Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былыя калегі ўкраінскай чэмпіёнкі ставяць пад сумнеў яе словы пра згвалтаваньне Шчэрбам


Знакамітая ў мінулым украінская гімнастка Тацяна Гуцу напісала ў Facebook, што 26 гадоў таму яе згвалціў беларускі гімнаст Віталь Шчэрба, будучы шасьціразовы алімпійскі чэмпіён. На словы Тацяны Гуцы адгукнуліся спартоўцы з усяго сьвету.

Паводле Гуцу, двухразовай алімпійскай чэмпіёнкі-1992, здарэньне адбылося падчас спаборніцтва ў Штутгарце ў 1991 годзе. Ёй тады было 15 гадоў, а Шчэрбу — 19. Былая ўкраінская чэмпіёнка, якая сёньня жыве і працуе ў ЗША, абвінаваціла былых партнэраў па камандзе Тацяну Торапаву і Рустама Шарыпава, што тыя ведалі пра згвалтаваньне і не заступіліся за яе.

У бязьдзеяньні абвінаваціла згаданых спартоўцаў і амэрыканская алімпійская чэмпіёнка 2012–2016 гадоў Аляксандра Райсман. Яна напісала ў сябе ў Твітэры:

«Я падтрымліваю цябе, Тацяна, мне так шкада. Я спустошаная. Віталь, вы мне агідны. Тыя, хто глядзеў у другі бок, таксама вінаватыя».

Тацяна Торапава ў інтэрвію парталу sport.tut.by сказала, што ў яе прысутнасьці гвалту Шчэрбы над Гуцу не было.

— Я ня бачыла, нічога такога не адбывалася. Былі сяброўскія адносіны, і толькі. Я была ў той час такая ж малая, як і яна [Гуцу]. Выбачайце мяне, мы спартоўцы! Упэўнена, што ніякага крыміналу не было. Вядома, можа, ён крыху і лез да яе, але каб меў месца гвалт? Не! Каб у яе быў стрэс на фоне чаго-небудзь падобнага, такога таксама ня памятаю, шчыра. Так, шмат гадоў прайшло, але каб гвалт... Не, пры мне — не, — сказала Торапава.

Тацяна Гуцу
Тацяна Гуцу

Сябар Шчэрбы Рустам Шарыпаў, былы алімпіец, пакуль не адказаў на запыт Свабоды.

Пад допісам Гуцу выказалася і трохразовая алімпійская чэмпіёнка беларуска Сьвятлана Багінская.

«Мне вельмі шкада чуць гэтую гісторыю пра Тацяну Гуцу, тое, праз што яна прайшла, разьбіла маё сэрца. Я жанчына, якая будзе стаяць за людзей, якіх я ведаю, і клапаціцца пра іх», — напісала Багінская.

Яна адрынула абвінавачаньні на адрас Шарыпава, што той не заступіўся за Гуцу, дадаўшы, што калега па зборнай СССР «заступаўся ня толькі за мяне, але і за многіх іншых, каму была патрэбная дапамога ў любой сытуацыі».

«Рустам — гэта адзін з найлепшых людзей, якога я калі-небудзь сустрэла, ён добры сябра, трэнэр, бацька і муж. Я толькі хачу, каб іншыя ведалі, што ЁН НІКОЛІ Б не бязьдзейнічаў у такой сытуацыі, як гэтая», — перакананая Багінская.

Маці Шчэрбы: Гэта поўная лухта

Валянціна Шчэрба, маці шасьціразовага алімпійскага чэмпіёна, пракамэнтавала для «Народнай Волі» абвінавачваньні ў адрас яе сына. Словы Тацяны Гуцу яна назвала лухтою.

— Раней у Тацяны Гуцу на такое «прызнаньне» не было часу? Чаму чакала? Чаму ня выдала «навіны» па гарачых сьлядах? А цяпер яна выдае «сэнсацыю». Безумоўна, патрэбны эфэкт будзе дасягнуты — Гуцу зноў апынецца ў цэнтры ўвагі СМІ. Значна складаней апраўдвацца таму, каго абвінавацілі.

Паводле Валянціны Шчэрбы, прычынай заявы ўкраінскай гімнасткі можа быць жаданьне атрымаць грошы ад яе сына.

Пракамэнтаваць абвінавачаньні ўкраінскай гімнасткі Свабода папрасіла Віталя Шчэрбу. За 14 гадзін ён на нашу просьбу не адгукнуўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG