Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыбайкальскія «Крывічы» пераадолелі цяжкасьці і пашыраюць уплыў


"Крывічы" адзначаюць дажынкі ў Прыбайкальлі
"Крывічы" адзначаюць дажынкі ў Прыбайкальлі

Актывісты беларускай суполкі Іркуцку правялі нечарговы сход моладзевага клюбу «Крывічы» і ўнесьлі зьмены ў статут грамадзкай арганізацыі.

Як удакладніў руплівец беларускага руху ў Прыбайкальлі, заснавальнік Іркуцкага беларускага таварыства культуры імя Яна Чэрскага, а цяпер адзін з кіраўнікоў «Крывічоў» Алег Рудакоў, зьмены ўжо зацьверджаныя Міністэрствам юстыцыі Расеі і ўлічаныя падатковымі органамі.

«Шаноўныя сябры, шмат хто з вас, мабыць, чуў, што моладзевы клюб „Крывічы“ сёлетняй вясной напаткаў цяжкі лёс, — нагадаў Алег Рудакоў. — У нас зьніклі фундатары і неадкладна ўзьнікла вялікая пазыка за арэнду сядзібы. Тым ня менш наш актыў не капітуляваў перад цяжкасьцям, усё лета мы працавалі, каб выйсьці ў „новы сэзон“ з добрымі напрацоўкамі».

Алег Рудакоў у студыі Свабоды
Алег Рудакоў у студыі Свабоды

Суразмоўца дадае: каб пашырыць кола ўплыву, было вырашана адмовіцца ад выкарыстаньня ў назьве слова «моладзевы». Цяпер афіцыйная назва суполкі аднадумцаў — «Іркуцкае гарадзкое грамадзкае аб’яднаньне Беларускі клюб „Крывічы“».

«Такім чынам, мы „пасталелі“, — падсумоўвае Алег Рудакоў. — Але гэта зусім не азначае, што мы пазбавіліся моладзі. Наадварот, у нас яе стала яшчэ болей! Але паболела і чальцоў сталага ўросту, якія атрымалі магчымасьць адчуваць сябе ў беларускай суполцы больш утульна».

Праблемы суполкі

Як інфармавала Свабода, сёлета ў красавіку Алег Рудакоў быў «скарочаны» на асноўнай працы і, застаўшыся без стабільнага прыбытку, апынуўся перад пагрозай згортваньня культурна-асьветніцкай дзейнасьці.

Адзін з колішніх адрасоў "Беларускай хаты" Алега Рудакова
Адзін з колішніх адрасоў "Беларускай хаты" Алега Рудакова

Спадар Рудакоў тады расказваў, што летась быў прызначаны выканаўчым дырэктарам фірмы «Іркуцк МАЗ Цэнтар», якая дапамагала «Крывічам» утрымліваць памяшканьне. Але якасьць мазаўскай тэхнікі пагоршылася, попыт на яе зьнізіўся, і сумеснае зь беларусамі прадпрыемства «Сыбір МАЗ Сэрвіс» распачало працэдуру банкруцтва.

«Толькі пераехалі ў цэнтар гораду, абжыліся, зручна было ўсім сустракацца, кожную суботу праводзілі заняткі, рэпэтыцыі гурту, — апавядаў Алег Рудакоў. — Пачалі сябе камфортна адчуваць, як такі вось паварот. А неўзабаве паставілі перад фактам, што кампанія не заплаціла арэнду, трэба тэрмінова шукаць грошы. Цяпер як закладнік: падпадаю пад скарачэньне, утрымліваць сядзібу кіраўніцтва ня будзе».

Дажынкі —​ ужо ў новым офісе

Днямі пытаньне з аднаўленьнем працы офісу аб’яднаньня нарэшце вырашылася, і цяпер эпіцэнтар беларускай актыўнасьці месьціцца на вуліцы Сьвярдлова, 40. Тут жа атабарылася славутая «Беларуская хата» Алега Рудакова, зь якой ён за два дзясяткі гадоў актыўнай дзейнасьці зьмяніў не адзін адрас прапіскі.

Чарговы сэзон на карысьць беларускага руху ў Прыбайкальлі паплечнікі Алега Рудакова і кіраўніцы «Крывічаў» Волі Галанавай шырока адзначылі відовішчнай імпрэзай — традыцыйнымі дажынкамі ў вёсцы Тургенеўка Баяндаеўскага раёну Іркуцкай вобласьці. У 1909 годзе на землях, арандаваных у карэнных плямёнаў буратаў, заклалі сваё паселішча беларускія перасяленцы з Заходняга Палесься.

У беларускай вёсцы. Тургенеўка Баяндаеўскага раёну Іркуцкай вобласьці
У беларускай вёсцы. Тургенеўка Баяндаеўскага раёну Іркуцкай вобласьці

Гэта, бадай, найбольш паказальны прыклад шанаваньня свайго за тысячы кілямэтраў ад мэтраполіі: тут працуюць сьпеўныя і танцавальныя гурткі дзяцей і дарослых, адзначаюць народныя сьвяты, гатуюць аўтэнтычныя стравы, вывучаюць і шануюць родную мову.

Алег Рудакоў — заснавальнік і на працягу амаль двух дзясяткаў гадоў нязьменны кіраўнік Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. У 2014 годзе напісаў заяву аб выхадзе са складу арганізацыі з прычыны несупадзеньня пазыцыяў з асобнымі сябрамі. Ад таго часу — актыўны ўдзельнік аб’яднаньня «Крывічы».

Сёлета ў ліпені браў удзел у працы VII зьезду беларусаў сьвету ў Менску. Падчас свайго ввыступу зрабіў пералік прапановаў, як зрабіць працу беларускіх суполак за межамі Беларусі больш эфэктыўнай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG