Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​Дзікоў зьнішчылі. Цяпер замежным паляўнічым прапануюць ласёў, аленяў і казуляў


Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

У Беларусі істотна абмежавалі паляваньне на дзікоў, паведаміў міністар лясной гаспадаркі Беларусі Міхаіл Амельяновіч.

«Раней у Беларусь прыяжджала шмат расейскіх паляўнічых на дзіка. Яны куплялі ліцэнзіі, палявалі і такім чынам нядрэнна падтрымлівалі эканоміку нашых лясгасаў. Аднак праз пэўны час мы заўважылі, што дзікоў засталося ўжо няшмат. Таму сёлета акцэнт у паляваньні зьмяніўся. Мы прапануем іншаземцам паляваньне на ласёў, аленяў і казуляў».

Міністар адзначыў, што з увядзеньнем бязьвізавага ўезду ў Беларусь для іншаземцаў на 5 дзён да нас пацягнуліся паляўнічыя з заходніх краінаў.

«Сэзон афіцыйна адкрыўся 1 верасьня, а мы ўжо ведаем, што цяпер у нашых лясах палююць 25 іншаземцаў, якія скарысталіся новай магчымасьцю ўезду ў Беларусь».

Паводле міністра, у беларускіх лясах налічваецца больш за 9 тысяч ласёў, 6,5 тысячы аленяў і 22 тысячы казуляў.

За апошнія тры гады ў Беларусі вынішчана амаль 100 тысяч дзікоў. Рашэньне аб масавым вынішчэньні дзікоў было прынятае ў 2013 годзе, калі ў Гарадзенскай і Віцебскай абласьцях зьявілася афрыканская чума сьвіней. На пачатак кампаніі вынішчэньня ў 2013-м іх налічвалася 82,9 тысячы — зьнішчана амаль 97%.

Дзікі лічацца асноўнымі пераносчыкамі АЧС.

Афрыканская чума сьвіней — віруснае захворваньне, ад якога няма вакцыны. У хворай сьвіньні павышаецца тэмпэратура цела да 40–42 градусаў, яна кашляе, ногі паралізуе. Цягам 2 дзён сьвіньня памірае. Людзям афрыканская чума сьвіней не пагражае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG