Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тут будзе Майдан». Беларус у Каталёніі пра незалежнасьць


На 1 кастрычніка ўлады гішпанскага рэгіёну Каталёнія заплянавалі рэфэрэндум аб незалежнасьці. Мадрыд назваў рэфэрэндум незаконным, і паліцыя затрымала шэраг каталёнскіх урадоўцаў. Адбыліся ператрусы ў рэгіянальных міністэрствах, якія ладзяць забаронены рэфэрэндум. Дзясяткі тысяч выйшлі на пратэсты ў сталіцы Каталёніі, Барсэлёне.

Беларус Павел Кірылёнак, які жыве ў Каталёніі ўжо 10 гадоў, расказаў Радыё Свабода пра сваё бачаньне канфлікту і пра пэрспэктывы каталёнскай незалежнасьці.

Пра прычыны цяперашніх пратэстаў

Месяц таму па ўсіх апытаньнях грамадзкай думкі прыхільнікаў незалежнасьці было каля 40 працэнтаў. Але гэта вельмі зацятыя людзі — яны для гішпанскай дзяржавы, можна сказаць, страчаныя. Я не магу сабе ўявіць, каб яны пачалі лічыць сябе гішпанцамі.

Ад 75 да 80 працэнтаў каталёнцаў хацелі прагаласаваць.

Пры гэтым ад 75 да 80 працэнтаў каталёнцаў хацелі прагаласаваць, падтрымлівалі саму ідэю вырашыць гэты канфлікт праз рэфэрэндум. Нават тыя мае знаёмыя, якія не падтрымліваюць ідэю незалежнай Каталёніі, казалі, што будзе вельмі дрэнна, калі мадрыдзкі ўрад не дапусьціць рэфэрэндуму.

Галоўны аргумэнт за незалежнасьць — ня чыста фінансавыя пытаньні ці гістарычныя крыўды. Ёсьць такая банальная фраза, што «нас ня слухаюць і нас не паважаюць». То бок нам не даюць жыць і кіраваць нашым рэгіёнам так, як мы хочам.

Што дасьць незалежнасьць, паводле яе прыхільнікаў

Цяпер яны ўжо пра гэта амаль ня думаюць. Сытуацыя зайшла настолькі далёка, што для прыхільнікаў незалежнасьць робіцца самамэтай. Яны ўжо ня думаюць наколькі лепей ці горш будзе жыць у незалежнай Каталёніі.

Але некалькі месяцаў таму, пакуль яшчэ не дайшло да такой кропкі кіпеньня, называліся моцныя эканамічныя фактары. Рабіліся падлікі, што ў незалежнай Каталёніі будзе плюс 30 працэнтаў да яе сучаснага багацьця.

Усе гэтыя гады, што я тут жыву, каталёнскія палітыкі беспасьпяхова дабіваліся большага самакіраваньня — найперш у фінансавай сфэры. Каталёнія — наймацнейшая эканоміка Гішпаніі. Яна на сёньня галоўны донар бедных рэгіёнаў.

Гішпанія — унітарная дзяржава, дзе большасьць рэгіёнаў плаціць свае падаткі ў цэнтральны бюджэт на пераразьмеркаваньне. І каталёнцам падавалася вельмі несправядлівай сытуацыя, калі яны зарабляюць больш, а потым едуць у нейкую бедную Андалюсію і бачаць там лепшыя дарогі і цягнікі. Тым больш, што ёсьць прыклад Краіны баскаў — гэты багаты рэгіён мае поўную падатковую самастойнасьць.

Пра моўную сытуацыю ў Каталёніі

Я сёньня ўжо валодаю абедзьвюма мовамі, прыкладна на адным узроўні. Барсэлёна — гэта выдатны прыклад дзьвюхмоўя. Кампанія сяброў за кубкам кавы ці куфлем піва можа пераключацца — нехта размаўляе па-кастыльску, нехта па-каталёнску, і ў гэтым абсалютна няма ніякай праблемы.

Але пэрыядычна цэнтральны ўрад спрабуе крыху падрэзаць правы каталёнскай мовы, і гэта выклікае хвалі абурэньня сярод каталёнцаў. Бо мова для іх гэта сапраўды сьвятое. Яны яе амаль што страцілі, і вельмі баяцца, што такая сытуацыя адбудзецца зноў.

Чым прыхільнікі незалежнасьці адрозьніваюцца ад праціўнікаў

Карэнныя каталёнцы ў большасьці сапраўды за незалежнасьць. Сярод тых людзей, якія прыехалі сюды зь іншых рэгіёнаў Гішпаніі альбо нарадзіліся ў прыежджых сем’ях, падтрымка незалежнасьці значна меншая. Але калі браць іншыя фактары — узрост, сацыяльнае паходжаньне, — дык падтрымка ад гэтага моцна не залежыць.

Пра асабістае стаўленьне да незалежнасьці

Я цяпер працую ў турыстычнай сфэры, экскурсаводам, але з асабістага эканамічнага погляду я пра гэта ня думаю. Бо ёсьць вельмі розныя прагнозы — што будзе з Каталёніяй у выпадку, калі яна стане незалежнай. Сам я галасаваць магу толькі на мясцовых выбарах, але сэрцам я ўжо за незалежнасьць.

Яшчэ некалькі гадоў таму мне здавалася, што выйсьцем з сытуацыі была б нейкая дамова. Здавалася, што можна прыйсьці да нейкага кампрамісу. І, наколькі я валодаю сытуацыяй, з каталёнскага боку спробы дамовіцца былі.

Павел Кірылёнак
Павел Кірылёнак

Ці зашкодзіць турызму змаганьне за незалежнасьць

Каталёнцы, і найперш барсэлёнцы, ня надта баяцца страціць турызм. У апошнія гады тут ідзе дыскусія, а ці патрэбен нам увогуле гэты масавы турызм. Бо яго ўжо занадта, і ён пачынае пакрыху зьнішчаць горад.

Тут моцная прамысловасьць, вельмі моцная сельская гаспадарка. Таму турызм не ўспрымаецца як нейкі вызначальны фактар.

Пра небясьпеку гвалту

Ёсьць каталёнская партыя CUP — крайне левая, — якую мадрыдзкая прэса называе радыкаламі і пасьлядоўнікамі Кастра ды Мадуры. Але яны свой галоўны пратэст праводзілі проста седзячы. Яны атачылі будынак, які спрабавала абшукаць гішпанская паліцыя, і проста сядзелі. Паліцыя іх па адным цягнула ў розныя бакі.

Паўтаруся — гэта найвялікшыя радыкалы, якія ў нас тут увогуле ёсьць. Увогуле не магу ўявіць сабе нейкага гвалтоўнага супраціву. Мне здаецца, што тут усё будзе рабіцца «гандысцкімі» мэтадамі.

Пра «расейскі» сьлед

Я гэта ўспрымаю як абсалютна голую фантазію. Расея можа паспрабаваць згуляць на гэтым полі, бо гэтая сытуацыя ўжо існуе, Але казаць, што Расея нейкім бокам справакавала цяперашнія падзеі, гэта абсалютнае глупства.

Была акцыя ў Маскве, дзе сабраліся левыя і правыя радыкалы з усёй Эўропы, дык там былі нейкія два анархісты з Барсэлёны. Але, наколькі мне вядома, гэта была нават ня нейкая арганізацыя, а проста два чалавекі.

Што будзе 1 кастрычніка?

Хутчэй за ўсё супрацьстаяньне будзе нарастаць. Тут будзе Майдан, але негвалтоўны. Рэфэрэндум у тым выглядзе, як яго хацелі правесьці каталёнскія ўлады, хутчэй за ўсё, не адбудзецца. Тэхнічна ён ужо заблякаваны мадрыдзкімі сілавымі структурамі. Таму мы пабачым масавыя акцыі супраціву, а не галасаваньне як такое.

І шанцы па посьпех гэтых пратэстаў даволі вялікія. Бо тое, што цяпер адбываецца, шакавала ўсіх — як прыхільнікаў, гэтак і праціўнікаў незалежнасьці.

***

20 верасьня гішпанская паліцыя затрымала 13 чыноўнікаў ўраду Каталёніі ў спробе перашкодзіць падрыхтоўцы да рэфэрэндуму аб незалежнасьці рэгіёну, які, паводле Мадрыду, зьяўляецца незаконным. Гэта прывяло да выбуху вулічных пратэстаў у Барсэлёне.

Каталёнскія лідэры ігнаруюць пастанову суду спыніць падрыхтоўку да галасаваньня. Прэзыдэнт каталёнскага Нацыянальнага сходу Жордзі Санчэс заклікаў да мірнага супраціву. Рэфэрэндум заплянаваны на 1 кастрычніка.

Рэгіён Каталёнія, каля мяжы з Францыяй, мае насельніцтва 7,5 мільёнаў чалавек. Сталіца рэгіёну — вядомы турыстычны горад Барсэлёна. Каталёнія, якая мае статус «аўтаномнай супольнасьці», зьяўляецца часткай Гішпаніі з XVII стагодзьдзя, але мае ранейшую шматвекавую гісторыю ўласнай дзяржаўнасьці ды горкія ўспаміны пра забарону выкарыстоўваць каталянскую мову падчас дыктатуры генэрала Франка 1939–1975 гадоў.

У новы час каталёнцы спрабуюць здабыць незалежнасьць ад Гішпаніі прынамсі з пачатку XX стагодзьдзя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG