Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі паведамілі пра выкрыцьцё сеткі пастаўшчыкоў санкцыйнай прадукцыі зь Беларусі


Расейскі бок паведаміў пра раскрыцьцё сеткі зь некалькіх дзясяткаў пастаўшчыкоў санкцыйнай прадукцыі празь Беларусь.

Фэдэральная мытная служба Расеі склала сьпіс з 29 расейскіх кампаній, якія займаюцца продажам санкцыйных харчоў. Паводле РБК, вялікая частка гэтых кампаний была зарэгістраваная ў пэрыяд з 2014 году, а их заснавальнікі — пераважна грамадзяне Беларусі.

Гэтыя кампаніі займаюцца пераважна пастаўкай прадуктаў харчаваньня. Амаль усе маюць сэртыфікаты на ўвоз плодагародніннай прадукцыі, морапрадуктаў і іншых харчоў.

Найперш пад падазрэньне трапілі кампаніі, якія мелі кантракты зь беларускімі пастаўшчыкамі — рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам (РУП) «Белмытнясэрвіс», ТАА «Газ Венчуре» або ТАА «Глобалкастом», якія ў Беларусі спэцыялізуюцца на ўвозе прадукцыі, забароненай у Расеі.

«Белмытнясэрвіс» быў заснаваны Дзяржаўным мытным камітэтам Беларусі ў 1999 годзе. Кампаніі «Газ Венчуре» і «Глобалкастом» менш вядомыя, аднак яны ўжо траплялі ў расейскія зводкі парушальнікаў.

Расея палохае адміністрацыйнымі справамі і новымі абмежаваньнямі

Паводле Фэдэральнай мытнай службы Расеі, з пачатку 2015 году 29 кампаній, якія трапілі ў «чорны сьпіс», перавялі тром беларускім контрагентам толькі за садавіну і гародніну агулам 125,7 мільёна даляраў.

Цяпер ім пагражаюць адміністрацыйныя справы і новыя абмежаваньні.

У ліпені ФМС перадала інфармацыю пра кампаніі-парушальніцы ў шэраг расейскіх ведамстваў, у тым ліку ў Цэнтральны банк. Цяпер расейская мытня будзе перадаваць у ЦБ зьвесткі пра сумнеўныя апэрацыі. А Цэнтрабанк, у сваю чаргу, адмовіць у пералічэньні грошай ад расейскіх кампаній беларускім контрагентам.

Паводле расейскага боку, калі гэта ня спыніць пастаўкі санкцыйнай прадукцыі, то значна ўскладніць узаемаразьлікі паміж парушальнікамі.

Таксама Росакрэдытацыя можа забараніць прадпрыемствам-парушальнікам пастаўкі пэўнай прадукцыі. У ведамстве рыхтуюць шэраг новых захадаў, каб зьменшыць аб’ёмы паставак нелегальных харчоў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Рассельгаснагляд: бальшыня забароненых тавараў — зь Беларусі

Паводле Фэдэральнай мытнай службы Расеі, за першыя пяць месяцаў 2017 году ў Беларусь было ўвезена 975,24 тысячы тон прадукцыі, якую Расея адносіць да санкцыйнай. Большая частка з гэтага аб’ёму (835,22 тысячы тон) была ўвезеная з «забароненых» краін. Прычым на адрас «Белмытнясэрвісу» было ўвезена 93,88 тысячы тон санкцыйных тавараў. Паводле расейскага боку, усяго за пяць месяцаў 2017 году зь Беларусі ў Расею было ўвезена 1,2 мільёна тон тавараў, на якія распаўсюджваюцца санкцыі. Гэта больш, чым у папярэднія гады.

Паводле Рассельгаснагляду, са жніўня 2015 году, калі на тэрыторыі Расеі пачалі зьнішчаць санкцыйныя прадукты , і да канца ліпеня 2017 году было затрымана звыш 16,5 тысячы тон кантрабандных садавіны і гародніны і больш за 600 тон мяса і сыру. Колькі забароненых тавараў пасьпяхова перасекла расейскую мяжу, невядома. Але расейскія кантрольныя органы сьцьвярджаюць, што большая іх частка паступае зь Беларусі.

У Рассельгаснаглядзе кажуць, што беларускі бок не жадае дамаўляцца пра ўвядзеньне новых захадаў дзеля скарачэньня нелегальных паставак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG