У працэсе выхаду з складу Эўрапейскага Зьвязу Вялікая Брытанія гатовая выплаціць Брусэлю ня менш за 20 млрд эўра. Пра гэта заявіў дарадца прэм’ер-міністра аб’яднанага каралеўства Тэрэзы Мэй у пытаньнях Эўразьвязу Олівэр Робінс, паведамляе Deutsche Welle са спасылкай на Financial Times.
Чакаецца, што памер сумы, якую Лёндан мае намер выплаціць Эўразьвязу, Мэй можа афіцыйна абвясціць у праграмнай прамове пра Brexit 22 верасьня ў Флярэнцыі.
У той жа час у брытанскім урадзе зьвесткі пра суму ў 20 млрд ужо назвалі «чыстай спэкуляцыяй».
Фінансавыя патрабаваньні Эўразьвязу да Вялікай Брытаніі зьяўляюцца адным з самых спрэчных пунктаў перамоваў пра Brexit. Паводле зьвестак крыніц у Брусэлі, Эўразьвяз патрабуе ад 60 да 100 млрд эўра, якія, згодна з заявай эўракамісара ў пытаньнях бюджэту Гюнтэра Этынгера, павінны быць выплачаныя да 2023 году.
Вялікая Брытанія мае выйсьці з Эўразьвязу да канца сакавіка 2019 году пасьля рэфэрэндуму 2016-га, большасьць удзельнікаў якога падтрымалі гэтае рашэньне. 29 сакавіка прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй пачала працэс выхаду з ЭЗ згодна з артыкулам 50 Лісабонскай дамовы аб функцыянаваньні Эўрапейскага зьвязу, якая прадугледжвае працэдуры такога выхаду. Гэты працэс павінен доўжыцца ня больш за два гады.