Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесін пра брыфінг начальніка Генштабу: «Я расчараваны, хацелася нешта большае пачуць»


Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

Начальнік Генштабу беларускага войска Алег Белаконеў правёў 29 жніўня брыфінг для прэсы наконт вучэньняў «Захад-2017», на якім пераконваў, што вучэньні не нясуць пагрозы суседнім дзяржавам і што да 30 верасьня расейскія войскі пакінуць Беларусь. На пытаньні прэсы Белаконеў не адказваў.

Генэрал-маёр Алег Белаконеў на брыфінгу па вучэньнях «Захад-2017»
Генэрал-маёр Алег Белаконеў на брыфінгу па вучэньнях «Захад-2017»

Вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін кажа Свабодзе, што застаўся расчараваны брыфінгам, бо нічога новага не пачуў:

«З моманту пачатку вучэньняў я ня меў ніякіх апасеньняў адносна захопу, акупацыі Беларусі, таму для мяне нічога новага не было, — кажа Алесін. — Я думаю, гэта даволі дзяжурнае мерапрыемства, улічваючы, што на пытаньні генэрал не адказваў. У прынцыпе, я расчараваны, бо мне хацелася нешта большае пачуць. Але генэрал — чалавек вайсковы, а гэта больш палітычнае мерапрыемства на самой справе.

Тое, што Беларусь, нягледзячы на абвінавачаньні і апасеньні, усё ж цьвёрда прытрымліваецца сваёй згоды на правядзеньне вучэньняў, кажа, што для нас гэта будзе такім актам пацьверджаньня, што мы трымаемся саюзьніцкіх абавязаньняў перад Расеяй на фоне росту абвінавачаньняў Беларусі ў „саюзьніцкай нявернасьці“ — што Беларусь нібы перакідаецца на Захад».

Падчас брыфінгу па вучэньнях «Захад-2017»
Падчас брыфінгу па вучэньнях «Захад-2017»

Галоўнае — ня дзе, галоўнае — што

Алесін мяркуе, што Расея адпрацоўвае на вучэньнях сцэнар высоўваньня войскаў у Беларусь на выпадак пагрозы ваенных дзеяньняў, пагрозы ўзьнікненьня канфлікту з краінамі NATO — пэрыядам перад магчымым пачаткаў баявых дзеяньняў. Такія ж мэты перасьледавалі і папярэднія вучэньні, кажа ён:

«Самае галоўнае ня тое, што яны будуць страляць на беларускіх палігонах — як і на расейскіх. Самае галоўнае — гэта адпрацоўка варыянту перакіданьня сюды расейскіх войскаў і канцэнтрацыі іх тут для вядзеньня баявых дзеяньняў».

Стрэльбы, аналягічныя тым, што праводзяцца ў Беларусі, можна праводзіць і на тэрыторыі Расеі, дадае ён: абы ляндшафт быў аналягічны беларускаму.

Падчас брыфінгу па вучэньнях «Захад-2017»
Падчас брыфінгу па вучэньнях «Захад-2017»

Не запрасілі назіраць — і ладна, бо мала што можна было б пабачыць

На брыфінгу Белаконеў намякнуў, што ня хоча бачыць на вучэньнях групу незалежных назіральнікаў, якую раней прапаноўваў дапусьціць на «Захад-2017» лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў. Белаконеў заявіў: «Апошнім часам шмат зьяўляецца аналітыкаў — людзей, якія раяць, як праводзіць вучэньні, спрабуюць стварыць групу па кантролі за вучэньнямі». І пачаў тлумачыць, што яго самога Лукашэнка наняў на вайсковую пасаду як прафэсіянала, а ў клініцы ў час апэрацыі на сэрцы ён ня змог бы раіць лекарам, што рабіць.

Алесін быў у ліку прапанаваных Дзьмітрыевым чальцоў групы — і кажа, што не асабліва чакаў, што такую групу дапусьцяць. Адчуць атмасфэру вялікіх вучэньняў было б няблага, дадае ён, але не абавязкова:

«Трэба разумець, што такую групу могуць прывезьці на адзін канкрэтны ўчастак, на ўласныя вочы мы можам пабачыць толькі невялікую частку вучэньняў. Толькі тое, што дасяжнае зроку назіральніка... Ну, можа, нават бінокль далі б, на камандны курган паставілі.

Але значна важнейшая агульная задума вучэньняў і тыя баявыя задачы, якія адпрацоўваюцца. Ведаць бы гэта, тады можна было б зрабіць глыбейшыя высновы.

Тое, што бачаць назіральнікі, — кажа Алесін, — дае ўражаньне, але не дае дастатковых зьвестак для аналізу. Наўрад ці ў назіральнікаў была б і магчымасьць шчыра паразмаўляць з вайскоўцамі і афіцэрамі. Вайскоўцы — закрытыя людзі, таму назіральнікі былі б ім перашкодай, а «пісаньні» незалежных экспэртаў яны ўспрымаюць нэрвова, бо «мала што гэтыя пісакі накапаюць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG