Генэральны дырэктар Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) Тэдрас Аданам Гэбрэісус перагледзеў сваё рашэньне аб прызначэньні прэзыдэнта Зімбабвэ Робэрта Мугабэ паслом добрай волі. Пра гэта ён напісаў у сваім Twitter.
21 кастрычніка СААЗ выбрала 93-гадовага Мугабэ паслом добрай волі. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі і палітыкі раскрытыкавалі гэты выбар. Так, брытанскія ўлады паведамілі, што прызначэньне Мугабэ «нечаканае і несуцяшальнае». Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША заявіў, што выбар прэзыдэнта Зімбабвэ ў якасьці пасла добрай волі «супярэчыць ідэалам ААН у галіне павагі правоў чалавека і чалавечай годнасьці». Паводле яго, ЗША «расчараваныя» выбарам СААЗ.
Як адзначае агенцтва Reuters, краіны Захаду ўскладаюць віну на Мугабэ за разбурэньне эканомікі Зімбабвэ. Таксама кіраўніка рэспублікі абвінавачваюць у парушэньні правоў чалавека на працягу ўсяго ягонага 30-гадовага прэзыдэнцкага кіраваньня.