Гішпанскі ўрад заклікаў каталёнцаў прыняць непасрэдны кантроль з Мадрыду і ігнараваць указаньні кіраўніцтва рэгіёну пасьля таго, як яго адхіляць ад улады.
Адпаведную заяву зрабіў міністар замежных справаў Гішпаніі Альфонса Дастыс, паведамляе Reuters.
«Мы зьбіраемся стварыць уладу, якая будзе кіраваць паўсядзённымі справамі Каталёніі ў адпаведнасьці з каталёнскім законамі і нормамі... Я спадзяюся, што кожны будзе ігнараваць любыя інструкцыі, якія яны плянуюць даць, таму што яны ня будуць мець юрыдычнага права рабіць гэтага», — дадаў ён.
Сьпікер рэгіянальнага парлямэнту Кармэ Форкадэл заявіла, што Каталёнія ня прыме рашэньня Мадрыду і абвінаваціла прэм’ер-міністра Гішпаніі Марыяна Рахоя ў арганізацыі «перавароту».
Кіраўнікі Каталёніі сьцьвярджаюць, што яны ня прымуць наўпроставага кіраваньня Мадрыду і кажуць, што разам са сваімі прыхільнікамі будуць спрабаваць супрацьстаяць гішпанскаму ўраду, калі надыдзе час адхіляць іх ад пасадаў.
Урад Гішпаніі вырашыў адхіліць ад улады кіраўніка каталёнскага ўраду Карлэса Пудждэмона і ўвесь яго кабінэт. Акрамя таго, Мадрыд выступае за правядзеньне пазачарговых выбараў не пазьней чым праз паўгоду.