Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп тыдзень таму: «Паўночнакарэйскі лідэр пачынае нас паважаць». Сёньня: «Магчымыя ўсе варыянты»


Пасьля запуску ракеты КНДР прэзыдэнт ЗША пагутарыў з прэм’ер-міністрам Японіі аб росьце пагрозе з боку Пхэньяну.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў пасьля чарговага ракетнага запуску ў КНДР, што «магчымыя ўсе варыянты».

Паўночная Карэя «прадэманстравала грэбаваньне сваімі суседзямі, усімі членамі ААН і мінімальнымі стандартамі прымальных міжнародных паводзінаў, — гаворыцца ў заяве Трампа, якую апублікавала прэс-служба Белага дому. — Пагрозы і дэстабілізуючыя дзеяньні толькі ўзмацняюць ізаляцыю паўночнакарэйскага рэжыму ў рэгіёне і сярод усіх краінаў сьвету. Магчымыя ўсе варыянты».

Паўночная Карэя прадэманстравала грэбаваньне мінімальнымі стандартамі прымальных міжнародных паводзінаў.

Ракета, запушчаная КНДР у аўторак раніцай, праляцела над тэрыторыяй Японіі, прыкладна празь 10 хвілінаў пасьля запуску падзялілася на тры часткі і ўпала ў Ціхі акіян, на ўсход ад вострава Хакайда, паведамляе ўрад Японіі.

Прэзыдэнт ЗША Трамп пасьля запуску пагутарыў па тэлефоне з кіраўніком японскага ўраду Сіндзо Абэ, адзначыўшы, што КНДР уяўляе «сур’ёзную і ўзрастаючую непасрэдную пагрозу» для абедзьвюх краінаў.

Запуск ракеты паклаў канец месячнаму перапынку ў ракетных выпрабаваньнях КНДР, які амэрыканскія ўлады трактавалі як «праяву стрыманасьці». Прэзыдэнт ЗША ў сувязі з гэтым на мінулым тыдні заявіў, што паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын «пачынае нас паважаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG