Замбаваньне прапагадай праз СМІ працуе. Але працуе нядоўга калі прапагандысцкія ўкіды не падмацаваныя рэаліямі.
Так было ў 2014, калі беларусаў пужалі крыважэрным украінскім «Правым Сэктарам». І сапраўды, пэўны час прымежныя зь Беларусьсю ўкраінскія рынкі стаялі пустыя — беларусы баяліся ехаць.
Але жахалкі з расейскіх СМІ, якія масава глядзяць беларусы, працавалі нядоўга. Рэальнасьць узяла сваё. Напрыклад, сёлета толькі за паўгода Ўкраіну наведалі больш за мільён беларусаў.
Беларускія і расейскія рэаліі ўсё больш розьняцца.
Вось у Расеі набіраюць абароты жарсьці вакол фільму «Матыльда»: падпалы, напады, пратэсты.
А вось вэрдыкт камісіі Міністэрства культуры Беларусі: «Карціна багатая, дабротная і вельмі прыгожая. У ёй ёсьць мастацкая прыдумка, але няма крамолы».
Пракат «Матыльды» ў Беларусі заплянаваны на 26 кастрычніка, і ніхто не чакае нападаў экстрэмістаў.
Расейскі грамадзянін мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел пра фільм «Матыльда»: «Ён падзяліў наша грамадзтва».
Ды дзе ж падзяліў? У Беларусі ў інфармацыйнай прасторы нуль жарсьцяў. Магчыма, мітрапаліт блытае беларускае і расейскае грамадзтвы, якое паводле савецкай звычкі ўспрымае як адно цэлае.
Але рэаліі гавораць самі за сябе: у Расеі жарсьці, у Беларусі, хіба, цікаўнасьць — што там у іх у Расеі?
У Беларусі ня можа быць як у Расеі ні ў кантэксьце Ўкраіны, ні ў кантэксьце «Матыльды». У нас слаба распаўсюджаная ўкраінафобія, бо ніколі не падагравалася стаўленьне да Ўкраіны як да калёніі/малодшай сястры (бо мы самі былі калёніяй).
У Беларусі ня можа быць «матыльдафобіі», бо няма чарнасоценцаў ды іншых экстрэмістаў, якія базуюць сваю ідэалёгію на сумесі імпэрскасьці, манархізму і праваслаўнага фундамэнталізму.
А жарсьці вакол фільму ў Расеі зьвязаныя з тым, што кананізаваны ў 2000-м годзе Мікалай ІІ ў «Матыльдзе» паказаны звычайным чалавекам.
Агульнай для інфармацыйнага поля беларусаў і расейцаў застаецца тэма боязі Захаду, «які хоча нас захапіць». Вось і вучэньні «Захад-2017» запраграмаваныя на захадафобію.
У СССР была лёгіка захадафобіі — капіталісты супраць пашырэньня сацыялізму. А цяпер беларусам не тлумачаць, чаму Захад пагражае. Проста галава краіны і яго падначаленыя, як мантру, паўтараюць тое, што даўно не адпавядае рэаліям.
А рэаліі такія, што беларусы на чатыры мільёны працаздольнага насельніцтва штогод атрымліваюць пад мільён шэнгенскіх візаў. Калі б баяліся, за заходнюю мяжу ня ехалі б — да «натаўскіх правасекаў».
Салат «аліўе» і савецкія кінакамэдыі на «празьнікі» ды ўмоўныя петрасяны з пугачовымі — гэта фактычна ўсё, што яднае ў інфармацыйнай прасторы беларусаў і расейцаў. Дый тое да часу, калі вырасьце новая генэрацыя, якая жыве ў інтэрнэце мультынацыянальным інфармацыйным прадуктам.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.