Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэрал ЗША: у вучэньнях «Захад-2017» узялі ўдзел больш за 40 тысяч вайскоўцаў


Бэн Годжэс (зьлева)
Бэн Годжэс (зьлева)

Паводле вайскавода арміі ЗША ў Эўропе генэрал-лейтэнанта Бэна Годжэса, Расея разьбіла «Захад-2017» на шэраг драбнейшых вучэньняў, каб не запрашаць назіральнікаў.

Вайскавод арміі ЗША ў Эўропе генэрал-лейтэнант Бэн Годжэс заявіў, што ў нядаўніх вучэньнях войскаў Расеі і Беларусі ўзялі ўдзел, паводле ягонай ацэнкі, разам больш за 40 000 вайскоўцаў, паведамляе Associated Press.

Як заявіў амэрыканскі генэрал журналістам у Брусэлі, колькасьць удзельнікаў вучэньняў была папраўдзе значна большая, чым заяўленыя 12700 вайскоўцаў.

Паводле яго, Расея разьбіла буйныя вучэньні на некалькі асобных меншых, каб абысьці патрабаваньні міжнароднага назіраньня за імі, але ўсе гэтыя вучэньні былі ўзаемазьвязаныя з вайсковага гледзішча, і на гэтым і палягала задума расейскіх уладаў.

Стварыць «вайсковы Шэнген»

У сувязі з гэтым ён заклікаў стварыць на Захадзе «вайсковы Шэнген», як генэрал назваў сваю прапанову ўкласьці спэцыяльныя правілы транспартаваньня ўзбраеньняў і вайсковых грузаў празь межы, каб сілы NATO маглі хутка перасоўвацца па Эўропе і быць у змозе стрымліваць патэнцыйную агрэсію Расеі.

Зьвяз NATO «павінен магчы перамяшчацца гэтак жа хутка, а то і хутчэй, чым сілы Расеі, калі мы хочам, каб наша здольнасьць стрымліваць была дзейснай», — сказаў Годжэс.

Вучэньні «Захад-2017» прайшлі на тэрыторыі Беларусі і ў Расеі з 14 па 20 верасьня. Паводле афіцыйных зьвестак, колькасьць іх удзельнікаў склала 12 700 вайскоўцаў — крыху менш за 13000, калі б, паводле міжнародных дамоўленасьцяў, быў бы абавязковы ўдзел замежных назіральнікаў. Дзякуючы гэтаму ад NATO на вучэньні запрасілі прадстаўнікоў толькі ў статусе гасьцей — наведнікаў асобных акцыяў у асобныя дні.

Шэраг заходніх урадаў, палітыкаў і вайскоўцаў прыйшлі напярэдадні вучэньняў да аднолькавых высноваў: рэальна ў іх маглі прыняць удзел разам 100 000 вайскоўцаў ці нават больш. Паводле іх, для гэтага Расея называе асобныя элемэнты фактычна адзіных буйных вучэньняў ланцугом фармальна асобных вучэньняў меншага маштабу, а таксама можа прыцягнуць значную колькасьць войскаў у рамках асобна абвешчаных «раптоўных праверак».

Краіны-суседзі Беларусі турбаваліся, што Расея можа выкарыстаць вучэньні «Захад-2017» для агрэсіўнага павелічэньня вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварыць Беларусь у пляцдарм магчымага наступу.

У Расеі такія здагадкі называлі неабгрунтаванымі.

Мінабароны: у Беларусі на вучэньнях — менш за ўзвод расейскіх дэсантнікаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG