14–20 верасьня ў Беларусі пройдуць сумесныя беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні «Захад 2017». Расейскія вайскоўцы пачалі прыбываць у Беларусь загадзя, у сацыяльных сетках нават узьніклі адмысловыя хэштэгі, пад якімі відавочцаў заклікаюць выкладваць фота і відэаздымкі з вайскоўцамі і вайсковай тэхнікай.
Інтэрнэт-карыстальнікі паведамляюць пра вайскоўцаў у расейскай форме на чыгуначным вакзале ў Барысаве, расейскія зьнішчальнікі над Лідай, чыгуначны састаў з вайсковай тэхнікай на станцыі Гудагай. Пра адпрацоўку пасадкі вайсковых самалётаў на трасу Менск — Магілёў паведаміла інфармацыйнае агенцтва БелТА, пра інжынэрныя вучэньні беларускіх і расейскіх вайскоўцаў каля Рамашкава ў Віцебскай вобласьці — «Беларуская вайсковая газэта». 26 жніўня зьявілася інфармацыя пра чыгуначны эшалён з вайсковай тэхнікай на станцыі Вярэйцы пад Асіповічамі.
Агулам у вучэньнях «Захад 2017» возьмуць удзел больш за 10 тысяч вайскоўцаў, а таксама 70 самалётаў і верталётаў, 680 адзінак тэхнікі. Афіцыйна паведамляецца, што ў Беларусь прыедзе з Расеі каля 3000 вайскоўцаў.