Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белмытнясэрвіс» адрынае абвінавачваньні ў кантрабандзе санкцыйных прадуктаў у Расею


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

РУП «Белмытнясэрвіс» сьцьвярджае, што ажыцьцяўленьне паставак у Расею ішло толькі ў адпаведнасьці з мытным заканадаўствам. Пры ўвозе на тэрыторыю Расеі тавар праходзіў праверку на стацыянарных пастах Рассельгаснагляду, таму санкцыйныя харчы трапіць у РФ не маглі.

Фэдэральная служба Расеі 28 жніўня абвінаваціла 29 расейскіх кампаній, якія займаюцца продажам санкцыйных прадуктаў.

Пад падазрэньне трапілі фірмы, якія мелі кантракты зь беларускімі пастаўшчыкамі — РУП «Белмытнясэрвіс», ТАА «Газ Венчурэ», ТАА «Глобалкастом».

30 жніўня «Белмытнясэрвіс» апублікаваў прэс-рэліз, у якім сьцьвярджае, што кампанія «ня ўдзельнічае ў нелегальных пастаўках у Расейскую Фэдэрацыю тавараў санкцыйнай групы».

«Белмытнясэрвіс» пацьвярджае, што ў 2017 годзе з краінаў Афрыкі, Азіі і Паўднёвай Амэрыкі ажыцьцяўляўся ўвоз і афармленьне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь плодаагародніннай прадукцыі. Але пастаўкі ішлі толькі той прадукцыі, у дачыненьні да якой Расейскай Фэдэрацыяй санкцыі не ўводзіліся.

«Якія могуць быць пытаньні праз паўгода?»

Прадстаўніца прэсавай службы Дзяржаўнага мытнага камітэту патлумачыла Свабодзе:

«Ёсьць такое паняцьце, як паўторная сэртыфікацыя. Тое, што накіроўваецца ў Расейскую Фэдэрацыю, у стацыянарных пунктах Рассельгаснагляду праходзіць праверку. То бок прад’яўляюцца дакумэнты, у якіх зьмяшчаецца інфармацыя пра краіну паходжаньня тавару, ягоныя характарыстыкі. Рассельгаснагляд мае магчымасьць усю інфармацыю пераправерыць. І ў законнае абарачэньне на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі гэты тавар паступае толькі пасьля паўторнай сэртыфікацыі ўпаўнаваджанымі органамі РФ. І ў РУП «Белмытнясэрвіс» ёсьць копіі гэтых дакумэнтаў ад расейскіх партнэраў, зь якімі яны працуюць. Копіі гэтыя пацьвярджаюць, што паўторная сэртыфікацыя на тэрыторыі Расеі прайшла. Дык якія могуць быць пытаньні праз паўгода, што ім штосьці пастаўлялася санкцыйнае?»

Пастаянныя абвінавачваньні з боку Расеі

Паводле Фэдэральнай мытнай службы Расеі, з пачатку 2015 году 29 кампаній, якія трапілі ў «чорны сьпіс», перавялі тром беларускім контрагентам толькі за садавіну і гародніну агулам 125,7 мільёна даляраў. Цяпер ім пагражаюць адміністрацыйныя справы і новыя абмежаваньні.

За першыя пяць месяцаў 2017 году ў Беларусь было ўвезена 975,24 тысячы тон прадукцыі, якую Расея адносіць да санкцыйнай. Большая частка з гэтага аб’ёму (835,22 тысячы тон) была ўвезеная з «забароненых» краінаў. Прычым на адрас «Белмытнясэрвісу» было ўвезена 93,88 тысячы тон санкцыйных тавараў.

Абвінавачаньні ў адрас Беларусі з боку Расеі гучаць пастаянна, афіцыйны Менск называе іх неабгрунтаванымі.

Ня першы скандал «Белмытнясэрвісу»

Што да «Белмытнясэрвісу», то ў СМІ часьцяком зьяўляецца інфармацыя пра тое, што кампанія ўводзіць у зман расейцаў. Напрыклад, паведамлялася, што ў 2014 годзе фірма спрабавала ўвезьці ў Расею галяндзкую салату пад выглядам ізраільскай.

На пачатку 2016 году адбыўся скандал з пастаўкамі польскіх яблыкаў у Расею, якія «Белмытнясэрвіс» «ператвараў» у малдаўскія. Свабода правяла тады сваё расьсьледаваньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG