Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Кабякоў: рост заробку адстае ад графіку


Прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў на пасяджэньні прэзыдыюму Савету міністраў паведаміў, што ўзровень намінальнага заробку пакуль застаецца ніжэйшы, чым прадугледжана плянам-графікам па выхаду да канца году на тысячу рублёў.

За жнівень сярэдні заробак склаў 844 рублі 40 капеек (згодна з графікам павінна было быць 896 рублёў). Найбольшае адставаньне зафіксавана па Віцебскай вобласьці — на 115 рублёў.

Рэальны заробак у Беларусі за 8 месяцаў перавысіў узровень аналягічнага пэрыяду мінулага году на 3,2%. Гэта адпавядае росту прадукцыйнасьці працы па ВУП (103,2%). Амаль дасягнуты ўзровень мінулага году па росьце рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва (99,9% за 8 месяцаў 2017 году).

Рэальныя даходы беларусаў амаль перасталі падаць. Якія яны цяпер?

Паводле Кабякова, кіраўніку Беларусі ўнесена прапанова павысіць пэнсіі па ўзросьце.

Таксама прэм’ер-міністар сказаў, што ўрад бліжэйшым часам разгледзіць прапановы па заробку для некаторых катэгорый бюджэтнікаў.

«Асноўныя рашэньні па заработнай плаце ў дзяржсэктары прынятыя. Павялічана стаўка першага тарыфнага разраду бюджэтнікам, вырасьлі зарплаты ў дзяржслужачых, вайскоўцаў. Па нізкааплатных катэгорыях работнікаў бюджэтнай сфэры — дадаткова разгледзім у бліжэйшы час», — сказаў прэмʼер-міністар.

Рэальныя наяўныя грашовыя даходы беларусаў па-ранейшаму зьніжаюцца. У студзені-жніўні гэты паказчык скараціўся на 0,1% да аналягічнага пэрыяду 2016 году, паведаміў Белстат.

Паводле Белстату, рэальныя наяўныя грашовыя даходы — гэта даходы за вылікам падаткаў, збораў і ўзносаў, скарэктаваныя на індэкс спажывецкіх цэнаў на тавары і паслугі. Пры гэтым, паводле Белстату, сярэдні заробак сёлета вырас з 720 да 844 рублёў.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 17 кастрычніка падпісаў указ аб павышэньні пэнсій, паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба. Паводле дакумэнту, пэнсіі павялічацца з 1 лістапада ў сярэднім на 5%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG