Віцябляне ўжо знаёмыя з падобным фарматам мерапрыемстваў, калі наведнікі могуць набыць сувэнірную ды іншую нацыянальна арыентаваную прадукцыю, паслухаць выступы літаратараў і дасьледчыкаў гісторыі, паглядзець песьні і паслухаць музыкаў. Бо штогод у горадзе ладзіцца фэст «Барадулінкі». Але ён бывае летам, і большасьць імпрэзаў праходзіць на адкрытым паветры.
Цяпер жа фэст нацыянальнай культуры прымаў вядомы віцебскі арт-паб «Torvald». Імпрэзы ў памяшканьні сабралі меней гледачоў, чымсьці было на «Фэсьце вышыванкі» у Гародні, адзначыў арганізатар фэсту Алесь Мазанік, але не колькасьць наведнікаў зьяўляецца тут галоўнай мэтай:
«Я шмат займаўся арганізацыяй беларускіх мерапрыемстваў з удзелам мастакоў, музыкаў, літаратараў. І зараз гэта ўсё сабралася разам. Я хачу паказаць на ўласным прыкладзе, што падобныя імпрэзы, карысныя і для творцаў, і для гледачоў, рабіць цалкам рэальна. Прычым гэта не патрабуе надта вялікіх высілкаў ці грашовых укладаньняў. Я хачу паказаць, што можна арганізоўваць не асобна нейкія курсы або канцэрты, а рабіць цэлыя фэсты беларускай культуры. У Беларусі павінна пабольшаць людзей, якія будуць папулярызаваць творчасьць літаратараў, музыкаў, майстроў. Я спадзяюся, што ў гэтым сэнсе ў мяне знойдуцца наступнікі».
Ад поўдня і да самага вечара з «Торвальдзе» працаваў кірмаш, дзе наведнікі фэсту маглі набыць кнігі, сувэнірную прадукцыю, адзеньне і канцылярскія тавары зь беларускай сымболікай. Аматары літаратурных сустрэчаў паслухалі выступы віцебскіх паэтаў Уладзімера Папковіча і Кастуся Севярынца, а таксама госьця зь Менску, Славаміра Адамовіча. Зрэшты, Віцебск у ягонай біяграфіі таксама адбіўся: менавіта тут, у газэце «Выбар», якую ў 1990-я выдаваў апазыцыянэр Барыс Хамайда, быў надрукаваны знакаміты верш «Убей президента», за які аўтара судзілі.
На віцебскі фэст зь Менску завіталі ня толькі выступоўцы: Кіраўнік грамадзкай дырэкцыі мэмарыялу Курапаты Алесь Чахольскі прывёз скрыню для ахвяраваньняў на крыжы ў Курапатах. Такая самая скрыня была і на гарадзенскім фэсьце, праўда, грошай тады сабралі недастаткова, каб вырабіць крыж, апавёў спадар Чахольскі:
«Добры драўляны крыж каштуе каля 300 рублёў, і ў Гародні нашы партыйцы працягваюць збор грошай. У Віцебску плянуем тое самае. Бо ёсьць ініцыятыва, каб у Курапатах зьяўляліся крыжы ад розных гарадоў — у памяць пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, якія адбываліся па ўсёй Беларусі».
А ў арт-пабе «Торвальд» тым часам працягваўся фэст — наведнікі глядзелі прэзэнтацыю выдаўца кніжнай сэрыі «Такая гісторыя» Рамана Цымберава, знаёміліся з дасьледаваньнямі гісторыі Слуцкага збройнага чыну актывістаў Алеся Лагвінца ды Аліны Нагорнай.
Заснавальнік ды рэдактар альманаху «Svajksta» Алесь Мікус граў на дудзе і дыскутаваў з прысутнымі пра этнічную рэлігійнасьць, а Аляксей Шэін прадстаўляў беларускія фантастычныя ды фэнтэзійныя творы. Напрыканцы ахвотныя ўзялі ўдзел у паб-квізе «Імбрыкі ды Імбрычкі», дзе кожны мог выкарыстаць свае веды ў роднай мове, гісторыі і культуры.