Суд Фрунзенскага раёна Менска пакараў арыштам на 10 сутак актывістку Натальлю Гарачку, якая зрабіла фотаздымак у судзе.
Натальля Гарчака, якая прыйшла на адно з пасяджэньняў у суд Фрунзенскага раёна, сфатаграфавала таблічку на дзьвярах кабінэта, паведамляе сайт nash-dom.info.
Да яе падышоў супрацоўнік аховы і сказаў, што яна не мае права фатаграфаваць. На пытаньне Натальлі, на якой падставе ёй забараняюць фатаграфаваць, ахоўнік перайшоў на крык. Актывістка выклікала міліцыю і пачала здымаць тое, што адбываецца, на відэа.
Паводле Валерыя Шчукіна, супрацоўнікі аховы затрымалі Натальлю «гестапаўскімі мэтадамі». Яны забралі ў актывісткі тэлефон, на які яна вяла здымкі. Міліцыянты адвезьлі жанчыну ў пастарунак, дзе Натальлі зладзілі зьневажальны ператрус.
Пазьней, як паведамляе «Вясна», на Натальлю Гарачка склалі пратакол па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і адвезьлі ў суд Фрунзенскага раёна.