таму што ня быў упаўнаважаны публічна абмяркоўваць пытаньні выведнага характару. Ён таксама не ўказаў дакладны час, калі бесьпілётнік знаходзіўся ў вызначаным раёне, дзе загінулі больш за 80 чалавек.
Ён таксама не паведаміў дэталі ваенных і выведных дадзеных, пакладзеных у аснову разуменьня сытуацыі Пэнтагонам.
Іншы амэрыканскі чыноўнік папярэдзіў, што ЗША не прыйшлі да канчатковай высновы, што Расея загадзя ведала пра ўжываньне хімічнай зброі.
Хоць Расея пасьлядоўна падтрымлівае ўрад сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада, і яны каардынуюць ваенныя атакі, Вашынгтон раней ніколі не абвінавачваў Маскву ў памаганьні атацы, якая ўключала б ужываньне атрутнага газу ў дачыненьні нявінных мірных жыхароў, уключаючы дзяцей.
У 2013 годзе ЗША і Расея, былыя праціўнікі па «халоднай вайне», нават правялі сумесную апэрацыю па вывазе і ліквідацыі больш за 1300 тон сырыйскай хімічнай зброі і атрутных рэчываў.
Да панядзелка амэрыканскія чыноўнікі заяўлялі, што яны ня ўпэўненыя, каму належаў бесьпілётнік — Расеі ці Сырыі. Згаданы чыноўнік заявіў, што цяпер ЗША перакананыя, што бесьпілётнікам кіраваў расейскі бок.
Паводле яго слоў, па-ранейшаму незразумела, хто пілятаваў самалёт, які разбамбіў бальніцу, паколькі сырыйскія вайскоўцы таксама лётаюць на самалётах расейскай вытворчасьці.
Прадстаўнікі ЗША раней заяўлялі, што расейскія вайскоўцы рэгулярна працуюць з сырыйскімі на авіябазе Шайрат, адкуль, як мяркуецца, быў зьдзейсьнены напад.
Амэрыканскія афіцыйныя асобы сьцьвярджаюць, што на авіябазе захоўвалася хімічная зброя і гэта зьяўляецца дадатковым аргумэнтам на карысьць таго, што Расея была саўдзельнікам атакі.