Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вайна пачалася?» Расейскіх «запасьнікоў» масава выклікаюць на вайсковыя зборы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Як паведамляюць расейскія СМІ, жыхары рэгіёнаў Расеі, якія знаходзяцца ў запасе, у масавым парадку атрымліваюць позвы на вайсковыя зборы ў рамках вучэньняў «Захад-2017».

У прыватнасьці, газэта «Калининград.Ru» са спасылкай на сваіх чытачоў піша, што на зборы неабходна ўзяць пашпарт, вайсковы білет і туалетныя рэчы. Таксама трэба аформіць даверанасьць на атрыманьне заробку ў выпадку, калі яго будуць выплачваць у пэрыяд іх адсутнасьці.

Як паведамляе выданьне, кантрактнікаў абавязалі наведаць усіх жыхароў рэгіёну, якія знаходзяцца ў запасе, і ўручыць позвы. У выпадку немагчымасьці дакумэнты кідаюць у паштовыя скрыні. Некаторых запрашалі на зборы па тэлефоне.

Вучэньні «Захад-2017» у сярэдзіне верасьня таксама пройдуць і ў Калінінградзкай вобласьці.

А рэгіянальны выпуск «Московского комсомольца» ў Пскоўскай вобласьці расказвае пра жыхара гораду Аляксея Калабашкіна. Той на афіцыйным сайце губэрнатара Андрэя Турчака пацікавіўся, на якой падставе яго ды іншых шматдзетных бацькоў выклікалі на вайсковыя зборы? «Вайна пачалася?», — запытаў жыхар гораду прадстаўнікоў адміністрацыі.

І атрымаў адказ, што трэба своечасова паведамляць у ваенкамат пра павелічэньне сям’і, тады такіх непаразуменьняў ня будзе.

Як заявіў 29 жніўня на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве намесьнік міністра абароны Расеі Аляксандр Фамін, вучэньні «Захад-2017» «чыста абарончыя» і не ўяўляюць пагрозы суседзям Расеі, Захаду ці саюзу NATO.

Фамін сказаў, што ў вучэньнях будзе ўдзельнічаць каля 12 700 вайскоўцаў: прыкладна 7 200 зь Беларусі і 5 500 з Расеі. Расейцаў на беларускай тэрыторыі будзе знаходзіцца каля 3 000.

«Захад-2017»: усё пра беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG