Як паведамляе Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Карэі, Кім Чэн Ын асабіста назіраў за пускам ракеты, якая праляцела над Японіяй і ўпала ў Ціхім акіяне. Кіраўнік КНДР заявіў, што " у будучыні будзе праведзена яшчэ больш вучэньняў з пускамі ракет, дзе мэтай будзе Ціхі акіян«. Пры гэтым ён адзначыў, што апошні ракетны пуск быў «значнай прэлюдыяй» да ўдару па Гуаму, — «перадавой базе для ўварваньня» ЗША ў КНДР.
Рада бясьпекі ААН на экстраннай нарадзе назвала ракетныя выпрабаваньні выклікам і пагрозай і запатрабавала ад Пхеньяну спыніць запускі ракет і адмовіцца ад ядзернай праграмы. Сталы прадстаўнік ЗША ў ААН Нікі Хэйлі заявіла пасьля пасяджэньня, што Злучаныя Штаты пакладуць канец незаконным паводзінам Паўночнай Карэі. Паводле яе, надышоў час Пхеньяну ўсьвядоміць «тую небясьпеку, якую яны стварылі для сябе».
Прэзыдэнт Дональд Трамп заявіў, што «усе варыянты знаходзяцца на стале» з пункту гледжаньня рэакцыі ЗША на запуск Паўночнай Карэяй ракеты, якая праляцела над Японіяй. Трамп сказаў, што Пхэньян «дэманструе пагарду да сваіх суседзяў, усіх сяброў Арганізацыі Абʼяднаных Нацый і да мінімальных стандартаў прымальных міжнародных паводзінаў».
Прэмʼер-міністар Японіі Сіндзо Абэ заявіў, што ў тэлефоннай размове з Трампам яны пагадзіліся ўзмацніць ціск на Паўночную Карэю.
Кітай папярэдзіў, што напружанасьць на Карэйскім паўвостраве дасягнула «пераломнага моманту», але адзначыў, што Вашынгтон і Сеул часткова вінаватыя ў гэтым з прычыны сваіх ваенных вучэньняў, якія аказваюць ціск на КНДР.