Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія каровы лятуць на Сахалін


На расейскай высьпе Сахалін беларусы будуюць сельскагаспадарчы комплекс з аграгарадком. Беларускае там абсалютна ўсё: матэрыялы, тэхналёгіі, абсталяваньне, сад і нават каровы. Мясцовыя называюць гэты аб’ект ня проста фэрмай, а нанафэрмай.

У савецкім мінулым Сахалін біў рэкорды ў краіны па надоях малака. Выспа была на трэцім месцы ў РСФСР. Сёньня 60% малака і амаль усё мяса ў Сахалін завозяць з мацерыка. Вярнуць савецкую славу мясцовыя ўлады хочуць дзякуючы беларусам.

Беларускую фэрму і аграгарадок будуюць у вёсцы Раздольнае на поўдні выспы. Па моры 150 кілямэтраў да Японіі. Да 1946 году Раздольнае належала японскай прэфэктуры Карафута і называлася Ахата. Але будаваць высокатэхналягічны комплекс мясцовыя ўлады папрасілі не інавацыйных японцаў.

Таварна-малочная фэрма, якую будуюць беларусы
Таварна-малочная фэрма, якую будуюць беларусы

«Мы абралі Беларусь, бо гэта краіна зь вялікім аграрным ухілам і вялікімі сельскагаспадарчымі традыцыямі» — кажа ў інтэрвію Свабодзе Валерый Рыжкоў зь Міністэрства сельскай гаспадаркі Сахаліна. Пры гэтым Сахалін забясьпечвае сябе цалкам бульбай, да чаго «бульбяной» Беларусі яшчэ далёка. А звыш паловы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Беларусі ўвогуле стратныя.

Землятрусы ня страшныя

Тым ня менш у сахалінцаў вялікія спадзяваньні на беларусаў. Валерый Рыжкоў распавёў Свабодзе, што дзякуючы фэрме, якую беларусы будуюць у Раздольным, выспа забясьпечыць сябе малаком на 80%. Беларусы яе ня толькі будуюць, але і цалкам распрацавалі праект.

«Фэрма будуецца з улікам нашых кліматычных умоваў. Будовы змогуць вытрымаць штуршкі да 8 балаў. Канструкцыі запраектаваныя з улікам вялікай вільготнасьці на Сахаліне. На даху будуць замантаваныя канькі з полікарбанату, якія забясьпечаць кароўнік сьвятлом, якога не хапае на Сахаліне. Пакрыцьцё ўнутры будзе гумовае, каб жывёлы ня коўзаліся. У нас такога раней ніколі не было» — гаворыць Рыжкоў.

Зь Беларусі і будаўнікі, і каровы

На фэрму, паводле дамовы, павінны даставіць 1000 беларускіх кароў. Пастаўляць іх будуць самалётамі. На пытаньне, ці ў Расеі няма сваіх кароваў, спадар Рыжкоў кажа: «Племяннога быдла ў Расеі ня так і шмат. Але частка статку будзе ўсё ж нашая».

Усё абсталяваньне для кармленьня кароў, ачысткі фэрмы ад гною, кіраваньня фэрмай — беларускае.

«Усё кампутарызаванае. Даіць кароваў будзе вашая ўстаноўка „Паралель“. Для Сахаліна гэта будзе рэвалюцыя» — гаворыць прадстаўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі Сахаліна.

На мясцовых форумах пад навінамі пра беларускую нанафэрму сахалінцы скардзяцца, што беларусы будуць забіраць у іх працоўныя месцы. Паводле Рыжкова, беларусаў у Раздольным сапраўды шмат і так будзе да таго часу, пакуль яны не навучаць мясцовы пэрсанал самастойна абслугоўваць фэрму. Частку будучых кадраў з Раздольнага накіравалі на практыку на беларускія кароўнікі.

Беларускі аграгарадок на экспарт

Жыць пэрсанал кароўніка будзе 50-ці аднасямейных дамах, якія таксама будуць беларусы.

«Гэта аграгарадок паводле XXI стагодзьдзя. Кожны дом амаль 100 жылых мэтраў. Камфортыя і прыгожыя дамы» — кажа Валерый Рыжкоў.

​Ацяпляцца дамы будуць торфам, пры тым, што на Сахаліне агромністыя радовішчы газу. Валеры Рыжкоў тлумачыць, што Карсакаўскі раён, дзе знаходзіцца фэрма і аграгарадок, пакуль не газіфікаваныя. «Але як толькі, дык адразу»- кажа ён.

Беларусі сад і сахалінская карупцыя

Разынкай аграгарадка стане беларускі сад у Раздольным. Зь Беларусі на Сахалін прывезьлі тысячу яблыневых саджанцаў і амаль столькі ж грушаў. Кажуць, што ўсе дрэўцы прыжылі і праз два гады чакаюць першы ўраджай. Пры ўмове, што яго ня зьесьць карупцыя.

Сахалін лічыцца адным з самых карупцыйных рэгіёнаў Расеі. Два гады таму на востраве арыштавалі губэрнатара, празь некалькі месяцаў мясцовага дэпутата. Сёлета на карупцыі пагарэў міністар сельскай гаспадаркі Сахаліну, а літаральна тыдзень таму паводле падазрэньня ў хабары быў затрыманы мэр Карсакава, побач зь якім і будуецца беларускі нанакомплекс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG