Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь рэклямуе «Хэльсінкі-2» дзе толькі можна


Намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук на восеньскай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая пачалася 3 кастрычніка ў Андоры, паўдзельнічаў у дэбатах аб праблемах кібэрбясьпекі, дзе прарэклямаваў міратворчую ініцыятыву афіцыйнага Менску.

Ён заклікаў разглядаць праблему рэагаваньня на выклікі і пагрозы ў галіне кібэрбясьпекі скрозь прызму агульнай сытуацыі ў сфэры бясьпекі на прасторы АБСЭ, а таксама нагадаў парлямэнтарам аб ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі на летняй сэсіі ў Менску, пра неабходнасьць абнаўленьня Хэльсынскага працэсу ў інтарэсах міру і бясьпекі у Эўропе.

На думку кіраўніка беларускай дэлегацыі, парлямэнцкае вымярэньне АБСЭ ўяўляе сабой ідэальную пляцоўку для абмену думкамі і пошуку агульных пунктаў сутыкненьня ў мэтах прасоўваньня новага Хэльсынскага працэсу.

Паводле прэсавай службы ПА АБСЭ, восеньскае пасяджэньне з удзелам дэпутатаў 57 краін АБСЭ праходзіць з акцэнтам на новыя выклікі бясьпекі.

Так, прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Крыстынэ Мутанэн падкрэсьліла важнасьць супрацы ўсіх краінаў, што ўваходзяць у АБСЭ.

Крыстынэ Мутанэн
Крыстынэ Мутанэн

«Калі краіна заяўляе, што яна перасьледуе толькі ўласныя інтарэсы, не беручы пад увагу іншыя краіны, гэта, па сутнасьці, падрывае ўсе нашы агульныя інтарэсы. Супрацоўніцтва з’яўляецца неабходнасьцю ў гэтым узаемазьвязаным сьвеце», — адзначыла яна.

Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі таксама заклікала да актывізацыі намаганьняў ва ўрэгуляваньні крызісу вакол Украіны.

Сёньня ўдзельнікі форуму ў Андоры абмяркуюць пытаньні экалягічнай бясьпекі, а ў чацьвер, у апошні дзень сэсіі, пройдуць дэбаты на тэму «Разьвіцьцё адукацыі як гарантыя стабільнасьці і разьвіцьця».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG