Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральны сакратар Рады Эўропы: «Глыбока занепакоены чарговымі сьмяротнымі прысудамі ў Беларусі»


Турбʼёрн Яглянд (Thorbjørn Jagland)
Турбʼёрн Яглянд (Thorbjørn Jagland)

Генэральны сакратар Рады Эўропы Турбʼёрн Яглянд выступіў з заявай аб новых сьмяротных прысудах у Беларусі.

«Я глыбока занепакоены сёньняшнім рашэньнем Магілёўскага абласнога суду вынесьці два сьмяротныя прысуды, — заявіў Генэральны сакратар. — Я зноў выказваю наша расчараваньне тым, што Беларусь працягвае ўжываць гэтую бесчалавечную і несправядлівую меру, якая цалкам супярэчыць эўрапейскім каштоўнасьцям».

21 ліпеня Магілёўскі абласны суд агучыў рашэньне ў справе так званых «чорных рыэлтэраў». Галоўны фігурант Ігар Гершанкоў і ягоны падзельнік Сямён Беражны асуджаныя на выключную меру пакараньня — расстрэл. Іх абвінавацілі ў забойстве шасьці чалавек і падрыхтоўцы да ўчыненьня забойства яшчэ траіх.

«Сьмяротнае пакараньне застаецца асноўнай перашкодай на шляху далучэньня Беларусі да Рады Эўропы, — нагадаў Турбʼёрн Яглянд. — Я заклікаю беларускія ўлады тэрмінова ўвесьці мараторый на ўжываньне найвышэйшай меры пакараньня ў якасьці першага кроку да яе поўнай забароны, а таксама зьмякчыць ужо існыя прысуды».

Судовы разбор гучнай справы «чорных рыэлтэраў» доўжыўся блізу васьмі месяцаў. Апроч пакараных расстрэлам Гершанкова і Беражнога, іншым фігурантам справы прысуджанае турэмнае зьняволеньне: Тацяна Гершанкова атрымала 24 гады турмы з канфіскацыяй маёмасьці, Барыс Калесьнікаў — 22 гады і адзін месяц калёніі строгага рэжыму.

Ад пачатку году ў Беларусі выкананы адзін сьмяротны прысуд. Быў расстраляны жыхар Гомеля Сяргей Вострыкаў. Жыхар Мазыра Кірыл Казачок і Аляксей Міхаленя з Нароўлі чакаюць сваёй чаргі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG