Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы верым: калі-небудзь 25 Сакавіка стане днём нацыянальнай еднасьці»


Дэпутат Апазыцыі БНФ Сяргей Навумчык у Авальнай залі. Фота Ул. Сапагова
Дэпутат Апазыцыі БНФ Сяргей Навумчык у Авальнай залі. Фота Ул. Сапагова

У «Бібліятэцы Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста другі». Прапануем фрагмэнты з кнігі.

За дзень да адкрыцьця вясновай, Дзявятай сэсіі Вярхоўнага Савету, 10 сакавіка, газэта «Зьвязда» надрукавала маё інтэрвію палітычнаму аглядальніку Валянціну Жданко. Называлася яно «Вярхоўны Савет вычарпаў сябе і павінен мужна прызнаць гэта».

Прадстаўлены я быў як сакратар Камісіі Вярхоўнага Савету ў пытаньнях галоснасьці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека і як каардынатар парлямэнцкай Апазыцыі БНФ, значная частка інтэрвію была прысьвечаная сытуацыі ў СМІ, у тым ліку і асьвятленьню ў прэсе тэмы рэфэрэндуму. Ніжэй працытую тое, што тычылася непасрэдна патэнцыялу Вярхоўнага Савету і рэфэрэндуму пра датэрміновыя выбары.

Парада Вярхоўнаму Савету: сысьці ў Гісторыю

«— Днямі пачынаецца чарговая сэсія Вярхоўнага Савету. З чым ідзе да яе парлямэнцкая апазыцыя?

— Ужо стала традыцыяй, што кожная новая сэсія дае нейкія спадзяваньні — бо чым далей, тым складаней робіцца жыцьцё, і многім здаецца: ну, вось цяпер ужо дэпутаты павінны ўзяцца за розум. Але ілюзіі разьвейваюцца ўжо ў першыя гадзіны, яшчэ падчас зацьвярджэньня парадку дня.

Так, Апазыцыі БНФ і цяпер ёсьць з чым ісьці на сэсію — у прыватнасьці, пад кіраўніцтвам Уладзімера Заблоцкага распрацавана канцэпцыя эканамічнай рэформы, мы мяркуем ізноў вынесьці некаторыя законапраекты. Але радыкальныя рэформы магчымыя толькі, па-першае, пры спрыяльным заканадаўчым рэжыме (а вы ведаеце, якія законы прымае наш парлямэнт) і, па-другое, калі іх будзе ажыцьцяўляць урад народнага даверу (не сакрэт, з каго складаецца наш урад).

Я ня думаю, што Кебіч і ўрад пойдуць у адстаўку — за два гады Вярхоўны Савет ніколі па-сур’ёзнаму не спытаў з ураду за яго дзейнасьць. А нават калі б і пайшоў — гэты склад Вярхоўнага Савету ніколі не прызначыць дэмакратычных міністраў. Ня той, як цяпер модна казаць, мэнталітэт.

Мы катастрафічна страчваем час, і ў нас няма іншага выйсьця, як рэфэрэндум і новыя выбары.

— Але ж і рэфэрэндум, і датэрміновыя выбары — зусім ня танная справа. Ня кажучы ўжо пра патрачаны час — на гэта пойдуць вялізныя грошы.

— Так, правядзеньне рэфэрэндуму абыдзецца дзяржаве «у капеечку», — калі не памыляюся, гаворка ідзе пра дзясяткі мільёнаў рублёў (на пачатак 1992-га сотні тысяч даляраў. — удакладненьне 2017 г.). Але чаму члены Прэзыдыюму не падлічылі, колькі каштавалі грамадзтву непрафэсіяналізм дэпутатаў, іх, выбачайце, бязглуздыя ў шэрагу выпадках рашэньні? Калі б год назад аддалі людзям зямлю — сёньня б прылаўкі крамаў мелі зусім іншы выгляд (у канцы 1990 году Апазыцыя БНФ унесла ў Вярхоўны Савет законапраект аб увядзеньні прыватнай уласнасьці на зямлю, але прапанова была адхіленая. — удакладненьне 2017 г.). Калі б прынялі разумную сыстэму падаткаабкладаньня — спад вытворчасьці не набыў бы такія катастрафічныя тэмпы. Тут ужо лік ідзе не на мільённыя, а на мільярдныя страты. А што будзе далей? Вы перакананыя, што 11 сакавіка у парлямэнцкую залю ўвойдуць людзі з кардынальна новым спосабам мысьленьня, што яны будуць здольныя працаваць канструктыўна? За два гады апазыцыя прапаноўвала дзясяткі заканадаўчых праектаў, і мы, здаецца, выкарысталі ўсе магчымыя спосабы ўзьдзеяньня на так званую «парлямэнцкую большасьць» — ну, хіба што па падлозе перад імі ня слаліся.

— Але ж ёсьць і варыянт рэарганізацыі Вярхоўнага Савету.

— Яшчэ ў лістападзе дэпутаты ад апазыцыі Баршчэўскі, Дзейка і Новікаў распрацавалі праект рэарганізацыі Вярхоўнага Савету, дзе прадугледжвалася пераўтварэньне яго ў зьезд і стварэньне Сойму — прафэсійнага парлямэнту, у якім мог бы працаваць кожны жадаючы дэпутат. Шушкевіч прапаноўваў выбары парлямэнту дэпутатамі — натуральна, пры гэтым непажаданыя кансэрватыўнай большасьці апазыцыянэры былі б «адсеяныя». Зрэшты, не прайшло ні адно, ні другое. І на гэты раз ніякая прапанова па рэформе не атрымае належнай падтрымкі — занадта шмат дэпутатаў, якіх задавальняе па два-тры месяцы драмаць на сэсіях, атрымоўваць і сутачныя, і зарплату па месцы працы...

А калі зазірнуць за сьцены парлямэнту? Калі ў Вярхоўным Савеце яшчэ ёсьць некалькі дзясяткаў дэмакратаў, то чым ніжэй — тым меней плюралізму, тым маналітнейшая сьцяна намэнклятурнікаў. Старшыня райвыканкаму, начальнік міліцыі і старшыня райспажыўсаюзу (раённага аддзяленьня Саюзу спажывецкай каапэрацыі, кантраляваў разьмеркаваньне дэфіцытных тады прадуктаў і тавараў. — удакладненьне 2017 г.) — гэтая «тройка» і да гэтай пары вяршыць лёс усіх і кожнага (да жніўня 1991-га была «чацьвёрка» — на чале зь першым сакратаром райкаму. — удакладненьне 2017 г.). Таму апазыцыя год назад прапаноўвала законапраект аб мясцовым самакіраваньні, дзе прадугледжвалася рэарганізацыя структуры мясцовай улады, прамыя выбары мэраў і г. д. Станіслаў Станіслававіч лічыць, што падобную рэарганізацыю трэба рабіць раней за зьмену вышэйшай заканадаўчай улады — і мне цяжка аспрэчваць гэты тэзіс. Але давайце зірнем на склад нашага парлямэнту: хіба гэтыя людзі, якія якраз і трымаюць на месцах уладу — будуць галасаваць супраць сябе?

Словам, наш Вярхоўны Савет дасягнуў мяжы дэмакратызацыі. Так Станкевіч (дэпутат Уладзімер Станкевіч. — удакладненьне 2017 г.) мае рацыю: пры першапачатковай зададзенасьці на мэтар парлямэнт скочыў на мэтар дваццаць — але ж цяпер планка устаноўленая на два трыццаць.

— Вы мяркуеце, — пытаўся далей Валянцін Жданко, — ёсьць гарантыя, што ў выніку новых выбараў прыйдуць выключна кампэтэнтныя, дэмакратычна настроеныя дэпутаты?

— Складанае пытаньне. Цяперашняя стомленасьць людзей, іх раззлаванасьць даюць, канешне, вялікія перавагі люмпэнізаваным лідэрам, тым, хто гучней крыкне «Далоў!» на плошчы. Што і казаць, нам таксама ставяць у дакор, што мінулая выбарчая кампанія была пабудавана на татальнай крытыцы камуністычных структур. Сапраўды, наша праграма ўтрымлівала прынцыповыя палажэньні — сувэрэнітэт, дэкамунізацыя грамадзтва, рынак, але ўсё гэта мела даволі абстрактныя абрысы. Два гады напружанай працы ў парлямэнце далі і веды, і вопыт, хоць, магчыма, да прафэсіяналаў у клясычным разуменьні парлямэнтарызму яшчэ далёка. Але ж і грамадзтва за гэты час рушыла наперад, узьняўшыся на больш высокі ўзровень палітычнай сьвядомасьці. Безумоўна, на выбарах — па акругах — праскочыць нейкая колькасьць жырыноўскіх, але партыйныя сьпісы, думаю, кампэнсуюць гэта новымі палітыкамі, якія прыйдуць з жаданьнем працаваць канструктыўна.

Так, партыі ў нас яшчэ не зусім сфармаваныя і для вялікай часткі насельніцтва малавядомыя. А для вяскоўцаў — дык і зусім невядомыя. Дарэчы, Станкевіч зусім дарэмна лічыць, што БНФ ідзе на рэфэрэндум выключна таму, што мае самую ўстойлівую структуру і перакананы ў перамозе: мы цудоўна ведаем, якую прапаганду разгарнулі супраць нас у правінцыі. Але выбары якраз і прадстаўляюць народу найлепшую магчымасьць параўнаць праграмы палітычных рухаў, дый самі партыі сталеюць.

— У апошні час прыкметна напружанымі сталі адносіны паміж С. Шушкевічам і парлямэнцкай апазыцыяй. Чым вы тлумачыце гэта?

— З самага пачатку свайго «старшынства» Шушкевічу трэба было згуртаваць вакол сябе дэмакратычныя сілы, прыцягнуць да супрацоўніцтва як мага большую колькасьць дэмакратычных дэпутатаў. Так, ня ўсе маюць патрэбны вопыт, у некаторых яшчэ захаваўся «мітынговы сындром» — але іншых пакуль няма, трэба працаваць з гэтымі, вучыць іх, у рэшце рэшт. А Станіслаў Станіслававіч мэтадычна адштурхоўваў іх ад сябе, а зь некаторымі пасьпеў нават і пасварыцца. Я ня ведаю, хто тут больш вінаваты — ён ці мы, але ж ведаю, што гэта не на карысьць справе.

Я хацеў бы сказаць яшчэ вось што. Як бы мы ні наракалі на гэты Вярхоўны Савет, але пасьля дзесяцігодзьдзяў таталітарызму гэта быў першы найвышэйшы орган улады, у якім былі прадстаўленыя дэмакратычныя сілы, які вельмі няпростым і пакутлівым шляхам прыняў найважнейшыя для лёсу Беларусі рашэньні. Скажу больш — ні папярэдні, ні наступны склад парлямэнту ня выклічуць у будучых дасьледчыкаў такую цікавасьць, і стэнаграмы яго сэсій зьявяцца матэрыялам не адной дысэртацыі. Словам, цяперашняму Вярхоўнаму Савету забясьпечана месца ў гісторыі».

Прызнаюся, што апошнія фразы былі сказаныя для «падмазкі» дэпутатаў, гэта была спроба надаць ім адчуваньне ўласнай гістарычнай значнасьці, што, як мне тады здавалася, было б пэўнай кампэнсацыяй за роспуск Вярхоўнага Савету (хоць па сутнасьці гэта была праўда, і час пацьвердзіў слушнасьць такога прагнозу — ні ВС-11, ні ВС-13 і блізка не занялі ў гісторыі таго месца, якое належыць Вярхоўнаму Савету ХІІ скліканьня).

Але апэляцыя да Гісторыі была, канешне, бессэнсоўнай — ніхто з дэпутатаў парлямэнцкай большасьці не разважаў такімі катэгорыямі. На жаль, не разважалі і найбольш важнымі дзяржаўнымі актуаліямі. У тым самым нумары «Зьвязды» на той самай першай паласе, дзе быў зьмешчаны пачатак майго інтэрвію, апублікаваная Пастанова Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету ад 3 сакавіка, падпісаная Станіславам Шушкевічам.

Якое ж важнае палітычнае пытаньне разглядаў Прэзыдыюм парлямэнту («калектыўны прэзыдэнт» краіны, як мы яго часам называлі) напярэдадні сэсіі парлямэнту?

У тыя дні хапала праблемаў, якія патрабавалі неадкладных рашэньняў і былі зьвязаныя з самым галоўным у першыя месяцы 1992 году — умацаваньнем беларускай дзяржаўнасьці. Гэта ўвядзеньне нацыянальнай валюты, стварэньне ўласнага войска, рынкавыя рэформы, ня кажучы ўжо пра выпрацоўку стратэгіі адносінаў двухбаковых адносінаў з Расеяй, якая б вызначыла тое, у чым нельга ісьці на саступкі, і сфэры, дзе мог бы быць дапушчальны ўзаемавыгадны кампраміс (на практыцы ўсе ці амаль усе перамовы з Масквой канчаліся невыгоднымі для Беларусі саступкамі).

Для гэтага дваццаць тры члены Прэзыдыюму мусілі б засядаць ня дзень і ня тыдзень, дыскутуючы, узважваючы розныя падыходы, раячыся з дэпутатамі, прыцягваючы экспэртаў. Але нічога падобнага не было.

Пастанова Прэзыдыюму, прынятая 3 сакавіка, мела назоў — «Аб пытаньнях, зьвязаных з правядзеньнем веснавой сяўбы».

У ёй пералічваліся прозьвішчы «кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў», іншых высокапастаўленых чыноўнікаў, інфармацыя якіх «аб стане падрыхтоўкі да правядзеньня веснавых палявых работ» была «прынятая да ведама».

Стыль і тэматыка — нібыта з інфармацыі ў «Зьвязьдзе» якога-небудзь 1982 году пра пленум ЦК КПБ.

Савету міністраў давалася даручэньне «распрацаваць і рэалізаваць неабходныя меры па неадкладнаму выпраўленьню крытычнага эканамічнага становішча аграпрамысловага комплексу», «вырашыць пытаньні забесьпячэньня эквівалентнага тавараабмену».

Варта сказаць, тут быў адзін станоўчы момант: даючы распараджэньне Савету міністраў, Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету паказваў, «хто ў доме гаспадар»: парлямэнт, а ня Кебіч. Але гэта было толькі фармальна, бо заканчвалася пастанова рашэньнем, якое якраз было ў інтарэсах выканаўчай улады.

А менавіта — «унесьці на разгляд 9-й сэсіі Вярхоўнага Савету неабходныя прапановы аб устанаўленьні ільготнага падаткаабкладаньня і крэдытаваньня аграпрамысловага комплексу, а таксама аб расшырэньні паўнамоцтваў органаў выканаўчай улады ў забесьпячэньні апэратыўнасьці кіраваньня эканамічнай і крэдытна-фінансавай палітыкай».

Расшыфрую гэты абзац: калгасы і іх кіраўнікі (як іх называлі, «чырвоныя памешчыкі», бо яны з аднолькавай беспакаранасьцю распараджаліся што фінансамі, што тэхнікай, што лёсам людзей) — атрымлівалі «крэдыты», якія, канешне, не зьбіраліся аддаваць. Значная частка дзяржаўнага фінансаваньня да калгасаў не даходзіла і асядала ў фірмах, апэратыўна створаных чыноўнікамі (тыя нават не заўсёды прыкрываліся рэгістрацыяй на цешчу ці на дзяцей). А «пашырэньне паўнамоцтваў органаў выканаўчай улады» (гэта значыць, без кантролю мясцовых Саветаў, у многіх зь якіх былі, хай і ня ў большасьці, дэпутаты БНФ) «у забесьпячэньні кіраваньня эканамічнай і крэдытна-фінансавай палітыкай» было нічым іншым, як індульгенцыяй на крэдытаваньне «сваіх» людзей.

Пройдзе дваццаць гадоў, і выявіцца, што дзеці віцэ-прэм’ераў, міністраў, старшыняў абласных і раённых выканкамаў, іх намесьнікаў ды начальнікаў упраўленьняў выканкамаў выявілі надзвычайныя бізнэс-здольнасьці, зрабіўшыся ўладальнікамі фінансавых кампаніяў, бэнзазаправачных і гандлёвых сетак, будаўнічых фірмаў з гіганцкім абаротам.

Ну а ў пачатку 1992-га іх капітал толькі закладаўся. І на кожнай сэсіі Вярхоўнага Савету ўздымаўся які-небудзь дэпутат Гаркун і казаў пра «патрэбы працаўнікоў сяла» — найперш, канешне, у ільготных крэдытах. Крэдыты нязьменна выдаткоўвалі, «сяло» бяднела, фірмы набліжаных да ўлады — багацелі.

Не зрабілася выключэньнем і 9-ая сэсія, якая пачалася 11 сакавіка.

Магічная лічба "25"

Мушу прызнацца, што да дэпутацтва я вельмі мала ведаў пра Беларускую Народную Рэспубліку — у школе пра яе не распавядалі, ва ўнівэрсытэце таксама, ну а камуністычная прэса прадстаўляла заснавальнікаў БНР «буржуазнымі нацыяналістамі» — не даючы практычна ніякай інфармацыі. Акцыя Алеся Пушкіна 25 сакавіка 1989 году (пазьней яе б назвалі адзіночным пікетам) прымусіла афіцыйны друк зьвярнуцца да гэтай тэмы, выйшаў нават абавязковы для публікацыі ў газэтах артыкул агенцтва БЕЛТА –канешне, з крытыкай і ўдзельніка акцыі, і падзеі, якой яна была прысьвечаная. Тым ня менш, ад канца 1980-ых што–нішто пачало зьяўляцца ў друку, а ў 1990-м першы нумар будучай «Свабоды» меў адмысловую назву — «Дзень Волі» (там было надрукаванае і знакамітае эсэ Ўладзімера Арлова «Незалежнасьць — гэта...»).

Канешне, размовы з калегамі-дэпутатамі (найперш Зянонам Пазьняком, Валянцінам Голубевым, Алегам Трусавым) дапамаглі пашырыць уяўленьне пра слаўную старонку нацыянальнай гісторыі. Назапашваньне ведаў ішло супольна са змаганьнем за прызнаньне фактычна сымболікі БНР у якасьці дзяржаўнай нацыянальнай сымболікі, што і было дасягнута ў верасьні 1991 году.

Перад 25 сакавіка 1992-га я падаў падаў просьбу ў сакратарыят сэсіі даць мне слова ў разьдзеле «Рознае», зь якога штодня пачыналіся пасяджэньні сэсіі.

Тут была адна асаблівасьць: разьдзел «Рознае», паводле рашэньня Вярхоўнага Савету, цалкам, без купюраў трансьляваўся ў вечаровай праграме тэлебачаньня і меў вялікую (найменш — мільённую) аўдыторыю. Таму дэпутаты імкнуліся выступіць у гэтым разьдзеле як па праблемах выбаршчыкаў у сваіх акругах, гэтак і па іншых — эканамічных, сацыяльных, агульнапалітычных пытаньнях. За адведзеныя на разьдзел «Рознае» паўгадзіны пры рэглямэнце тры хвіліны на выступ удавалася выказацца васьмі-дзевяці дэпутатам, жадаючых было звычайна болей, і для таго, каб выступіць гарантавана ў той самы дзень (фактычна па-за чаргой) трэба было сабраць дваццаць подпісаў дэпутатаў.

Цяпер ужо не прыгадаю, ці таму, што запісаўся ў папярэдні дзень, ці таму, што сабраў 20 дэпутацкіх подпісаў, ці мне проста пашанцавала — але Шушкевіч даў мне слова першаму.

Далей цытую стэнаграму сэсіі Вярхоўнага Савету 25 сакавіка 1992 году.

«Навумчык С. І. (Віцебская-Чыгуначная выбарчая акруга 181). Шаноўны Старшыня, шаноўныя спадары дэпутаты! У гісторыі кожнай нацыі ёсьць дні, веліч якіх зь цягам часу ўсьведамляецца ўсё болей. А 6-й гадзіне раніцы 25 сакавіка 1918 году ў Менску Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвясьціла Беларусь незалежнай дзяржавай. Была прынятая трэцяя Ўстаноўчая грамата, на падставе якой трацілі сілы старыя дамоўленасьці, што (цытую) «далі магчымасьць чужому ўраду падпісаць за Беларусь дамову ў Берасьці, што забівае на сьмерць беларускі народ, дзелячы зямлю яго на часткі». Грамата пацьвярджала свабоду слова, друку, ды іншыя дэмакратычныя правы грамадзянаў, у тым ліку і права на зямлю.

Беларусь, такім чынам, упершыню прадэманстравала перад сусьветам сваё жаданьне жыць самастойна, абапіраючыся ў сваіх палітычных актах на дэмакратычныя прынцыпы. А самае галоўнае — мы даказалі, што не згубілі нацыянальнай годнасьці і веры ў свае сілы, нягледзячы на векавую няволю.

БНР адразу выйшла на міжнародную арэну, яе прызналі як незалежную дзяржаву Прыбалтыйскія краіны, Грузія, Украіна, Фінляндыя, Чэхаславаччына, Турцыя, Германія. Не прызналі яе Расея ды Польшча, якія ваявалі паміж сабой за тэрыторыю Беларусі.

Трагічны быў лёс у нашай дзяржаўнасьці. У сакавіку 1921 году ў Рызе Расея і Польшча падпісалі дамову, па якой Беларусь была падзелена. Многія дзеячы нацыянальнага Адраджэньня былі вымушаны зьехаць у эміграцыю. Наступныя дзесяцігодзьдзі пасылалі нашаму народу сапраўды апакаліптычныя выпрабаваньні, кожнае зь якіх адбірала мільёны жыцьцяў, але ня здолела адабраць веру ў сьветлую будучыню Бацькаўшчыны, веру, якую яе сыны захавалі, куды б ні закідваў іх лёс: на парыскія бульвары, за калючы ГУЛАГаўскі дрот ці да магільнай ямы Курапатаў.

Ёсьць у нас нешта магічнае ў лічбе 25. Менавіта 25 сакавіка 1525 году Скарына заклаў у Вільні першую беларускую друкарню. У гэты ж дзень у 1918 годзе была прынятая Трэцяя Ўстаноўчая грамата, і 25 жніўня, летась, мы ў гэтай залі абвясьцілі Незалежнасьць Беларускай Рэспублікі.

Мы пераканаліся ў тым, што адзінае, што можа зьяднаць і яднае нас у гэтай залі дый за яе межамі — гэта патрэба ўмацаваньня беларускай дзяржаўнасьці. Беларускі Народны Фронт — парлямэнцкая апазыцыя, не ідучы на ідэалягічныя кампрамісы, заўсёды з прыязнасьцю ўспрымаў усе захады, якія былі накіраваны на ўмацаваньне сувэрэнітэту.

Тое, што наша воля і Незалежнасьць былі аплачаны крывёю і сьлязьмі пакаленьняў, не дазваляе нам лічыць сёньняшні дзень сьвятам для нейкай адной палітычнай сілы ці групы партый. Гэта ўсенароднае, нацыянальнае сьвята.

Мы верым, што калі-небудзь 25 сакавіка стане днём нацыянальнай еднасьці, і хочам, каб такі час наступіў як найхутчэй. Са сьвятам вас, паважаныя калегі! Жыве Беларусь! (Аплядысмэнты)».

І сапраўды — я сыходзіў з трыбуны пад аплядысмэнты ня толькі ад сяброў-фронтаўцаў, але і ад вэтэранаў ды былых камуністаў.

Напэўна, тое быў адзін з самых удалых маіх выступаў у Вярхоўным Савеце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG