Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі гарсуд скасаваў штрафы за патрабаваньне адстаўкі Валянціна Сукалы


Менскі гарадзкі суд скасаваў пастанову Цэнтральнага раённага суду сталіцы аб пакараньні штрафам праваабаронцаў Тамары Сяргей і Валянціны Каваленкі за пікет з патрабаваньнем адстаўкі старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы.

12 верасьня судзьдзя Вікторыя Шабуня аштрафавала Тамару Сяргей і Валянціну Каваленку на 30 базавых велічынь кожную за несанкцыянаваны пікет. Але праваабаронцы абскардзілі вырак у Менскім гарадзкім судзе.

12 кастрычніка стала вядома, што пастанову судзьдзі Вікторыі Шабуні скасаваў старшыня Менскага гарсуду Павал Каршуновіч.

Праваабаронца Тамара Сяргей адзначае два процілеглыя бакі гэтага рашэньня.

«Гэта такі судовы бюракратычны кампраміс. Мы так і не прызнаныя невінаватымі ў пікеце, а проста Каршуновіч адмяніў пастанову „з прычыны малазначнасьці правапарушэньня“. Як юрыста мяне гэта не задавальняе, бо ў матэрыялах справы былі доказы нашай невінаватасьці. Але як грамадзкая актывістка адзначу, што гэта вельмі важны прэцэдэнт, бо суд адмяніў пастанову аб пакараньні за пікет, ды не абы-які, а з патрабаваньнем адстаўкі Сукалы. Мы працягваем казаць, што беларуская судовая сыстэма, якой Валянцін Сукала кіруе ўжо больш за 20 гадоў, знаходзіцца ў крызісе, але адзначаем і тое, што могуць прымацца і здаровыя рашэньні», — сказала Свабодзе Тамара Сяргей.

Пікет з патрабаваньнем адстаўкі Валянціна Сукалы з пасады старшыні Вярхоўнага суду прайшоў у Менску на плошчы Свабоды 16 жніўня. Акцыю правялі актывісты ініцыятывы «За справядлівасьць у судах і пракуратуры», якія мяркуюць, што Валянцін Сукала пэрсанальна вінаваты ў пэўных хібах беларускай судовай сыстэмы. Міліцыя не перашкаджала ўдзельнікам пікету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG